Кветкі Шэрыл (якія колеры варта насіць у Амерыцы)
“Я нарадзіўся ў Дэ-Мойне. Нехта мусіў там нарадзіцца, — піша Біл Брайсан у пачатку сваёй падарожнай кнігі “Страчаны кантынент: па гарадках
Амерыкі, адпраўны пункт якой — горад яго дзяцінства, сталіца штату Аява. Прыкладна гэтак жа праводзілі мяне ў Аяву сябры, абазнаныя ў амерыканскай спецыфіцы: “Ну так, не
ўсё беларусу Нью-Ёрк. Калі справа даходзіць да ЗША, нехта мусіць ехаць і туды. Гэтак Аява стала маёй малой Амерыкай.
“Я нарадзіўся ў Дэ-Мойне. Нехта мусіў там нарадзіцца, — піша Біл Брайсан у пачатку сваёй падарожнай кнігі “Страчаны кантынент: па гарадках
Амерыкі, адпраўны пункт якой — горад яго дзяцінства, сталіца штату Аява. Прыкладна гэтак жа праводзілі мяне ў Аяву сябры, абазнаныя ў амерыканскай спецыфіцы: “Ну так, не
ўсё беларусу Нью-Ёрк. Калі справа даходзіць да ЗША, нехта мусіць ехаць і туды. Гэтак Аява стала маёй малой Амерыкай.
“Тое, што здарылася ў кукурузе, застаецца ў кукурузе
Мідвэст — Сярэдні Захад ЗША — пачынаецца ўжо ў самалёце, які вылятае з Чыкага або Мінеапалісу, калі разгортваеш часопіс паветранай крамы “Sky Mall і бачыш сярод
тавараў гумовыя каўбойскія боты з ярка-ружовымі расліннымі ўзорамі. Гаворка не пра сам тавар, тэматычна звязаны з колішнімі прэрыямі, што прасціраюцца пад табою, спрэс засеяныя сояй і кукурузай,
ператвораныя ў выпасы. Гаворка пра чалавека, на якога ён разлічаны. На старонцы справа — прыбор для шпіянажу за 60 долараў. На старонцы злева — прыбор для выкрыцця прыбораў шпіянажу
за 90 долараў. Жыхары Мідвэсту — людзі адкрытыя, зычлівыя, дабрадушныя. “Тое, што здарылася ў кукурузе, застаецца ў кукурузе, — абвяшчаюць сувенірныя майкі ў
маленькім аэрапорце, які абслугоўвае адразу некалькі маленькіх гарадкоў навокал. З паліцаў на цябе прывітальна шчэрацца цацачныя пачаткі кукурузы і вясёлыя каровы.
Калі ваш сябар паходзіць з Аявы, то ён, верагодней за ўсё, этнічны немец. І ўсе яго продкі па абодвух лініях таксама этнічныя немцы. Магчыма, у яго крыві будзе які драбок галандскай ці шведскай. Аява
— белы штат блакітнавокіх бландзінаў, і ладная частка яго жыхароў не бачыць нічога кепскага ў тым, каб гэтым ганарыцца. Іх продкі ў ХVІІ стагоддзі былі першапраходцамі Аявы, якія выцеснілі з
гэтых земляў карэннае насельніцтва. Сёння кожны трыццаты аяванец — уладальнік фермы. На аяванскіх Дажынках — кірмашах з нагоды збору ўраджаю, пясочніцы на імправізаваных дзіцячых
пляцоўках насыпаныя кукурузай. Дзеткі зграбаюць шумнае залатое зерне рыдлёвачкамі ў вядзерцы і кузавы цацачных грузавічкоў. Афіцыйныя колеры Аявы — чорны і залаціста-жоўты. Чарназём і
кукурузнае зерне.
Штат Аява — самы кансерватыўны з усіх пяцідзесяці. Прынамсі, так кажуць амерыканскія інтэлектуалы. Дзеянні фільму “Гарбатая гара адбываюцца ў Ваёмінгу хіба таму, што ў
Аяве амаль няма гор. На мапе Аява — спод моднай квадратнай формы, вышчарблены з двух бакоў: з захаду штат абцякае Місуры, з усходу — Місісіпі. На высокім беразе Місісіпі з боку Аявы
вучоныя знайшлі курганы індзейцаў, насыпаныя ў форме ястрабаў, аленяў, мядзведзяў. “Хто пабудаваў гэтыя курганы? Куды зніклі гэтыя людзі? Пытанні без адказу, — кажа добра
пастаўленым галівудскім голасам дыктар у адукацыйным фільме запаведніка “Эфіджы маўндз. Мясцовыя жыхары сумленна лезуць на місісіпанскую кручу, каб пахадзіць вакол таямнічых
курганаў. “О, я не магу дачакацца, каб пабачыць гэту чароўную прыгажосць восеньскага лесу! — саркастычна ўскрыквае дзесяцігадовая дзяўчынка, яўна перадражніваючы бацькоў.
