«О, Матуля, старонка мая !»
Беларускі чытач мала ведае пра Алеся Салаўя: творы гэтага выдатнага беларускага паэта ніколі не друкаваліся ў Беларусі. І вось першая кніга, прысвечаная жыццёваму шляху і творчасці паэта, пад назвай «Алесь Салавей» — падарунак беларускім чытачам ад выдавецтва «Лімарыус» (серыя «Галасы Айчыны»). (На выяве: Анатоль Крывенка (1942, Мінск))
Беларускі чытач мала ведае пра Алеся Салаўя: творы гэтага выдатнага беларускага паэта ніколі не друкаваліся ў Беларусі. І вось першая кніга, прысвечаная жыццёваму шляху і творчасці паэта, пад назвай «Алесь Салавей» — падарунак беларускім чытачам ад выдавецтва «Лімарыус» (серыя «Галасы Айчыны»).
(На выяве: Анатоль Крывенка (1942, Мінск))
Балотны агонь
Кніга вызначаецца высокім навуковым узроўнем, а ўкладальнікам яе, аўтарам прадмовы і каментара з’яўляецца беларускі паэт, эсэіст, перакладчык Міхась Скобла. Тыраж кнігі «Алесь
Салавей» невялікі, усяго 400 асобнікаў.
На яе амаль 260-ці старонках надрукаваны вершы, паэмы, драматычныя творы паэта, на астатніх 220-ці старонках змешчаны лісты Алеся Салаўя, адрасаваныя паэтам-эмігрантам Ларысе Геніюш, Рыгору Крушыну,
Масею Сяднёву, Вітаўту Тумашу, Антону Адамовічу, а таксама ўспаміны сучаснікаў пра Алеся Салаўя. Кніга выйшла ў цвёрдым пераплёце і аздоблена шматлікімі фотаздымкамі.
Творчасць Алеся Салаўя, таксама як і вышэй згаданых паэтаў-эмігрантаў, належыць да ліку напаўпадпольнай літаратуры, яна быццам існуе, а быццам і не. У кнізе «Акно для матылькоў»
Міхась Скобла параўноўвае беларускую эмігранцкую літаратуру з незгасальным падземным агнём торфу: агонь гэты тушаць і пажарнікі, і заліўныя дажджы, а ён усё гарыць. І прыходзіць час —
вырываецца на паверхню, палыхнуўшы з падвойнай сілай.
Балотны агонь — вельмі трапная метафара творчасці Алеся Салаўя, якая належыць Ларысе Геніюш. Іхнія творы ўжо чытаюць, нягледзячы на дарэмныя намаганні таталітарных
«пажарнікаў».
На Беларусі цікавае і змястоўнае даследаванне жыцця і творчасці Алеся Салаўя здзейсніла пісьменніца, педагог, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Лідзія Савік у нарысе
«Жыву і дыхаю, мой край, табой…», змешчаным у яе кнізе «Пакліканыя».
Сын «ворагаў народу»
Сапраўднае прозвішча Алеся Салаўя — Альфрэд Радзюк, а нарадзіўся ён 1 мая 1922 года ў вёсцы Крысава, што ў шасці кіламетрах ад Койданава (Дзяржынска).
Мне неаднаразова даводзілася наведваць гэтую вёску, размешчаную на беразе ракі Вусы. Старыя ліпы на ўскраіне вёскі, шматлікія буслянкі, рэчка — усе гэтыя маляўнічыя краявіды з дзіцячых гадоў
зачароўвалі малога Альфрэда, якога бацькі і сябры клікалі ласкава Фрэдзя.
Вершы хлопчык пачаў складаць з васьмігадовага ўзросту, і першымі добразычлівымі яго слухачамі і «крытыкамі» былі высокаінтэлігентныя бацька Васіль Раманавіч і маці Марыя Сяргееўна.
Бацька паэта атрымаў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, працаваў у вёсцы Самахвалавічы, на Чэрвеньшчыне (Натальеўск), у вёсцы Вялікія Навасёлкі (Койданаўшчына), а ў 1934 годзе сям’я
пераехала ў Койданава, дзе Васіль Раманавіч займаў пасаду загадчыка гандлёвага аддзелу Койданаўскага райспажыўсаюза. Фрэдзя вучыўся ў Койданаўскай сярэдняй школе разам з вядомым у будучым гісторыкам
Міколам Ермаловічам, ураджэнцам вёскі Малыя Навасёлкі.
«Партрэт паэта Алеся Салаўя», 1994.
ДВП, алей. 40х30 см
Усе раннія юнацкія вершы Алеся Салавей прысвяціў роднаму краю, захапленню прыродай. У 1937 годзе яго першыя вершы («На сенажаці», «Шылава гара»,
«Ты», « Выйдзі, паслухай») з’явіліся на старонках часопіса «Піянер Беларусі» і раённай газеты «Ударнік
Дзяржыншчыны».
