Купалаўскія чытанні прайшлі на радзіме Цёткі

Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, адбыліся на Гродзеншчыне. Арганізатарам чытанняў ужо ў дзявяты раз з’яўляюцца выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. (На магіле Цёткі ў Старым Двары)



Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, адбыліся на Гродзеншчыне. Арганізатарам чытанняў ужо ў дзявяты раз з’яўляюцца выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.

(На магіле Цёткі ў Старым Двары)


На гэты раз чытанні адбыліся не толькі ў аўдыторыях універсітэта, але і ў Шчучынскім раёне. На пленарным пасяджэнні ўдзельнікаў іх удзельнікаў  віталі кіраўніцтва ўніверсітэта ў асобе прарэктара па навуковай рабоце і інавацыях Генадзя Хацкевіча, дэкана філалагічнага універсітэта Іны Лісоўскай, загадчыка кафедры беларускай літаратуры Дзмітрыя Лебядзевіча. Цэнтр творчасці Гродзенскага універсітэта выступіў з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Песню зямля ўскалыхала па творах народнага песняра.
Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі выехалі ў Шчучынскі раён, дзе яны ў вёсцы Стары Двор наведалі магілу вялікай беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч ( Цёткі) і ўсклалі на яе магілу кветкі.

Прафесар Аляксей Пяткевіч

Пятро Васючэнка


Працяг Купалаўскіх чытанняў адбыўся ў сярэдняй школе імя Цёткі гарадскога пасёлка Астрына з наведвання школьнага музея Цёткі.  У дакладах навукоўцаў з Гродна, Брэста, Мінска, Мазыра, Магілёва, Слоніма, Баранавіч ішла гутарка пра Янку Купалу і актуальныя праблемы мовазнаўства, пра купалазнаўства ў вышэйшай і сярэдняй школе, пра сучасную навуку ў гонар нашага песняра. У прыватнасці, прафесар Іван Лепешаў з Гродна арыгінальна і захапляюча распавёў пра функцыянальна-стылістычнае выкарыстанне фразелагізмаў у п’есе Янкі Купалы “Тутэйшыя, кандыдат навук Пятро Васючэнка з Мінска — пра жыццёстваральную місію песняра, прафесар Аляксей Пяткевіч з Гродна — пра матывы лірыкі Янкі Купалы, кандыдат навук Генадзь Праневіч з Брэста спыніўся на прыродзе і чынніках мастацкага феномену Купалы, кандыдат навук з Мазыра Тамара Нуждзіна – аб уплыве Купалы на творчы лёс Ніла Гілевіча.

Удзельнікі Рэспубліканскіх Купалаўскіх чытанняў каля помніка Цёткі ў г.п. Астрына Шчучынскага раёна

Сцэна


Разам з вопытнымі даследчыкамі жыцця і творчасці Янкі Купалы, на суд слухачоў свае навуковыя працы вынеслі таксама настаўнікі, аспіранты, студэнты вышэйшых навучальных устаноў краіны, прадэманстраваўшы шырокі дыяпазон новых тэндэнцый у купалазнаўстве -- антрапанімія ў творчасці Янкі Купалы, субстантыўная фразеалогія ў творах песняра, выкарыстанне тэхналогій французскай педмайстэрні пры вывучэнні лірыкі Янкі Купалы, спецыфіка выкарыстання новых форм урокаў пры вывучэнні творчасці Янкі Купалы ў школе, Янка Купала ў сучаснай інфармацыйнай прасторы.
Другі дзень Купалаўскіх чытанняў адбыўся ў Гродне. Ён пачаўся памінальнай службай “Вечны спакой дай ім… Івану Луцэвічу і Алаізе Пашкевіч у касцёле Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштара брыгітак. І завяршыўся “круглым сталом “Спадчына Янкі Купалы і славянскія літаратурныя традыцыі.
Упершыню плануецца выданне асобнай кнігай усіх дакладаў 9-х Рэспубліканскіх Купалаўскіх чытанняў.