Курэйчык прэзентаваў фільм, які складзе канкурэнцыю расійскім у навагоднім пракаце
Каманда беларускага творчага аб’яднання Bez Buslou Arts прадставіла ў Мінску новы фільм рэжысёра Андрэя Курэйчыка і прадзюсара Дзмітрыя Фрыгі. Стужка мае папярэднюю назву «PARTY-zan фільм».
Прэзентацыя адбылася 6 лістапада ў праграме кінафестывалю «Лістапад-2016» у рамках Індустрыяльнай платформы «Дзень беларускіх ініцыятыў» і прайшла ў галерэі TUT.BY. Публіцы быў паказаны тызер-трэйлер да стужкі (кароткі відэатрэйлер, прызначаны для рэкламавання будучага фільма) і пятнаццаціхвілінная вытрымку з фільма, якая раскрывае сюжэт.
«PARTY-zan фільм» — гэта першы незалежны беларускі фільм, які будзе паказаны на шырокім экране і адзіны беларускі поўнаметражны мастацкі фільм, які сёлета выходзіць у шырокі пракат. Bez Buslou Arts даказваюць, што сіла не ў грошах, а ў ідэях, запале і камандзе. Па словах прадзюсараў, карціна стане сапраўдным канкурэнтам усім расійскім камедыям у навагоднім кінапракаце. Хоць і па сучасных мерках «PARTY-zan фільм» — малабюджэтнае кіно, яго бюджэт у дзясяткі разоў менш у параўнанні з расійскімі фільмамі аналагічнага класа. Па завяршэнні працы над фільмам выдаткі на яго складуць 30–40 тыс. долараў.
Новая праца Андрэя Курейчыка і яго каманды — гэта фільм пра тое, як здымаецца фільм. Здымкі стужкі праходзілі сёлета ў жніўні ў Мінску, Брэсце і нават Маскве. «PARTY-zan фільм» распавядае пра «беларускую мару» — зарабіць вельмі шмат грошай і як мага хутчэй.
У цэнтры гісторыі — два маладых беларускіх хлопца, якія прыехалі ў сталіцу з рэгіёна. Адзін — няўдалы пачынаючы бізнесмен, другі — праграміст. Абодва не могуць знайсці годную працу, здымаюць на дваіх абшарпаную старую кватэрку і ім ні на што не хапае грошай. Прыкінуўшыся кінапрадзюсарамі, яны бяруцца здымаць некалькі сцэн фільма пра вайну для маскоўскай кінагрупы. Нарэшце шчасце прываліла і ў іх руках тоўстая пачак долараў. І ўсё б добра, але грошы па глупству аднаго з герояў ляцяць ва ўнітаз, у прамым сэнсе гэтых слоў. Усе іх планы разбураюцца, хлопцам цяпер трэба напружыцца, каб выкруціцца са складанай сітуацыі і не патрапіць у турму, бо маскоўская кінагрупа ўжо на пад’ездзе.
Аўтары фільма падкрэсліваюць, што фільм прызначаны для беларускага рынку, зроблены сіламі беларусаў і пра беларусаў. Беларуская мова гучыць у стужцы хоць і эпізадычна, але часам на героях можна заўважыць цішоткі з нацыянальнымі сімваламі. Галоўныя ролі выканалі маладыя акцёры беларускага тэатра і кіно, чые імёны пакуль яшчэ не асабліва вядомыя гледачам.
Але, па словах Курэйчыка, іх чакае вялікая будучыня, а «PARTY-zan фільм» адкрывае новых зорак. Першым чынам гэта выканаўцы галоўных роляў: Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін і Аліса Аўчыннік. Таксама ў кадры мы ўбачым і вядомых беларускіх акцёраў: Эвеліну Сакура, Аляксандра Гусева, Аляксандра Яфрэмава (мал.), Івана Шчатко, Сяргея Шырочына. Ужо традыцыйна ў карціне ад Bez Buslou Arts зняліся лідары групы «Neuro Dubel» Аляксандр Кулінковіч і Юры Навумаў.
Перайшлі з папярэдняй стужкі і выканаўцы эпізадычных роляў — Алег Грушэцкі і сын Андрэя Курэйчыка, Глеб. Выканаўцу галоўнай жаночай ролі Алісу Аўчыннік сцэнарыст ужо параўнаў па таленце (а магчыма дзесьці і па знешніх дадзеных) з Камеран Дыяс.
Папярэднія фільмы Bez Buslou — «Вышэй за неба» і «ГараШ» карысталіся поспехам у гледачоў і таксама здымаліся сіламі беларусаў і пра беларусаў. «ГараШ» падчас пракату заняў 3-е месца па касавым зборам, стартавыя грошы ад яго і дазволілі распачаць новы праект. Плюс бюджэт стужкі дапамаглі закрыць спонсары — «БСБ Банк», «Сябры» і «Царское золото».
Але, калі яны былі больш сур’ёзнымі і філасофскімі, новы фільм адносіцца да лягчэйшага жанру — камедыі. Аднак здымаўся ён у больш складаных умовах, чым нашумелы «ГараШ». Новая стужка зусім іншага маштабу. У «ГараШы» было 4 здымачныя дні, тут іх 18. Шмат артыстаў, шмат лакацыяў, камп’ютарная графіка. На сёння зроблены чарнавы мантаж фільму — выйшла 2 гадзіны. Канчатковая версія будзе каля 1 гадзіны 20 хвілін.
«ГараШ» у свой час пры бюджэце 51 млн. бел. руб. сабраў больш за 330 млн руб. (палову з іх атрымалі кінатэатры, палову — стваральнікі). Андрэй Курэйчык плануе, што новая стужка збярэ ў тры-чатыры разы больш грошай, чым папярэдняя. На сёння вядома, што ў Мінску фільм пакажуць мінімум 4 залы, Silver Screen, АртКінатэатр (ГД «Тытан»). Па рэгіёнам пакуль вядуцца перамовы, там яны пройдуць, верагодна, са змяшчэннем у 1,5–2 тыдні.
Аб’яднанне Bez Buslou Arts ставяць перад сабой мэту выдаваць па адной поўнаметражнай беларускай карціне ў год. Падчас прэзентацыі сцэнарыст-рэжысёр Андрэй Курэйчык выказаўся, што ўсё жыццё ён рабіў навагоднія стужкі, але ўсё — расійскае. І вось, нарэшце, ён здымае сваё, беларускае. Ён адзначыў: «Я не жадаю рабіць тут расійскае кіно. Расійскае кіно я раблю ў Расіі. А тут я жадаю рабіць беларускае кіно. І задача простая – каб яно акуплялася на беларускім рынку».
Праз паўтары тыдня будзе прадстаўлены трэйлер да стужкі. А 29 снежня фільм выйдзе ў Мінску (як мінімум – у кінатэатрах SilverScreen), пры магчымасці — адначасова і ў Брэсце.