Чорнай жнівеньскай ноччу ў тым жа 1937-м на яго вачах, а таксама трох малодшых дзяцей (двух братоў і сястры), органамі НКУС былі арыштаваныя бацька і маці. Іх Альфрэд больш ніколі не ўбачыць.
Гартаю кнігу «Памяць. Дзяржынскі раён»: Радзюк Васіль Раманавіч расстраляны ў Мінску 10 студзеня 1938 года. Рэабілітаваны ў маі 1960-га. Парэшткі яго знаходзяцца, верагодней за ўсё,
у сумнавядомых Курапатах. Маці, Марыя Сяргееўна, асуджана на 10 гадоў зняволення, рэабілітавана 8 студзеня 1956 года. Адбыўшы поўны тэрмін зняволення, яна рана пайшла з жыцця, і пахавана на могілках
у вёсцы Вязань, што побач з Фаніпалем.
Пасля гэтай трагедыі ў школе Альфрэд з’яўляўся рэдка, бо трэба было зарабляць на хлеб, працуючы на торфараспрацоўках, вывазцы лесу, разгрузцы вагонаў. У верасні юнак паступіў вучыцца ў
Мінскае педагагічнае вучылішча, якое не скончыў з-за дрэнных жыццёвых умоў.
Летам 1938 года Альфрэд Радзюк быў запрошаны на курсы маладых аўтараў, дзе пазнаёміўся з паэтамі Міколам Аўрамчыкам, Аркадзем Куляшовым. Заняткі на курсах праводзілі Пятро Глебка і Кузьма Чорны.
Такім чынам, Алеся Салаўя можна лічыць паэтам-самавукам. Ці да навукі было тады яму, узяўшаму клопаты пра братоў і сястру? Да пачатку вайны Алесь нейкі час працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай
газеты «Чырвоная Лагойшчына». На фронт яго не ўзялі з прычыны хворага сэрца і кепскага зроку.
Перад прыходам немцаў ён напісаў верш «Відаць, забыў Напалеона», у якім кляйміў Гітлера і яго кліку. Верш трапіў у рукі немцаў, паэт быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, з якой ледзь
выбраўся. Але і да партызан не прыстаў: яго, сына «ворагаў народа», мог у партызанскім атрадзе прыстрэліць які-небудзь Хрумкач—Крумкач (антыгерой аповесці А. Рыбака
«Хрумкач»).
Вайна
Увосень 1941 года паэт пакідае Лагойск, пераязджае ў Мінск і ўладкоўваецца ў рэдакцыю «Беларускай газеты», дзе працавала паэтка Наталля Арсеннева, вернутая з казахстанскай ссылкі з
двума сынамі. Друкуецца ў газетах пад псеўданімамі Алесь Вясновы, Алесь Вясёлка, а свой верш «Радасць жыцця» ён упершыню надрукаваў пад псеўданімам Алесь Салавей. Давялося паэту
працаваць і ў гарадскім пасёлку Ілья, што на Вілейшчыне, дзе ім былі напісаны вершы «Маці чакае сына з вайны», «Спі, мой родны». У вершы
«Беларусі», напісаным паэтам там жа, ёсць такія радкі: «За цябе маё сэрца балела, дарагая мая Беларусь». Тэма патрыятызму гучыць і ў іншых вершах Алеся Салаўя.
Шмат вершаў ён прысвяціў Усяславу Чарадзею, Францыску Скарыну, Сымону Буднаму, Максіму Багдановічу, уславіў мясціны, дзе давялося яму пабываць (Мінск, Лагойск, Вільня, Маладзечна, Койданава).
У Рызе Алесь Салавей працаваў намеснікам галоўнага рэдактара беларускага часопіса «Новы шлях». Тут пабачыў свет яго паэтычны зборнік «Мае песні».
Падчас наступлення Савецкай Арміі Алесь Салавей пакручастым шляхам з Рыгі трапляе ў Берлін. Ён ведае, што ад вызваліцеляў яго чакае, як і бацьку, расстрэл, хаця паэт не адчуваў за сабой ніякай віны
перад савецкай уладай, хутчэй наадварот, перад ім была вінаватая ўлада, якая асіраціла яго і ягоных братоў і сястру.
У Берліне, у логаве фашыстаў, ён напісаў верш «Frohliche Weihnachten», што ў перакладзе азначае пажаданне «Вясёлых Каляд!». У гэтым вершы ёсць такія радкі, што
праклінаюць фашыстаў: «Карае вас, карае Божы меч ліхіх бясчынных». У той час яшчэ дыміліся печы Бухенвальда і Дахау, куды мог бы патрапіць паэт, калі б гэты верш трапіў у рукі
немцаў.
