Максім Жбанкоў: «Возера Радасці», дэнс у пустэчы (рэцэнзія)

Віктар Марціновіч — рэальны нацыянальны скарб. Яго ўвесь час хочацца больш. У нармальнай краіне такіх — элегантных поп-артыстаў з добрай адукацыяй, нязмушаных дэндзі ў пошуках авацыяў, іранічных цытатчыкаў на хвалі чарговага трэнду, здольных ператварыць Лакана ў комікс, а комікс у Лакана, — шмат. А ў нас адзін.

mzh_800x533.jpg


Падзея ў трох трэках Romantic Collection

Яны пішуць жаночыя раманы. Бо дзевачкі купляюць пра дзевачак. Бо ў гэтай краіне зашмат пацаноў, а мужыкоў не стае. Зрэшты, жаночы раман – не пра гендар. Ён ёсць натуральнай формай самаадчування аўтара ў краіне дырэктыўнага шчасця і млявай будучыні. Эпас памёр. Святло адключылі. Героі сышлі, засталіся папялушкі. Калі нельга разумна, хай будзе кранальна. Новы Марціновіч. “Возера Радасці”. Just another brick in the wall.

Віктар Марціновіч – рэальны нацыянальны скарб. Яго ўвесь час хочацца больш. У нармальнай краіне такіх – элегантных поп-артыстаў з добрай адукацыяй, нязмушаных дэндзі ў пошуках авацыяў, іранічных цытатчыкаў на хвалі чарговага трэнду, здольных ператварыць Лакана ў комікс, а комікс у Лакана, – шмат. А ў нас адзін. Таму Віктар працуе адразу за ўсіх: старанна выкрывае штораз новыя вымярэнні айчыннага шапіто. Ненапружна і зручна да карыстання. Нават калі гэтая раніца для Фета, а не для Дастаеўскага.

Little Girl Blue

Першае ўражанне: гэта не раман, а сцэнар. Бо акурат там не тлумачаць, а апісваюць, не абгрунтоўваюць, а раскладаюць на мізансцэны – звычайна ў цяперашнім часе: “Зміцер падыходзіць да раяля і спрабуе заграць “Сабачы вальс”. Вольга з болем назірае ягоныя спробы”. Аўтару відавочна нецікавыя псіхалагічныя матывацыі ды іншыя ментальныя траблы, ён ляціць па паверхні сканструяваных падзеяў і заняты перадусім эфектнай кампаноўкай кожнага асобнага кадра. Але характэрная для Марціновіча культура бачання перыядычна канфліктуе з трэшавым зместам ягонага паведамлення. Стартавы для “Возера” эпізод – з няшчаснай жонкай алігарха, брутальнай ягонай каханкай ды дзеткай з ледарубам – мог упрыгожыць любы бразільскі серыял. Ці нават лепш – лёгка паклаўся б у стылістыку японскіх анімэ, з тамтэйшай схільнасцю да натужнага меладраматызму, адкуль аднолькава блізка да трагедыі і софт-порна. Выбар галоўнай гераіні відавочны і ўзорны для лёгкага чытва: дзевачка-пакутніца, кветачка ў брудзе, постзмагарка, недалярва, квазікаханая, нібыта дачка як бы бацькі…

Так, гэта абсалютна цягне на аўтапародыю – дарэчы, стыль Марціновіча выдатна пасуе да імітацыяў, бо сам ёсць складанкай пазычанняў ды ўплываў, ад Набокава з Джойсам да Ўэльбэка з Ліпковічам. Але адначасова паўстае надзвычай цікавы – і ў пэўным сэнсе ўнікальны – эфект. Аўтар бульба-трэш-аповеду сам робіцца ягонай часткай і персанажам. Як там казаў Гюстаў Флабэр, “Мадам Бавары – гэта я”? Тады шматпакутнае дзяўчо Яніна Станіславаўна – безумоўна, Віктар Марціновіч. Гаротніца на скразняках агрэсіўнай стабільнасці.

 

Livin’ Next Door to Alice

Аўтар першым жа радком “Возера” спасылаецца на кэралаўскую Алісу, робячы сабе падвойнае алібі: маўляў, я тут гуляюся, мрою сабе паціху – а да таго ж гэта ўсяго толькі дзяўчынка ў атачэнні сваіх улюбёных глюкаў. Думаеце, у руках Чорная Каралева? Дык не, проста коцік. Разлічваеце на “сапраўдны” раман? Дык не, будзе калекцыя фрыкаў, лёгкае роўд-муві пад саўндтрэк з маёй хатняй калекцыі.

