Міхась Мірановіч: «Так ніхто не любіць працу, як не любім яе мы!»

Даўно хацеў набыць кніжку вершаў беларускага сатырыка і гумарыста Міхася Мірановіча з Віцебска. І вось нядаўна натрапіў у адной з кнігарняў Мінска на зборнічак «Жартачкі».  



1_m_has_m_ranov_ch.jpg

Міхась Мірановіч

Ехаў дамоў і чытаў. А многія проста запамінаў, каб калі-нікалі сяброў павесяліць.

Міхась Мірановіч сёння даволі папулярны сатырык на Беларусі. Яго друкуюць выданні, ён часта выступае сярод моладзі, выдаюцца яго кнігі.

Нарадзіўся паэт на Ушаччыне ў вёсцы Старына 65 гадоў таму. Скончыў Львоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Івана Франко. Працаваў лабарантам, выкладчыкам, інжынерам-канструктарам, інспектарам дзяржнагляду за стандартам, начальнікам аддзела кадраў. Цяпер працуе вядучым інжынерам на адным з прадпрыемстваў Віцебска.

Найбольш вядомыя яго вершаваныя гумарыстычныя карацелькі-фрашкі. Піша і літаратурныя пародыі. Напісаў тры кніжкі для дзяцей. Перакладае з украінскай і з польскай моваў. У прыватнасці, камедыю М. Старыцкага «За двума зайцамі» і драму І. Масляніцынай «Крыж Еўфрасінні», якія ідуць зараз на сцэне Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. 

Мае больш за 1,5 тысячы літаратурных публікацый, выдаў шмат сатырычных кніг. У 2003 годзе стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Нядаўна я пасядзеў з келіхам піва са спадаром Міхасём, і ў нас атрымалася вось такая гутарка.

mir.jpg

— Спадар Міхась, як так сталася, што радыёфізік раптам стаў вясёлым лірыкам?

— У гады майго студэнцтва ў грамадстве і ў СМІ было вельмі модна дыскутаваць на тэму: фізікі і лірыкі. І хаця я быў фізікам (дакладней, згодна з дыпломам — радыёфізікам), але любіў часам, начытаўшыся фантастыкі, пагартаць і зборнік лірычных вершаў. І, каб канчаткова прыйсці ў процістаянні: фізікі — лірыкі да кансенсусу, ахвяраваў сабой — сам стаў пісаць вершы. Такім чынам, зараз падзел паміж фізікамі і лірыкамі праходзіць менавіта па мне:

Ідуць дажджы, ідуць гады,

Ідуць у далеч магістралі…

І я іду, іду туды,

Куды вы зноў мяне паслалі.

— У вас шмат выйшла з друку гумарыстычных зборнікаў, нават ёсць і такая назва зборніка, як міранізмы. Гэта вамі прыдуманы аўтарскі брэнд?

— Калі я думаў, як назваць сваю першую кніжку гумарыстычных вершаў, дык на памяць прыйшоў назоў, якім іншым разам называюць кароткія гумарыстычныя творы — іранізмы. Не доўга думаючы, я прырабіў да гэтага слова першую літару ад свайго прозвішча — вось і атрымалася — міранізмы. Вось адзін з іх:

Хоць мы тады не зараблялі,

Але ўсё роўна дружна адабралі.

Цяпер жа мы не адабраем,

Ды ўсё адно не зарабляем.

— Мне падабаюцца назвы вашых зборнікаў — «Жартачкі», «Хаханькі», «Смешачкі», «Фрашкі» і г.д. Ці лёгка яны пішуцца, і ці пішуцца штодзень?

— Я лічу, што форма павінна адпавядаць зместу. Таму хочацца, каб гумарыстычная кніга мела вясёлую вокладку, такую ж вясёлую назву. Ёсць у мяне, напрыклад, зборнікі гумару, якія называюцца: «Квадратны дурань», «Віляй усмешкай», «Істэрыка гісторыка», «Ветэраны сэксуальнай рэвалюцыі»… Наконт таго, як я пішу. У Юрыя Олешы быў дэвіз: ні дня без радка! Я яго сабе крыху падправіў: ні дня без фрашкі!

