Міхась Літвінчык: шанаваць роднае
Жыў некалі ў Слоніме на вуліцы Багушэвіча Міхась Барысавіч Літвінчык. Ён скончыў польскую школу, пасля вучыўся ў Сянькоўшчынскай сярэдняй школе. Калі пачалася Другая сусветная вайна, пайшоў на фронт. Быў двойчы паранены, з баямі дайшоў да Кёнігсберга.
Пасля вайны Міхась Літвінчык прыехаў у родны Слонім і да самай пенсіі адпрацаваў шафёрам. На грузавых машынах аб’ездзіў усю Беларусь. Але захапленнем яго была не толькі тэхніка — слонімец вельмі цікавіўся прыказкамі і прымаўкамі. Спачатку іх збіраў, запісваў ад людзей. А потым і сам пачаў іх складаць. Пра яго талент да прыказак і прымавак нават пісалі рэспубліканскія газеты і часопісы, а ў канцы 1980-х гадоў Міхася Літвінчыка запрасілі на Беларускае тэлебачанне ў перадачу «Роднае слова», дзе ён вельмі шчыра расказваў пра прымаўкі і прыказкі.
На вялікі жаль, такой перадачы на Беларускім тэлебачанні даўно не існуе, а яна была вельмі папулярнай тады. Рэдакцыя і аўтары перадачы атрымлівалі сотні пісем, прапаноў, водгукаў.
Міхась Літвінчык часта заходзіў да мяне ў рэдакцыю «Газеты Слонімскай», мы з ім гутарылі пра Беларусь, пра мову, пра наш багаты фальклор. І аднойчы ён пакінуў мне агульны сшытак сваіх прыказак і прымавак. «Няхай у цябе будзе адзін з маіх спісаных сшыткаў, можа калі табе прыдасца», — сказаў зямляк і паклаў на стол сшытак сваіх народных твораў. Нядаўна я гэты сшытак адшукаў у сваім хатнім архіве. Уважліва прачытаў. І мне спадабаліся прыказкі і прымаўкі Міхася Літвінчыка. Вось некаторыя з іх:
Запісаныя думкі, як віно — яны павінны адстаяцца.Не можа быць адукаваны той, хто не ведае роднае мовы.Можна жыць па-братэрску, але не па-сяброўску.Не трэба здзіўляцца з нас — такія былі і да нас.Каб не было памяці, дык не было б і слёз.І золата дурня не зробіць разумным.Хто ходзіць, той можа падаць. Пазяхаць — не спяваць, голасу не трэба.Дурань смяецца не са смешнага, а з разумнага.Самая праўдзівая мова — народная.Калі добра працуеш — гаспадарку мацуеш.Вучыць не толькі сябар, але і вораг.Жонка дрэнна маецца, якая ўсім мужчынам падабаецца.Бывае і барон ловіць варон.Хлеб свежы добры для ежы.Дай Бог усё умець і не старэць.
Міхась Літвінчык запісаў дзясяткі такіх сшыткаў прымавак. Але дзе яны цяпер — ніхто не ведае. А гэта ж наш народны скарб, скарб духоўнай культуры. Даўно яго трэба было б сабраць і выдаць асобнай кніжкай, але ж каму гэта сёння патрэбна…
Хаця яшчэ 24 снежня 2004 года Беларусь далучылася да міжнароднай канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года «Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны». Гэтым самым Беларусь узяла абавязкі перад міжнароднай супольнасцю захоўваць і пашыраць аб’екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС), да ліку якіх належаць і творы фальклору.
Сустракаю неяк на вуліцы ў Слоніме настаўніка-пенсіянера Мікалая Іванавіча Ракевіча. «Добра, што я цябе сустрэў, — кажа слонімец. — Хачу даць табе некалькі прыказак пра сям’ю, нявестку, свякроў. Ты раней такіх не чытаў. Я іх запісаў ад Валянціны Самусевіч, якая родам з вёскі Азярніца Слонімскага раёна. Пачытай!..» Я ўзяў ліст з прыгожым почыркам і пачаў чытаць:Нявестка свякрыві дзярэ да крыві.Калі добрая свякроў, то вып’е кроў, калі ліхая, то косці пааб’ядае.Калі зяць на дачцэ, то для цешчы, што сто долараў у руцэ, калі сын на нявестцы, то што гаўно на трэсцы (для свякрыві).Мае адно вока і тое спаць хоча.Глядзіць левым вокам у правую кішэнь.Бывае найгорш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся.
Але найлепш ведаў фальклор, і ў прыватнасці беларускія прымаўкі і прыказкі, мой зямляк са Слонімшчыны, вядомы беларускі энцыклапедыст, бібліёграф, літаратуразнавец Янка Саламевіч. На вялікі жаль, яго ўжо няма на гэтым свеце. Сустракацца і гутарыць з ім — гэта была вялікая асалода, сапраўднае свята, нейкі своеасаблівы ўніверсітэт. Усё жыццё ён любіў лавіць яркія, гаваркія словы, фразеалагізмы — асаблівасці роднай і іншых моў.
Іван Уладзіміравіч гаварыў мне: ну скажы, у каго ты сустракаў слова «аб’ясніць»? Ён у рукапісе Янкі Купалы ў яго музеі трапіў на такі радок: «Няхай цябе аб’ясніць розум ясны». Здорава, праўда? Бацька яму некалі казаў: «Мёрзлая зямля заскалела» (стала цвёрдаю, як скала). Неяк расказаў ён мне пра аднаго жыхара яго роднай вёскі Кракоткі, які еў блінцы: «сем мазаных, сем нямазаных, сем сухама — збольшага перакусіў».
Любіў распавядаць Янка Саламевіч пра сваіх аднавяскоўцаў. Казаў, што ў яго вёсцы мовяць: «сучка маленька, нізенька, як слончык на чатырох ножках». Ці так: «ідзе нага за нагу, як назаўтра»; «е што гаварыць, ды німа чаго слухаць»; «з носа кап, ды ў рот хап»; «ужэ суп у сватэ збіраецца» (пачаў кіснуць)...
Сёння мне часта прыгадваецца мой дарагі і паважаны спадарку Янка Саламевіч. Ён мне казаў: «Не называй мяне Іван Уладзіміравіч, не трэба, кажы спадар Янка». Я так яго ў апошнія гады і клікаў.
Прымаўкі і прыказкі спадар Янка называў выслоўямі. Ён мог іх нагаварыць кучу і горбу, мех і торбу: не ўсё тое падбірай, што па вадзе плыве; не кожны хворы, што стогне; языком бервяна не ачэшаш; біты сабака здалёк бачыць кіёк; двор, як пані сесці; харошая, хоць малюй…
Прыгадваецца мне яшчэ адна прымаўка ад спадара Янкі: «Паедзем, бабка, у чужое сяло, то будзем ведаць, што робіцца ў нашым».
Нам сёння не трэба ехаць у чужое сяло, у чужыя краіны. Нам добра дома, дзе ўсё такое блізкае нам і зразумелае. Дык давайце шанаваць роднае!