“Не можаш? Я магу! — адказвае яе пяцігадовая сястра, якая яшчэ не ведае, што такое іронія.
Але, як пішуць спераду на жаночых майках і ззаду на жаночых нагавіцах, таксама прадаваных у мясцовых аэрапортах, “Не ўсё так плоска ў Аяве.
“Не ўсё так плоска ў Аяве
Аява-Сіці — былая сталіца штату. Кукурузны Нью-Ёрк супраць афіцыйнага адміністратыўнага цэнтру — Дэ-Мойну. Апошнія сувеніры, якія намякаюць на каровіна-кукурузную тэматыку,
застаюцца на запраўках па-за межамі гораду — поруч з пакуначкамі цукерак “Свінячыя какашкі. Аява-Сіці — горад-універсітэт, горад навукі і мастацтва. Жывучы ў
Аяве, пачуваешся нібы ўнутры вядзьмарскага кола, акрэсленага нейкім добрым абаронцам расавых ды сэксуальных меншасцяў, маладых паэтаў, асацыяльных мастакоў і іншай падобнай публікі. Штат Аява
— адзін з самых кансерватыўных у ЗША і, магчыма, таму горад Аява-Сіці — адзін з самых ліберальных гарадоў Амерыкі. Здаецца, менавіта дзякуючы свайму ўніверсітэту штат Аява стаў
адным з трох у Амерыцы, дзе — раней за Каліфорнію — дазволілі аднаполыя шлюбы.
Універсітэт Аявы быў адчынены ў 1847 годзе і ганарыцца тым, што стаў першым у ЗША, які пачаў прымаць на вучобу жанчын. Сёння ўніверсітэт ганарыцца іншым дасягненнем: 9% студэнтаў —
“нацыянальныя меншасці. Што азначае найперш чорнае насельніцтва. Пры адносна невялікай колькасці афраамерыканцаў у рэгіёне гэта сапраўды вялікі працэнт. Для меншасцяў у ВНУ Амерыкі
працуе своеасаблівы “сельскі бал. Звязаны ён, канешне, не з месцам жыхарства, а з прыбыткам сям’і студэнта.
Універсітэт Аявы мае статус універсітэта штату. Гэта значыць, дзеці жыхароў штату плацяць толькі чвэрць сумы за навучанне тут. Напрыклад, вучоба на самым дарагім (юрыдычным) факультэце абыдзецца
студэнту крыху больш за 6 тысяч долараў на год. Таму, калі Гарвард табе ўсё адно не свеціць, разумней паступіць сюды, каб атрымаць якасную адукацыю за невялікія грошы. У горадзе 60 тысяч жыхароў, 30
тысяч з якіх — студэнты. Абсалютная іх большасць — дзеці фермераў.
Цэнтр Аява-Сіці на абодвух берагах ракі Аява амаль на 100 працэнтаў заняты кампусам — будынкамі ўніверсітэту, студэнцкімі інтэрнатамі, бібліятэкамі, лабараторыямі. У абслузе кампуса
— кропках харчавання, паркоўках, транспарце, бібліятэках — працуюць, зразумела, студэнты. Такім чынам, заплачаныя імі ці іх бацькамі грошы за вучобу, з якіх ідуць адлічэнні на
інфраструктуру, ператвараюцца ў іх кішэнныя грошы.
Адзіным кіраўніком СССР, які прыязджаў у ЗША з афіцыйным візітам, быў Мікіта Хрушчоў. Не будзе перабольшаннем сказаць, што гэтая паездка была афіцыйным візітам Хручшова ў штат Аява, у госці да
фермера Росуэла Гарста, яго амерыканскага сябра, які вучыў савецкіх аграномаў вырошчваць кукурузу.
Але пра гэту кранальную гісторыю сяброўства я даведваюся адно з вікіпедыі. У Аява-Сіці любяць расказваць пра іншых ганаровых гасцей штату. Напрыклад, пра Курта Вонегута, які выкладаў тут творчае
пісьмо ў 1960-х і ўвекавечыў пісьменніцкую праграму ўніверсітэта Аявы згадкамі ў рамане “Бойня №5. Пісьменніцкая праграма Аявы — адна з самых знакамітых і прэстыжных у
ЗША. Груба кажучы, калі ты намерыўся стаць сур’ёзным творцам, табе — у нашу кукурузу. На аяванскі літаратурны факультэт (аддзяленні прозы, паэзіі, эсэістыкі) з’язджаюцца
студэнты з усёй Амерыкі.
