Конкурс «Мяцеліца»: 7 гадзін танцаў (фота, відэа)

Беларусы вынайшлі брэйк-данс задоўга да амерыканцаў. Пераканацца ў гэтым можна было, наведаўшы Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаханэса Рау 12 сакавіка: тут прайшоў конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў «Мяцеліца».

2017_03_12_mjacelica_a._ljaszkevicz_img_1717_logo.jpg

Танцоры пазмагаліся ў парным і сольным выкананні. Удзельнікаў падзялілі на 3 узроставыя катэгорыі: ад 15 да 20 гадоў, старэй за 50 і асноўную — ад 21 да 50. Часам здавалася, што калі б выступалі ўсе разам, то старэйшыя маглі б ператаньчыць моладзь дзякуючы стрыманасці і пэўнай эрганамічнасці рухаў: на вясковых вечарынках трэба было скакаць увесь вечар і не стамляцца. Вечарынкі з традыцыйнымі танцамі ладзіліся ў беларускіх вёсках яшчэ ў 1960-х гадах, а то і пазней.

2017_03_12_mjacelica_a._ljaszkevicz_img_2009_logo.jpg

Аўтарам ідэі “Мяцеліцы”, што прайшла ў Мінску трэцім разам, выступіў этнахарэограф Мікола Аляксеевіч Козенка. Сёлета конкурс доўжыўся 7 гадзін. “Мяцеліца” грунтуецца на прынцыпах, распрацаваных для фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які праходзіць раз на два гады ў чэрвені ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці.

2017_03_12_mjacelica_a._ljaszkevicz_img_1559_logo.jpg



У “Мяцеліцы” ўдзельнічала шмат маладых людзей, на выгляд вельмі сучасных. Нехта займаецца ў гуртках пры ўстановах культуры, нехта вучыўся таньчыць на імпрэзах, арганізаваных аматарамі фальклорнага руху ў розных гарадах Беларусі. Агулам танцавальных пар было больш за 70: з Магілёўскай, Гомельскай, Віцебскай абласцей і з Мінска.

Сваё майстэрства дэманстравала журы адначасова па тры-чатыры пары, і кожная выконвала свой варыянт абвешчанага танца, характэрны для іх мясцовасці (мінчукі маглі абраць любы). Кожная пара павінна была вывучыць 9 танцаў. Акрамя таго, трэба было паказаць уменне “адчуваць” іншыя пары, не замінаць ім: напрыклад, у адных магла быць пракрутка, у другіх праходка, а ў трэціх гэтым часам — прытуп на месцы.

2017_03_12_mjacelica_a._ljaszkevicz_img_1964_logo.jpg

Звычайна ў межах адной вёскі кожны парны танец меў адзін варыянт, які выконвалі адначасова ўсе пары. Уладзімір Аляксандравіч Ціханоўскі, што разам з Вольгай Мацвееўнай Шчарбачэняй заняў другое месца ў старэйшай катэгорыі танцораў, распавёў, як таньчылі ў яго роднай вёсцы Дубейкава на Мсціслаўшчыне (цяпер Уладзімір Аляксандравіч выступаў за Любанскі раён, дзе жыве апошнія гады). На танцавальнай вечарынцы абіралі хлопца, які быў за камандзіра. Што цікава, яго звалі “маткай”. Матка браў адмыслова ўпрыгожаны кій, якім адбіваў рытм. Усе танцоры павінны былі падладжвацца пад рытм і трымаць роўнае кола. Такім чынам атрымлівалася нешта кшталту калектыўнага трансу. Калі нехта збіваўся, Матка раўняў кола, круцячы кіем на ўзроўні падлогі.

Але акрамя танцаў з пэўным малюнкам былі танцы імправізацыйныя, як, напрыклад, “Барыня” (другая назва “Рускага”), якую маглі выконваць і ў пары, і сольна. Былі шматлікія полькі, ледзь не ў кожнай вёсцы на ўласную мелодыю. Польку танцоры маглі складаць як канструктар з шэрагу танцавальных элементаў, што бытавалі ў іх мясцовасці.

На “Мяцеліцы” танцоры-салісты падзяліліся: дзяўчаты выконвалі танец “Мікіта” на крыжавіне, а хлопцы — танец “Жабка”. Таго ж “Мікіту” можна таньчыць і парамі. Галоўнае — не зварухнуць кійкі. Замест кіёў некаторыя ўдзельніцы прывезлі качаргу і вілкі.

“Жабка” — гэта сапраўдны вясковы брэйк-данс (нават некаторыя рухі супадаюць), толькі мясцовага і больш старажытнага паходжання. Танцоры імітуюць рухі жабы, пабачаныя ў прыродным асяродку. Ва ўсіх сольных танцах асноўнай мэтай выканаўцаў было паказаць свае здольнасці, здароўе, вытрымку. Часта такія танцы выконвалі на вяселлі, мабыць, адной з іх магічных функцый было стымуляванне плоднасці.

2017_03_12_mjacelica_a._ljaszkevicz_img_1407_logo.jpg
2017_03_12_mjacelica_a._ljaszkevicz_img_2117_logo.jpg

Амаль ва ўсіх катэгорыях першыя месцы “разабралі” не-мінчукі: Ксенія Артамонава і Аляксандр Говар з Капаткевічаў, Марына Пархімовіч і Сяргей Выскварка з Любані, Ганна Іванаўна Атрошчанка і Мікалай Іванавіч Бурлій з Хойнікаў. Праўда, сярод пераможцаў у намінацыі сольных танцаў мінчукі трапляюцца: Ксенія Грыўнак з Універсітэта культуры і Сяргей Смірноў з СШ №159. Педагог Сяргея, Вераніка Анцілеўская, таксама ўдзельнічала ў конкурсе.



У перапынках таньчылі ўсе разам — удзельнікі, гледачы і нават журы. Танцамі для ўсіх прысутных конкурс і завяршыўся.