Эмігрант
Пасля Берліна Алесь Салавей кароткім заездам наведаў Прагу, дзе адбылася яго сустрэча з Ларысай Геніюш, і неўзабаве апынуўся ў Аўстрыі (Зальцбург), дзе да 1949 года прабыў у лагеры для выгнанцаў. Тут
ён ажаніўся з Зінаідай Кадняк і стаў бацькам сына Міхася і дачкі Ганны.
Гэты перыяд жыцця Алеся Салаўя незвычайна плённы ў паэтычных адносінах. За гэты час ён напісаў паэмы «Домік у Менску», «Звіняць званы Святой Сафіі»,
«Сын», тут убачыў свет зборнік паэзіі «Сіла гневу». У адным з вершаў паэта «Мая Беларусь», уключаным у гэты зборнік, ёсць такія цудоўныя радкі, у
якіх бачна яго шчырая любоў да Беларусі: «О, мая Беларусь! Хто з табой, той — шчаслівы, краю лепшага той, хто шукаў — не знайшоў». Тэмы любові і тугі паэта па
Беларусі гучаць і ў вершы «Не пакіну»: «Цяжка тут без цябе на чужыне, О, Матуля, старонка мая !»
У 1949 годзе Алесь Салавей з сям’ёй выехаў у Аўстралію. У Мельбурне набыў кавалак зямлі, пабудаваў уласны дом і ўвесь час працаваў на фабрыцы. У Аўстраліі ў яго сям’і нарадзіўся
яшчэ адзін сын — Юрка. У вершах, напісаных на далёкай чужыне, — боль паэта па страчанай роднай Беларусі. « На моры-хваль віры. Між іх знайшоў спакой нязнаны спыну сум
— адзіны сябра мой» (верш «Сум»).
Красамоўная дэталь: жывучы на далёкім кантыненце, паэт не прысвяціў яму ні аднаго верша, жыў надзеяй на вяртанне ў вольную незалежную Беларусь. Яго вельмі падтрымлівала ліставанне з Ларысай Геніюш,
калі яна жыла пасля вызвалення са сталінскага ГУЛАГу ў Зэльве. Выдатная паэтка дасылала Алесю Салаўю кнігі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча. У 1952 годзе паэт падрыхтаваў да друку
рукапісы двух новых сваіх зборнікаў: «Вянкі» і «Несмяротнасць», якія выйшлі ў свет ужо пасля яго смерці. Найвялікшым сваім скарбам Алесь Салавей лічыў родную
пявучую беларускую мову.
Памёр Алесь Салавей 22 студзеня 1978 года ў Мельбурне, у час купання ў акіяне ад разрыву сэрца. Там жа, у Мельбурне, на Беларускіх могілках, і пахаваны.
Вяртанне паэта
Першая прэзентацыя кнігі «Алесь Салавей» адбылася на радзіме паэта, у Дзяржынску (Койданаве), у чытальнай зале Дзяржынскай раённай бібліятэкі. Усе бібліятэкі раёна набылі кнігі
свайго выдатнага земляка.
А ў лістападзе адбылася прэзентацыя гэтай кнігі ўжо ў сталіцы, ва ўтульнай зале Дзяржаўнага музея гісторыі старажытнай беларускай літаратуры. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, на прэзентацыю прыйшоў
патрыярх беларускай паэзіі паэт Мікола Аўрамчык, які расказаў пра асабістае знаёмства з Алесем Салаўём. Лідзія Савік, якая вяла перапіску з жонкай Алеся Салаўя, Зінаідай Кадняк і была асабіста знаёма
з паэтамі-эмігрантамі Масеем Сяднёвым і іншымі, адзначыла, што за мяжой знаходзіцца шмат архіўных матэрыялаў і твораў паэтаў-эмігрантаў, якія прадстаўляюць вялікую каштоўнасць і павінны знаходзіцца
на Беларусі. Вярнуць гэтае багацце на Радзіму — святы абавязак работнікаў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Мікола Аўрамчык падчас прэзентацыі кнігі
У прамовах усіх выступоўцаў — Генадзя Бураўкіна, Сяргея Панізніка, Валянціны Трыгубовіч і іншых — гучала, што творы Алеся Салаўя павінны вывучацца ў школе і мусяць друкавацца
дзяржаўнымі выдавецтвамі. Сваім паэтычным талентам паэт назаўсёды застаўся ў беларускай літаратуры. Час замоўчвання літаратурнай спадчыны паэта Алеся Салаўя, як і паэткі Ларысы Геніюш, іншых
паэтаў-эмігрантаў, прайшоў. З выхадам у свет кнігі «Алесь Салавей» пра гэтага цудоўнага паэта будзе ведаць і будзе яго чытаць ўся наша сапраўды незалежная ў недалёкім будучым
Беларусь. А гэты час прыйдзе!
Лявон Целеш