Такім чынам, у каго ні ткнеш пальцам на вуліцы, у краме або на лекцыі — трапіш у творцу. У аўтаматычных пральнях, чакаючы, пакуль высахне бялізна, тут чытаюць паэтычныя зборнікі. На панелі ў
кіроўцы гарадскога аўтобуса тут можа ляжаць трактат Імануіла Канта ў арыгінале. Нават піва ў любімым бары табе тут наліваюць маладыя пісьменнікі. Гэта ты ведаеш дакладна, бо ходзіш на іх літаратурныя
вечары. Нармальнае жыццё штату Аява, як ён ёсць, урываецца ў горад толькі на выходных — у дзень першакурсніка, калі ў госці да дзяцей масава заязджаюць бацькі, або падчас футбольных матчаў з
удзелам каманды “Iowa Hawks (“Ястрабы Аявы), якія адбываюцца на стадыёне “Кінік.
Калі табе пашчасціла дастаць білет на стадыён падчас матча, пацікаўся ў прадаўца, “чорны або “залаты табе трапіў сектар. І давядзецца апрануць куртку адпаведнага
колеру — якім бы геніяльным ты ні быў мастаком або літаратарам.
“Вырашчаныя тут
Каб ва ўсёй красе паназіраць змычку “гораду і “сяла, варта выправіцца суботнім ранкам на традыцыйны фермерскі кірмаш непадалёк ад цэнтру Аява-Сіці. У выпадку
дажджу гандлёвыя шэрагі разбіваюцца наўпрост на крытай паркоўцы, ад чаго сутыкненне аграрнага і ўрбаністычнага кідаецца ў вочы яшчэ болей. У выпадку сонца кірмаш абступае ратушу гэтага маленькага
кварталу — краму экалагічна чыстай ежы сеткі “Новы піянер. У краме таксама прадаюць патрыятычныя майкі — у квадратным абрысе штату значыцца: locally grown
— вырашчанае тут. Каб ежа лічылася па-сапраўднаму экалагічнай, яна павінна быць вырабленая непадалёк ад месца продажу, каб на яе дастаўку не трацілася шмат бензіну, які забруджвае
паветра.
Фермерскі кірмаш збіраецца па чацвяргах і суботах усю раннюю восень, да самага Хэлоўіна. Тут можна пакаштаваць хатнюю выпечку, набыць свежай садавіны па прымальным кошце, пагутарыць з людзьмі. Сюды ж
сцякаюцца і рукадзельніцы з усёй ваколіцы.
Фермерскі дызайн немудрагелісты, шклярусна-пёркавы, на кожным латку абавязкова знойдзецца выраб у чорна-жоўтых тонах. Спалучэнне не самае ювелірнае, затое дарагое сэрцу ўсіх навокал.
Шэрыл сядзіць, як у фатэлі, у адкрытым багажніку сваёй машыны і вяжа. Яна прадае шапачкі, брошкі і іншыя падзелкі ўласнай вытворчасці. “Я вяжу, каб не паўнець болей. Калі я не трымаю ў руках
гаплік, я ем, — шырока пасміхаецца яна, сягаючы куткамі вуснаў капюшона сваёй спартовай байкі. Шэрыл каля пяцідзесяці, яна жонка фермера, іх гаспадарка ў 20 кіламетрах ад
Аява-Сіці.
Шэрыл вяжа кветачкі, шапачкі і робіць аплікацыі на дзіцячых сліняўчыках. Ніткі і тканіну для сваіх працаў яна здабывае, распорваючы старыя рэчы: “I recycle, — з гонарам
паведамляе яна. Перапрацоўваць старыя рэчы — такі ж трэнд апошняга часу, як адмаўляцца ад фаст-фуду. Перапрацоўваць старызну — другая новамодная манія амерыканцаў пасля арганічнай
ежы. Сліняўчыкі ў Шэрыл выходзяць вельмі прыгожыя.
Тут у Аяве, у дачыненні з яе “няпростымі жыхарамі — літаратарамі і аматарамі літаратуры і “простымі — фермерамі і іх сямейнікамі — я
збольшага і бавіла свой час у Амерыцы. Напачатку я была перакананая, што жыццё ў маленькім горадзе пасярод кукурузы — не тое, што будзе мне даспадобы. Але калі надышоў час развітвацца з
сонечнай Аявай, гэтае развітанне атрымалася нечакана слёзным. Я, зразумела, не была “вырашчаная тут, але за такі непрацяглы час неяк незаўважна да гэтага ўсяго прырасла. І, хоць
лістапад у Аяве выдаўся сонечным і цёплым, пакідаючы штат сваёй часовай прапіскі, я не ўтрымалася ад рытуалу. Я пакідала Амерыку ў цёплай жоўтай куртцы з прычэпленай на яе вязанай кветкай
Шэрыл.