Калі добра разабрацца —

Маем мы адказ прамы:

Так ніхто не любіць працу,

Як не любім яе мы!..

— Які гумар сёння любяць слухаць беларусы? Ці, наогул, яго баяцца?

— Беларусы, як і ўсе нармальныя народы, любілі і любяць гумар. Заўсёды прыязна ўспрымаецца гумар на бытавыя тэмы, сямейны, пра п’яніц. Магчыма, трохі меншым поспехам карыстаюцца філасафізмы. Ды і не дзіўна — не кожнаму, хто прыйшоў, каб паслухаць гумарыста, адпачыць і пасмяяцца, хочацца пры гэтым яшчэ і думаць!

— Што сёння вясёлае ў вас напісалася?

— Летам 2013 года, дзякуючы спонсару, выйшла з друку першая кніжка маіх міранізмаў «Жартачкі» (у трох тамах). І ўвесь наклад (1000 паасобнікаў) — у мяне на руках. Ёсць дамова на продаж з асобнымі кнігарнямі Мінска і Віцебска, але ў крамах кніжка разыходзіцца не вельмі хутка. А ўмова спонсара — прадаць наклад першага тома і на гэта выдаць другі. Так — і з трэцім томам. Лепш справы з рэалізацыяй ідуць на прэзентацыях. Але для гэтага трэба мець час, а я пакуль што працую. Магу высылаць кніжкі поштай, з аўтографам — калі хто зацікавіцца… Ну, гэта так, для рэкламы…

— Які лёс чакае беларускі гумар?

— Я спадзяюся, што ў беларускага гумару, як і ва ўсёй нашай літаратуры, ёсць перспектывы. І, цалкам верагодна, што ў гэты самы час недзе пакуль што невядомыя аўтары, глынуўшы па чарцы для настрою, заселі ўжо за сучасны «Сказ пра Валасатую гару» ці за «Панаса на Парнасе». Вось пасмяемся!.. Колькі ж можна плакаць? Карыстаючыся нагодай, хацеў бы згадаць пра свае стасункі з польскім гумарам. Пра «Шпількі» я ўжо ўспамінаў. Многае з таго, што мне падабалася ў «Шпільках», я перакладаў на беларускую мову. Атрымаліся чатыры зборнікі польскага гумару: «Шпількі», «Прыколкі», «Ах, пані, панове!..», «Смеху варта», асобныя кніжкі Анатоля Пяцямкоўскага «Кніга скаргаў» і Веслава Брудзіньскага «Прыдумкі». Пераклаў зборнік польскай гумарыстычнай фантастыкі «Аазіс» і зборнік Станіслава Лема «Ратуйце космас!».

zhartachki.jpeg

Сёе-тое з другога тома «Жартачак», які чакае свайго выдання:

Межы

Шкада,

Але прызнаць належыць,

Што розум недзе

Мае межы.

Ды толькі

Самае паганае:

Што глупства —

Неабмежаванае!..

Грошы мяняюць людзей

Неяк яно

Так ідзе,

Як не з усімі —

З асобнымі:

Грошы

Мяняюць людзей,

І, што істотна —

Больш дробнымі.

Народ і мова

Ёсць прыкладаў

У свеце дастаткова —

Няма народа,

Ды жывая мова.

А вось у нас

Усё наадварот —

Знікае мова,

Хоць жывы народ.

Часцей страчаюцца

Няўзнак

З’яўляецца трывога —

Ліхія весці

Прыкмячаюцца:

Благіх людзей

Не так і многа,

Але яны

Часцей страчаюцца.

Гонар і ганарлівасць

Шкадаванне ёсць,

А ёсць шкадлівасць…

Нам заўжды

Не тое выбраць собіць.

Гонар май,

Але не ганарлівасць —

Ганарлівасць

Гонару не робіць.