
«Вушацкі словазбор» — спроба сабраць за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць», — піша Рыгор Іванавіч ва ўступным слове да кнігі, прысвечанай «Светлае памяці мамы Куліны».
Нездарма на вокладцы змешчанае фота роднай хаты дзядзькі Рыгора — Народны паэт склаў не проста слоўнік адметнай лексікі Вушаччыны, ён імкнуўся перадаць «паганскія карані і біблейскае неба», «чысціню бачання свету», галасы «мамы Куліны, крэўных і блізкіх».
Першая частка «Слоўнік» змяшчае ўстойлівыя выразы, параўнанні, прыказкі й прымаўкі ў алфавітным парадку. Раздзел «Ізборнік» з’яўляецца сапраўднай калекцыяй звычаяў, страваў, прыкметаў, лекавання, прыгаворак і зычэнняў, дзіцячых гульняў, хуткамовак, загадак — усяго таго, што адлюстроўвае мысленне і побыт нашых продкаў. Трэці раздзел «Жывое слова, або Жыццё, як яно ёсць» утрымлівае запісы жывой вушацкай гаворкі, якія перадаюцца з улікам аўтэнтычнага вымаўлення.
Гэтая кніга, апублікаваная выдавецтвам «Кнігазбор», узбагаціць любую бібліятэку і будзе даспадобы не толькі спецыялістам-мовазнаўцам — дзякуючы таму, што гэта навукова-папулярнае выданне, у якім — жывая памяць народа, уважліва захаваная і перададзеная Рыгорам Барадуліным.
Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»
http://prastora.by/knihi/baradulin-ryhor-vusacki-slovazbo