«Мы, браты»: глядач не пайшоў
З кастрычніка кінастужку «Мы, браты» змог убачыць у кінатэатрах шырокі глядач. Змог. Але не захацеў. Першы беларускі блакбастар сустрэлі пустыя кіназалы.
«Не глядзеў і не пайду, няма чаго ім на мне яшчэ і зарабляць пасля ўсяго», — выказаў мне сваё абурэнне калега з незалежнага тэлеканалу. А я ўсё ж вырашыла трымацца свайго: паглядзець, каб мець уласнае ўражанне. Прычым ішла з жаданнем знайсці ў фільме штосьці, прынамсі, займальнае. Разам са мной і маім спадарожнікам у залі напачатку сеанса было некалькі дзясяткаў гледачоў, напрыканцы сеанса — я адмыслова палічыла — 16 чалавек на вялізны кінатэатр «Масква» ўвечар нядзелі.
Спачатку плюсы
«Мы, браты» — не самы горшы фантазійны экшн «B» класа. Адно што клас «B» — не каштуе так дорага. Магчыма, аўтары проста клас пераблыталі. Але замова выкананая.
Плюсы ў карціне ёсць, але іх не так і шмат. Тэхнічны бок карціны напраўду быў зроблены добра — работа аператара і пастаноўшчыка, каскадзёраў, прафесійныя тэхнікі трукаў (перавернутыя машыны, спаленыя людзі, выбухі, пагоні — вельмі відовішчна, і, на жаль, у сваёй бальшыні нічым не матывавана), а таксама выдатна спрацаваў грымёр (пульсуючыя вантробы і кавалкі арматуры ў ахвярах пасля выбуху ў мінскім метро былі надзвычайна рэалістычныя і жахалі). Работа рэжысёра Вільяма Дэ Віталя была напраўду прафесійнай, тэхнічна пісьменнай. На тое і быў разлік, Вільям Дэ Віталь — каскадзёр і пастаноўшчык трукаў, які папрацаваў у такіх карцінах, як «Індыяна Джонс», «Пароль Рыба-меч», серыял «Уокер — Тэхаскі Рэйнджар» і многіх іншых. Спаленыя людзі былі праўдападобныя, але драматургічна неапраўданыя. Бо не было адказу на галоўнае пытанне: дзеля чаго? Уразілі нават не столькі выбухі, колькі сэнсавае змесціва таго, што беларускімі гіганцкімі БЕЛАЗамі можна давіць людзей. Сумнеўная рэклама беларускай вытворчасці.
Таксама несумненна можна назваць удачай удзел у фільме Эрыка Робертса — ён без пытанняў сыграў каламутнага гада, аднаго з кіраўнікоў сусветнай змовы — звонку белага і пухнатага, а па-сутнасці — цынічнага і крыху ашалелага ад сваёй перакуленай праўды. Амерыканка з рускімі каранямі Наталі Алам — глядзелася штучна.
У 2013 годзе кампанія «Nonstop MEDIA» стала пераможцам адкрытага конкурсу нацыянальных кінапраектаў, абвешчанага Міністэрствам культуры Беларусі. Фільма атрымаў дзяржаўную дапамогу — прасцей кажучы, быў зняты за грошы беларускіх падаткаплацельнікаў — па розных падліках, ад 2 да 5 мільёнаў долараў. Каб перамагчы, апрача ўсяго іншага, кінастужцы трэба было адпавядаць канкрэтнаму крытэру: мастацкі фільм мусіць здымацца на аснове падзей найноўшай гісторыі Беларусі, а ў сярод актораў мусіць быць сусветна вядомая зорка, а дакладней, дзве зоркі класу «А». Фармальна, усе ўмовы замовы былі выкананыя.
Два пішам, тры ў розуме
Калі студэнты-сцэнарысты пішуць першыя тэксты, вельмі часта яны штосьці маюць на ўвазе, там, у галаве, планах, унутранай драматургіі (звычайна, яны спісваюць гэта на «аўтарскае кіно і бачанне»), ім памылкова здаецца, што нібыта ўжо само сабой маецца на ўвазе тое, што думаюць. Але ніхто з гледачоў не зможа залезці ў галаву стваральнікам і прачытаць сэнсы, якіх папросту нестае. У выкладніцкай практыцы звычайна апярэджваюць гэтую недарэчнасць, як «2 пішам, 3 у розуме», прапануючы выкарыстаць «бонусныя вочы» — папросту даць прачытаць-паглядзець тэкст альбо відэаматэрыял камусьці, для каго ён «не родны», не прыеўся, як манка ў яслях.
У фільме паказана «Плошча», дакладней, яе разгон, — Плошча бяздумная, бяздушная, бессэнсоўная, абсалютна не матываваная, проста дзеля «а пайшлі, бо ўсе ідуць». Калі казаць прасцей — статак. Чаму людзі ідуць на Плошчу? Што імі кіруе? Невядома. Чаму забойца пераразае артэрыю нявіннай памочніцы ў гатэльным нумары? Чаму хоча забіць амерыканку Сару на БЕЛАЗе? З фільма гэта не зразумела. І зразумець немагчыма, можна толькі здагадвацца альбо дадаткова выслухоўваць тлумачэнні аўтараў.
