Навошта традыцыйныя песні ў сучасным горадзе? Нарвежскі адказ ад WARDRUNA і беларускія развагі
Падчас фестывалю MENUO JUODARAGIS у Літве лідар гурта WARDRUNA Эйнар Сэлвік выступіў з прамовай пад старажытным дубам. Яго падыход да традыцыйнай музыкі значна адрозніваецца ад беларускага. Нашы музыкі таксама дзеляцца развагамі.
Фестываль MENUO JUODARAGIS прайшоў у апошнія выходныя жніўня на адной з выспаў возера Дубурыс пад Зарасаем (Літва). Гурт WARDRUNA быў хэдлайнерам. Перад выступам на галоўнай сцэне лідар гурта Эйнар Сэлвік на пляцоўцы-капішчы падзяліўся развагамі з прыхільнікамі. Падчас прамовы Эйнар прадэманстраваў гучанне копій старажытных нарвежскіх музычных інструментаў, рога і кравікліры (арыгінал пачатку XVI стагоддзя захоўваецца ў музеі ў Осла; у часы вікінгаў кравікліры мелі вузейшую і больш выцягнутую форму). Рог у традыцыі слугаваў пераважна не для музіцыравання, а для перадачы сігналаў на адлегласці: «У мяне здохла карова», «Я хачу есці» і г. д… Гэта, па словах Эйнара «Мабільны тэлефон эпохі вікінгаў».
Эйнар Сэлвік, лідар гурта WARDRUNA, які адносяць да фольк і эмбіент накірункаў; граў у блэк-метал гуртах:
— Старыя песні адышлі. Цяпер варта рабіць нешта новае, выкарыстоўваючы нешта старое. У Нарвегіі людзі не дужа звязаныя з традыцыяй. Яе хутчэй саромеюцца, бо наша старажытная гісторыя зафіксавана пераважна хрысціянскімі храністамі, у вельмі непрывабным выглядзе. Дэманстраваць гонар сваёй гісторыяй складана, рызыкуеш, што цябе назавуць «правым» ці «нацыяналістам». У той жа час руны, напрыклад, актыўна эксплуатуюцца сучаснымі эзатэрыкамі самага рознага кшталту, якія спрабуюць іх спалучыць з кабалістычнай сістэмай ці яшчэ з нечым… Гэтыя людзі прыдумляюць для кожнай руны асобнае значэнне, не разумеючы, што руна мела сэнс толькі ў складзе слова, сказа… Само слова «руна» першапачаткова мела значэнне «ствараць гук». (Аўт. –альбомы WARDRUNA выдаваліся як частка трылогіі «Runaljod» — «Гук рун»). Першы альбом я рабіў сем гадоў… У сучасным заходнім грамадстве, асабліва хрысціянскім, мы думаем у катэгорыях чорнае/белае, а ў традыцыі гэта не так… Паганскія традыцыі — гэта не абавязкова думкі пра мінулае, але і стварэнне чагосьці новага ў цяперашнім часе.
На пытанне «Навошта традыцыйныя песні ў сучасным горадзе?» адказалі аматаркі народных спеваў, якія не займаюцца інтэрпрэтацыяй фальклору, але імкнуцца выканаць песні так, як яны гучалі даўней.
Ганна Сілівончык, старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, выкладчыца гуртка па спевах, займаецца спевамі на працягу 10 гадоў, спявала ў гурце GUDA, зараз — удзельніца гурта DAINAVA:
— У Беларусі традыцыйныя спевы застаюцца часткай сучаснай культуры. Існуе шмат шляхоў да гармоніі з навакольным светам. Хтосьці займаецца жывапісам, лацінаамерыканскімі танцамі, боксам... Для мяне такім шляхам стаў традыцыйны спеў. Пяючы я адчуваю, быццам бы гляджу ў калодзеж тысячагадовай глыбіні, пяю не пра сябе-цяпер, а разумею жыццё сваіх дзядоў і ўсіх мінулых пакаленняў. Песні захоўваюць у сабе тысячагадовую мудрасць і досвед, настройваюць чалавека на разуменне свету і жыцця. Спеў дазваляе раскрыць у сабе вельмі тонкае адчуванне свету, бо ты вучышся чуць сябе, іншых людзей, наваколле.
Не ўсім людзям гэта патрэбна, але для некаторых спеў становіцца вельмі добрай практыкай. Ён вучыць шчырасці, мудрасці, адчуванню сябе. Ты адчуваеш, як рэзануе гук, дзе ён знаходзіцца ў целе, як ён выходзіць з цябе разам з дыханнем. Спеў вучыць разумець сябе і псіхалагічна, бо звычайна абіраеш песні сабе па сэрцы. Пакуль не паспрабуеш, не зразумееш. Раней людзі ў вёсках усё рабілі самі, і спявалі, і танцавалі, і гэта, мне здаецца, вельмі істотна для добрага адчування сябе ў свеце і здаровага псіхаэмацыйнага жыцця.
Аляксандра Сайкоўская, займаецца спевамі апошнія паўгода ў гуртку Ганны Сілівончык пры Студэнцкім этнаграфічным таварыстве:
— У залежнасці ад абставін, у якіх чалавек сутыкаецца ўпершыню з традыцыйнымі спевамі, яны раскрываюцца для яго па-рознаму: падаюцца то экзотыкай, то незвычайным відам мастацтва, то магіяй, то несучаснымі вясковымі песнямі, то нечым з дзяцінства, то нечым сямейным, то нечым душэўным… Для мяне традыцыйны спеў – гэта і адзін з відаў актыўнасці ў этнаграфічным руху, і адпачынак, і пазнаванне сябе, культуры, традыцыі, і праца над сабой, і баўленне часу, і занятак у кампаніі, і магчымасць пабыць сам-насам. Некалі нашыя продкі пераймалі песні і манеру выканання адзін ад аднаго. Наколькі я разумею, не было непасрэдна працэса навучання спевам. Сёння мы жывем у іншых умовах, у іншым асяроддзі. Умець/вучыцца сьпяваць у традыцыйнай манеры – гэта нешта нефармальнае, надзвычайнае. Такой стварыўся імідж. Але насамрэч гэта звычайны занятак для душы, спосаб працы над сабой і над сваім асяроддзем. І ў спевах, канечне ж, ёсць свая філасофія. Але кожны шукае і выбірае сваю глыбіню незалежна ад таго, дзе ён жыве – у горадзе, ці на вёсцы, ці на марской выспе.
Ірына Паўловіч, займаецца спевамі два гады ў гуртку Ганны Сілівончык пры Студэнцкім этнаграфічным таварыстве:
Падчас спявання я адчуваю, як яно ўплывае на агульны стан, на настрой, асабліва калі песня вельмі кладзецца на душу. Захапленне спевам – такое ж захапленне, як любой практыкай, што разнявольвае: ёга, пілатэс, фітнэс, каму што падабаецца. Чаму б у вялікай разнастайнасці гарадской культуры не быць і традыцыйным спевам? У пэўным сэнсе яны — падмурак для эстэтычнага ўспрыняцця сусвету, разумення прыгажосці навакольных гукаў. Традыцыйныя спевы не мусяць нiкуды знiкаць i не мусяць быць назаўжды закансерваваныя ў запiсах. Традыцыйны спеў можа iснаваць i развiвацца ў сучасным асяродку.