“Нас дастала вышыванка”, альбо 75 ідэй для Беларусі за 21 хвіліну

Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ,.!adnak, арганізаваны кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і парталамmarketing.by, запомніўся ўдзельнікам не толькі цырымоніяй узнагародаў: традыцыйная адукацыйная праграма сёлета выявілася надзвычай разнастайнай. “Будзьма” расказвае пра найбольш цікавыя моманты праграмы.



dsc_7898.jpg

Ілля Андрэеў

Рэкламшчык Ілля Андрэеў 5 гадоў таму з’ехаў у Маскву і пачаў працаваць кіраўніком творчай групы агенцтва Proximity Russia. Каб трошкі ўявіць, чым слаўная гэтая кампанія, варта проста прыгадаць, што ў Нью-Ёрку кампанія мае свой уласны дзень — такім чынам улады горада аддзячылі творцам за глабальны ўнёсак у культуру горада.

На фестываль ,.!adnak спадар Андрэеў прыехаў з майстар-класам, мэтай якога было дапамагчы рэкламшчыкам-пачаткоўцам генераваць новыя ідэі па той ці іншай тэме.

“Вытворчасць харошых ідэяў — гэта зусім не магія, гэта навука, — кажа спадар Ілля і пачынае “палохаць” прысутных статыстыкай. — 80 адсоткаў намаганняў, якія вы ўкладаеце ў тую ці іншую справу, — лухта, рэальна працуюць толькі астатнія 20. То бок калі нам патрэбная годная ідэя, то генераваць трэба як мінімум 20, адна з іх і будзе патрэбная”.

Гучыць досыць манструозна — часам на адну ідэю ідзе некалькі дзён, а тут адразу трэба дваццаць. Але ж мусіць быць нейкі спосаб, які дапаможа хутка вызначыць харошую ідэю і пазбавіць аўтара ад перажыванняў і дэпрэсіі.

“Наша культура вымагае хуткага выніку, — кажа спадар Андрэеў. — Аднак часам можа “стрэліць” самая нечаканая ідэя. Калі ў Брытаніі запусцілі акцыю “Назаві славутае месца, у якім быў, па-кітайску, і пазнач на мапе”, колькасць турыстаў з Кітая павялічылася на 27 працэнтаў. Здаецца, куды прасцей, але як гэта было прыдумана?”

Пакуль частка аўдыторыі задумалася над тым, ці дапаможа турызму ў Беларусі перайменаванне мінскага праспекта Незалежнасці ў нешта кшталту  独立大道, спадар Андрэеў прапанаваў наведнікам азнаёміцца з універсальным інструментам па генерацыі новых ідэяў”.

“Наша агенцтва на Філіпінах стварыла спецыяльны сайт crapideas.com, гэта і ёсць генератар ідэяў”, — кажа спадар Ілля.

Сэнс працы сайта ў наступным: трэба хутка сфармуляваць сто ідэяў — першае, што прыйдзе ў галаву: на стварэнне і занатоўванне кожнай даецца не больш за хвіліну. І вы маеце сто ідэяў рознай ступені якасці (заўважым, што назва сайта перакладаецца як, хм, “так-сабе-ідэя”) з якіх можна будзе абраць тыя дзесяць, якія і будуць найбольш цікавымі.

“Давайце паспрабуем, як гэта працуе, — прапануе Ілля Андрэеў. — Наша задача — прыдумаць 75 ідэяў па развіцці турызму ў Беларусі. Нам надакучылі вышыванкі і васількі як сімвал краіны? Давайце прыдумаем новы варыянт. Вы кажаце тое, што прыходзіць вам у галаву — я занатоўваю”.

budzma.by__wp_content_gall_d54105af6c8d0dc79ea7742a316ee465.jpeg

Аўдыторыя адукацыйнай праграмы, якая налічвала куды больш за 50 чалавек, адразу ўключылася ў прапанову.

“Самыя прыгожыя дзяўчаты”

“Запаведнік СССР”

“Рамантычныя конікі начамі ў траве”

“Вада ў Свіслачы мае карысныя эфекты”

“Можна сабраць вядро чарніцаў задарма”

Такім чынам, 75 ідэяў для развіцця турызму былі згенераваныя за 21 хвіліну. Канечне, большасць з іх была хутчэй жартоўнай, але пад кіраўніцтвам спадара Андрэева атрымалася назбіраць цэлых дзесяць цікавых — ад згаданых вышэй конікаў да “краіны, у якой няма манет”.

“Такім чынам, за 21 хвіліну мы знайшлі дзесяць арыгінальных ідэяў, якія можна браць “у працу”, — кажа спадар Ілля. — Гэта не адзіны спосаб, можа, і не самы эфектыўны, але выкарыстоўваюць яго па ўсім свеце”.

Такім чынам, маючы генератар ідэяў, цяпер кожны з вас можа стварыць свае 100 ідэй для Беларусі. Паспрабуем?

Мікалай Левертаў, budzma.by

фота Марыны Серабраковай