Стваральнікі карціны сцвярджаюць, што кіно планавалася чатырохсерыйным — і калі паглядзець увесь матэрыял без скарачэння, то тады ўсё ясна. Але каго гэта цікавіць? Калі людзі ідуць на фільм, які заяўлены як нацыянальны кінапраект, зроблены для іх, яны чакаюць, прынамсі, таго, каб убачыць, зразумець, пра што кіно. За што яны заплацілі двойчы і нават тройчы: першы раз — падаткамі, другі раз — квітком, а трэці раз — сваім даверам і часам.
Чаму брат два гады не можа і не спрабуе сказаць брату, што не адбіваў у яго дзяўчыну, не спаў з ёй? Эпізод з апраўданнем сітуацыі (ён гаварыў пра іншую дзяўчыну, якую зацягнуў да сябе, а не пра тую, братаву, якую на вачах брата ўзяўся падвесці [нават у пераказе гэта гучыць дзіўна] — выглядае папросту бездапаможна).
Чаму журналістка, якая да таго ж асвятляе перадвыбарчую кампанію, нічога не чула пра Плошчу? Нібыта зайчанятка радасна з мікрафонам яна скача ў гушчу падзей, выпадкова трапляючы з аператарам у аварыю пры натоўпе, што рухаецца ў кірунку Дома Ураду. І нібыта яна не кепская, і служба аховы прэзідэнта трымаецца сваёй праўды — абараняе чыноўнікаў. Усе нібыта і не чорныя, і не вінаватыя. І людзі на вуліцах — нібыта і не ведаюць, куды ідуць, так сабе — разбягаюцца па роўненькіх шэрагах. Але не адпускае адчуванне, што #чтотонетак. А насамрэч — не нашым, не вашым. Чаму служба аховы прэзідэнта раптоўна — замест адказнага задання неадкладна правяраць аб’екты да яго прыезду — кідае ўсе сілы на ахову амерыканкі? Чаму, чаму, чаму? Зашмат гэтых чаму.
Па задуме, фільм мусіў распавядаць пра здраду (уяўную), крыўду, боль, трагедыі, любоў, і ўрэшце — уз'яднанне двух братоў, што працуюць ва ўнутраных органах РБ, у кантэксце падзей сучаснай Беларусі. Але нават першы крок, іх канфлікт — надуманы. І ад яго — далей усе рассыпаецца. Няма галоўнага адказу — дзеля чаго? Калі б фільм рабілі пра Заходнюю і Усходнюю Украіну, пра брацкую вайну пад пільным вокам уплывовых дзяржаваў, пра сусветную змову — было б больш зразумела. Калі б фільм рабілі пра братоў, што размаўляюць на розных мовах, падтрымліваюць розны дзяржаўны строй — было б апраўдана.
Магчыма, калі можна было змяніць жанр. І ўсю недагаворанасць падагнаць пад яго… Напрыклад, прыпавесць — не патрабуе прыземленай канкрэтыкі, яна больш метафарычная.
Меркавалася, што «фільм «Мы, браты ...» стане першым камерцыйным кінапраектам у Рэспубліцы Беларусь, знятым па прафесійных стандартах Галівуду з прыцягненнем зорак сусветнай велічыні і з наступным сусветным пракатам» — прынамсі, так заяўлялі стваральнікі. Але пра якую камерцыйную выгаду размова? Калі людзі на фільм папросту не ідуць пры ўсёй яго рэкламе?
У выніку мы маем толькі добрыя спецэфекты. І іх зашмат.
У чым памылкі, брат?
Памылка першая — у спробе зрабіць дарагое і якаснае кіно, калі не ўмеем рабіць малабюджэтнае.
Афіцыйная спроба зрабіць фільм пра сучасную Беларусь скатваецца ў тое, што ствараецца фільм, які хоча не раскрыць альбо падаць у пэўным ракурсе, а папросту абмінуць і замаўчаць беларускія нацыянальныя праблемы. У гэтым памылка другая.
Зашмат шуму. Няўжо па досведзе Курэчыйка і Вячоркі не ясна, што чым больш крыку — тым мацнейшыя чаканні. І тым большыя расчараванні. У гэтым трэцяя памылка.
Памылкай было і гнацца за чужым (чужой краінай, чужымі зоркамі, чужымі тэмамі), не шукаючы свайго, не зважаючы, не бачачы, замоўчваючы.
Ну і, нарэшце, нацыянальны кінематограф можа быць толькі пра нацыянальныя каштоўнасці, пра нацыянальныя праблемы, пра краіну сваю і сваіх людзей. Пажадана — на сваёй мове, якая тут толькі дапаможа.
Найвялікшая праблема фільма ў тым, што ён анансаваўся як нацыянальны, як кіно пра Беларусь. У ім ёсць жаданне дагадзіць — і нашым, і вашым. І цмянасць, якая тут выглядае на адметнасць, а не на адсутнасць адметнасці.
У адным кіно ўсё ж атрымалася беларускім. Структурна яно адпавядае сутнасці таго, што цяпер адбываецца з беларускім грамадствам. Тут няма чырвонага, няма зялёнага, няма чорнага і няма белага, усе змяшалася, толькі адно стабільнае жоўтае няўцямнае святло. Ты не ведаеш — ісці ці чакаць. і Прагаласаваць за кагосьці ці супраць усіх. Ці не галасаваць увогуле. Бо той — хто, здавалася свой, — ён і нясе код Каіна… Ці ўсё ж не?