Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх

Міжнародны дзень роднай мовы fдзначаўся 21 лютага ў Мінску рознымі мерапрыемствамі. Сярод іх — імпрэза для школьнікаў сталіцы “Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх — беларуская родная мова!”, што адбылася вечарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ).



mova4_logo.jpg

Пад час імпрэзы, арганізаванай ЦНБ і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, адбылося адкрыццё кніжнай выставы “Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса?...”, прысвечанай 125-годдзю першай публікацыі сатырычнай паэмы “Тарас на Парнасе”, якая яшчэ нядаўна лічылася ананімнай, твору жыццярадаснаму, камічнаму, сапраўднаму шэдэўру беларускай літаратуры сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У экспазіцыі — публікацыі паэмы, што захоўваюцца ў фондах ЦНБ, у тым ліку рарытэтныя кніжныя выданні 1909 году, 1920-х гадоў і сучасныя перавыданні. Асобны раздзел выставы прысвечаны тэме аўтарства паэмы і гісторыі раскрыцця гэтай таямніцы. Вядома, што паэма прыпісвалася самым розных аўтарам, у тым ліку Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Арцёму Вярыгу-Дарэўскаму і студэнтам Горацкага земляробчага інстытута. Дзякуючы працы шэрагу пакаленняў літаратуразнаўцаў, асабліва даследаванням Генадзя Кісялева, аўтарам “Тараса на Парнасе” прызнаны Кастусь Вераніцын.

Вучні сталічных школ пазнаёміліся з гісторыяй стварэння паэмы і пошукамі яе аўтара, паўдзельнічалі ў пазнавальнай віктарыне, прачыталі ўрыўкі з паэмы і атрымалі прызы.

Затым удзельнікі дзіцячых вакальных калектываў сталічнага палаца дзяцей і моладзі “Арыён” праспявалі беларускія народныя і сучасныя песні.

Напрыканцы імпрэзы перад дзецьмі выступіў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і гісторык Алег Трусаў.  

trusa__logo.jpg

Алег Трусаў

Ён распавёў пра гісторыю адной з самых прыгожых, распрацаваных і старажытных славянскіх моў свету — беларускай мовы, вытокі якой сваімі каранямі сягаюць аж у бронзавы век — II тысячагоддзе да нашай эры, калі на нашую зямлю з Індыі прыйшлі далёкія продкі сучасных беларусаў — індаеўрапейцы, а таксама пра ролю моладзі ў захаванні і зберажэнні жывой матчынай мовы. Пры гэтым Трусаў звярнуў увагу на тое, што сённяшняй гарадской беларускай моладзі даволі проста авалодаць матчынай мовай, бо яна захоўваецца ў геннай памяці беларусаў і таму хутка засвойваецца пад час навучання і пры паўсядзённым ўжытку.

Вечарам 21 лютага ў сталічнай сядзібе ТБМ актывісты гэтага грамадскага аб’яднання прынялі ўдзел у VII Агульнанацыянальнай дыктоўцы, што ў тры этапы (21 лютага, 15 сакавіка і 25 сакавіка) ладзіцца ў межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы і прысвячаецца 90-годдзю з дня народзінаў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

dikto_ka_logo.jpg

Удзельнікі дыктоўкі

Пасля напісання дыктоўкі паводле аповесці Быкава “Сотнікаў” першая намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім запрасіла актывістаў аб’яднання да ўдзелу ў прэзентацыі беларуска-шведскага і шведска-беларускага размоўніка, што адбудзецца 24 лютага а 18.00 у сядзібе таварыства. Размоўнік быў выдадзены з удзелам актывістаў аб’яднання пры падтрымцы амбасады Швецыі і Шведскага інстытута. 

an_s_m_logo.jpg

Алена Анісім

 

У дыктоўцы ўдзельнічаў вядомы беларускі скульптар Генік Лойка, якому Мінскі гарвыканкам не дазволіў правесці 21 лютага пікетаванне ў абарону матчынай мовы ля  сталічнай крамы "Кунцаўшчына", дзе летась мастак быў затрыманы міліцыянтамі і асуджаны за несанкцыяванае пікетаванне на ганку сталічнай гімназіі №4. Дарэчы, Генік Лойка звярнуўся у суд Цэнтральнага раёна Мінску, каб абскардзіць адмову ААТ “Белінвестбанк”, які амаль два гады адмаўляецца абслугоўваць скульптара на матчынай мове.

lojka_logo.jpg

Генік Лойка

Пасля дыктоўкі Алег Трусаў уручыў яе ўдзельнікам адмысловыя сувеніры — кішэнныя календарыкі і паштоўкі (дызайн мастака Ігара Марачкіна), прысвечаныя 90-годдзю з дня народзінаў Васіля Быкава.

Старшыня ТБМ нагадаў, што дыктоўка ладзіцца з 2008 году з ініцыятывы вядомага беларускага грамадскага дзеяча, сябры ТБМ, кандыдата філасофскіх навук Уладзіміра Падгола. Паводле словаў Трусава, звычайна тэксты дыктоўкі прысвячаюцца нейкім знакавым гістарычным падзеям, у тым ліку 90-м угодкам абвяшчэнню БНР, класікам нацыянальнай літаратуры і Кастусю Каліноўскаму. Старшыня ТБМ звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе на афіцыйным узроўні ў Беларусі святкуецца Тыдзень беларускай мовы. “Гэта сведчыць пра тое, што і ўлада, урэшце, зразумела значнасць Міжнароднага дня роднай мовы. І зараз усе дыпламаты па запрашэнні ўладаў святкуюць гэты дзень у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы”, — сказаў Алег Трусаў.    

Затым ён пазнаёміў грамадскіх актывістаў з адмысловай фотавыставай, прысвечанай I Агульнацыянальнай дыктоўцы, што праводзілася 15 сакавіка 2008 году ў сталічнай сядзібе ТБМ з удзелам прадстаўнікоў амбасадаў краін Еўразвязу і ЗША, а таксама галоўных рэдактараў шэрагу беларускіх незалежных СМІ.   

Трэба адзначыць, што 22 лютага грамадская ініцыятыва "Беларуская нацыянальная памяць" праводзіць Агульнанацыянальную дыктоўку ў Варшаўскім універсітэце. Прычым, у знак салідарнасці з Украінай студэнты з Беларусі будуць пісаць дыктоўку па тэксту бессмяротнага твору Тараса Шаучэнкi "Заповіт", пераўстворанага па-беларуску Янкам Купалам. 
 

Нагадаем, што Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны XXX‑й сесіяй Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года ў памяць пра пяць студэнтаў, якія змагаліся за прызнанне бенгальскай мовы ў якасці дзяржаўнай і загінулі 21 лютага 1952 году ва ўсходнім Пакістане, што з 1971 году стаў незалежнай дзяржавай Бангладэш.