Перамога бацькоў беларусікаў-першакласнікаў з Баранавіч

Дзесяць дзетак-першаклашак з Баранавіч будуць навучацца ў гэтым годзе ў класе гімназіі №4 на беларускай мове.

Ілюстратыўнае фота: Еўрарадыё

Ілюстратыўнае фота: Еўрарадыё



Пра гэта стала вядома бацькам з адказу баранавіцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні А.Гарбуза.

“Клас з беларускай мовай навучання будзе адкрыты ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія №4 г. Баранавічы” і размешчаны на базе дзяржаўнай установы дашкольнай адукацыі “Яслі-сад №50 г. Баранавічы”, — значыцца ў адказе.

Змаганне саміх бацькоў, сябраў Баранавіцкай арганізацыі таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны ды праваабаронцаў было няпростым. І пачалося яно яшчэ летам прошлага года. Адбылося нямала сустрэчаў бацькоў з дырэктарам гімназіі № 4, намеснікам старшыні Баранавіцкага гарвыканкама А. Гарбузам, старшынём гарвыканкама Ю. Грамакоўскім ды загадчыкам ГАРАНа Пузікавым. Юрыдычыную дапамогу аказваў праваабаронца ПЦ “Вясна” Сяргей Гоўша, які рыхтаваў скаргі ў дзяжустановы.

“Нарэшце баранавіцкія ўлады знайшлі з бацькамі паразуменне. Перамога маленькая. Будзе яна вялікай, калі мы вернем у Беларусі належнае месца беларускай мове!” — падкрэсліў Сяргей Гоўша.

spring96.org