Куды завітаць на выходныя?
Свой нерэгулярны агляд падзей у выставачным жыцці сталіцы пачнем са сцвярджэння: тыдзень прайшоў пад знакам плаката і сям’і Аракчэевых.
Ужо ў пятніцу, 20 красавіка, у ноч бібліятэк, кнігачытальнікаў
можа зацікавіць выключна важная экспазіцыя ў Нацыянальнай бібліятэцы (пр-т Незалежнасці, 116), прысвечаная
85-годдзю Вялікага тэатра (юбілей наступіць 25 мая).
Экспазіцыя “З тых даўніх дзён да сённяшняга часу”
“З тых даўніх дзён да сённяшняга часу” — у галерэі “Лабірынт” бібліятэкі прадстаўлена блізка 100 афіш, што адлюстроўваюць гісторыю, канцэртную, фестывальную і гастрольную дзейнасць нашых спевакоў і танцораў. Ёсць эксклюзівы — тэатральныя афішы яшчэ канца ХІХ стагоддзя, праўда, ужо не Вялікага тэатра.
А ў галерэі Савіцкага (пл. Свабоды, 15) 18 красавіка распачаўся паказ балгарскага плаката — “Вачыма плаката: мастацтва Балкан”. Балгарскі плакат саступае еўрапейскаму лідару, польскаму, але таксама цікавы. І выстаўлены пераважна тэатральныя артэфакты. Спяшайцеся! Выстава працуе толькі па 22 красавіка.
Адначасова ў галерэі Савіцкага можна паспець яшчэ на 2 экспазіцыі — Нікаса Сафронава і Браніслава Пілсудскага (этнографа-збіральніка Татраўскага музея ў Закапанэ, брата лідара польскага народа Юзафа Пілсудскага).
Перамясціўшыся на Кастрычніцкую плошчу, патрапім у Галерэі “Універсітэт культуры” на зладжаную вядомым экспазіцыянерам Ларысай Фінкельштэйн вытанчана-эстэтычную экспазіцыю “Форма часу”, якая працуе апошнія дні.
Ларыса Фінкельштэйн некалькі гадоў запар прапагандуе незвычайную форму — аб’ёмны тэкстыль, часцей у спалучэнні з экспанатамі скульптуры з металу. Аб’ёмны тэкстыль — гэта калі габелен ці іншы тканы выраб “адрываецца” ад сцяны і пачынае жыць скульптурным жыццём.
Такое мастацтва не практычнае, не утылітарнае, але назіраць, як яно арганізоўвае прастору і выяўляе свае фактурныя якасці — адно задавальненне. Як схадзіць на добры канцэрт.
Пра канцэрт якраз і дададзім: з выставы можна накіравацца ў касцёл св. Роха на Залатой горцы і бясплатна паслухаць арганную музыку ў выкананні Юліі Тамінен (Фінляндыя) і ансамбля “Бон Ваяж” — музыку кампазітараў краін Балтыі і Скандынавіі (22 красавіка, 20.00–22.00).
Музыкай вас сустрэне і Нацыянальны мастацкі музей (Леніна, 20). 21 і 22 красавіка у 17.30 там адбудзецца Танцавальны перфоманс "Жывапіс. Рух. Танец", прымеркаваны да экспанавання палотнаў Айвазоўскага і іншых марыністаў — абяцаюць увасобіць дух і рух мора-акіяна. Уваход — па квітку ў музей.
А ў арткафэ на першым паверсе праходзіць захапляльны паказ этнафотаздымкаў (з экспедыцый) і народных строяў, арганізаваны фатографамі Міхасём і Кацярынай Аракчэевымі “Людзі адной зямлі”. Побач — народныя касцюмы з філіяла Музея ў Раўбічах.
І яшчэ адна “аракчэеўская” імпрэза пачалася 19 красавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4). Аксана Аракчэва, родная цётка згаданага вышэй фатографа Міхася Аракчэева, выставіла работы свайго бацькі, ужо даўно прызнанага класіка беларускага рэалістычнага жывапісу, і свае ілюстрацыі да твораў Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Ліпскага, а таксама да новай кніжкі Марыны Шупо. Выстава называецца “Я тут бачу свой край”.
Прыемных выходных!
Фота аўтара