Аднак менавіта гэтая спасылка пазначае планку якасці, да якой Марціновіч відавочна не дацягвае. Менавіта таму, што ён не ўладар сітуацыі, а яе частка. Не рэжысёр. І нават не актор. Хутчэй глядач. Не гулец, а скрыптар. Позірк з залы – як бы прысутны, але з бяспечнай дыстанцыі.

Мастацтва трымаць позу ў начным асяродку каштоўнейшае за якасці, пра якія мелася б паведамляць сама поза.

На Льюіса Кэрала працавалі матэматычны розум, асабісты эксцэнтрызм, шалёная фантазія, любоў да малалетак і ўся традыцыя брытанскага нонсенсу. На Віктара Марціновіча – журналісцкі досвед і вострае вока, агульная начытанасць, далікатнасць і памяркоўнасць, калекцыя турысцкіх сэлфі ды практыкі выкладчыка-візіцёра. Тут як ні касі пад брытанскага парадаксаліста – усё адно прагучыш як Ільф і Пятроў.

Пазнавальны айчынны абсурд прэзентуецца ў фельетонным фармаце: серыя слайдаў, якія не складаюцца ў агульны пазл. Тым больш – у архітэктуру сюжэта (што, зрэшты, выглядае адметнай рысай раманаў Марціновіча). Аўтару відавочна бліжэйшая калекцыя памежных станаў свядомасці. Прыпынкі ў блуканнях бядачкі Ясі ніяк не звязаныя паміж сабой і маглі б адбыцца ў якой заўгодна паслядоўнасці – сапраўды, ці не ўсё роўна, адкуль дэпартавацца?

Кожны з кавалкаў тэксту, можа, і мае сваю прывабнасць, але разам яны гучаць надзіва манатонна. Лемуры-механізатары, праўладныя прайдзісветы, выпадковыя хлопчыкі і кепскія дзяўчынкі, Diesel, сервелат, што нагадвае ножку крэсла, Ніцшэ, дзяржТБ, Metallica, мапа поўні і майткі з карункамі… Ратацыя фактуры плюс адсутнасць зрухаў. Той самы твар, тая ж меланхолія. Бясконцае вяртанне. І так трыста дваццаць старонак.

Гэта не Канзас, Татошка. Нават не Dreamland.

 

Ticket To The Moon

Проза Марціновіча цёплая, як зялёная гарбата, і з прэтэнзіяй, як першакурсніца філфака. Чытаецца лёгка, засвойваецца хутка, не пакідае шкодных слядоў. У прынцыпе, ніякіх слядоў. Як нягеглы прынт пасля першага прання. Галоўны эфект тут – сама наяўнасць эфекту: аўтар зноў пазначыў сваю прысутнасць у меню айчыннага фаст-фуду.

Мушкецёр юрліва выгнуты, як скляпенне неба ва ўступе да “Сарочынскага кірмаша” Гогаля.

Аднак так было заўсёды. Галоўная прывабнасць тэкстаў Віктара – у тым, чаго там няма: маштабнай асобы аўтара, энергетыкі выказвання, глыбіні мыслення. Усе гэтыя олдскульныя крытэры тут не працуюць і нават замінаюць. Літаратар Марціновіч цікавы (і істотны) у якасці іконы найноўшага часу – генератара камфортнага чытва сярэдняга эшалону. Узорнага стваральніка беларускасці light.

Ён зручны, таму што зразумелы і прыстойны. Таму што не Чаргінец і не Бахарэвіч. Усё бачыць і нават іранізуе, але мякка і лагодна. Так, каб нікога не пакрыўдзіць. Да “Возера” варта прыходзіць па эмацыйны масаж: аўтар ласкава пройдзецца па папулярных болевых кропках і зробіць вам сумна і прыгожа.

У эфіопкі Лауры аблічча з тэракоты.

Узорная пасрэднасць – гэта не слязлівыя раманчыкі для хатніх гаспадынь. Не Батракова з Лісіцкай – ружовыя мроі пазамінулага сезону. Гэта якраз Марціновіч-стайл – кактэйль з дакладнай дазіроўкай лёгкай адукаванасці, меланхалічных назіранняў, ментальнай запаволеннасці і ненапружнага сацыяльнага крытыцызму. Зашмат Муракамі, трохі Сіда Барэта, Хайдэгер у дадатак.

Нататкі транзітных тутэйшых. Сентыментальны трып на поўню, якой няма.


* Курсівам пазначаныя цытаты з рамана Віктара Марціновіча “Возера Радасці”


budzma.by