Велікодныя і перадвелікодныя звычаі беларусаў
У вёсцы Данілевічы каменны крыж завуць «дзевачкай», ці Еўкай. Еўцы на Вялікдзень нясуць пачастункі (яйкі, булкі, цукеркі), а на Спаса кладуць
яблык. А ў велікодную ноч паляць вогнішчы перад хатамі і страляюць (лічылася, што такім чынам
«клічуць Ісуса Хрыста»).
Найбольш актыўна да Вялікадня ў беларускай вёсцы рыхтуюцца ў апошні тыдзень. Шчырыя вернікі трымаюць Вялікі пост і такім чынам рыхтуюцца да свята за 40 дзён. Аднак, самая актыўная падрыхтоўка пачынаецца з Вербніцы. І ў вёсках, і ў гарадах вербачкі часта свецяць нават людзі, што ў царкве на працягу года не бываюць.
Вясковыя хутчэй прыйдуць у царкву са звычайнымі “коцікамі”, хіба павяжуць чырвонай ніткай. У Мінску ж сёлета ў якасці ўпрыгожвання вербачак заўважаныя сухакветы, стужачкі, штучныя кветкі, фігуркі матылёў і птушак.
Пасля асвячэння вербачкі захоўваюцца за абразамі на працягу года, часта разам з грамнічнымі (асвечанымі 2-га ці 15-га лютага) свечкамі. Перад наступнай Вербніцай старыя вербачкі спальваюць.
Дзе-нідзе сустракаецца звычай адносіць вербачкі на могілкі. Гэта могуць быць як проста “коцікі”, так і адмыслова ўпрыгожаныя галінкі вярбы, як, напрыклад, у Докшыцкім раёне.
Пачастунак, пакінуты на надмагільным крыжы, в. Данілевічы Лельчыцкага р., 2016 г.
Да Чыстага чацвера прыбіраюць хату і гаспадарчыя будынкі. Самім, вераць, трэба памыцца да ўзыходу сонца. Істотная частка падрыхтоўкі да Вялікадня — гатаванне святочнай ежы. І ў вёсцы, і ў горадзе фарбуюць цыбульнікам яйкі, пякуць булкі. Звычайна гэта адбываецца ў Вялікую суботу. Бывае, што яйкі распісваюць воскам. Калі ў хаце нехта памёр на працягу апошняга года, яйкі не фарбуюць.
У вёсцы Данілевічы Лельчыцкага раёну прынята было ў велікодную ноч паліць вогнішчы перад хатамі і страляць (лічылася, што такім чынам “клічуць Ісуса Хрыста”). У некаторых хатах замест вогнішча пакідаюць святло гарэць усю ноч у адным пакоі ці запальваюць свечку. У в. Сіманічы Лельчыцкага р. тлумачаць гэтыя звычаі тым, што ў велікодную ноч Бог ходзіць па зямлі і завітвае на вогнішча ды святло пагрэцца, прыносіць гаспадарам Долю. Сустракаюцца таксама тлумачэнні, што ў светлую ноч усё павінна быць светлым.
Па ўсёй Беларусі перад Вялікаднем абнаўляюць тэкстыль на прыдарожных крыжах. У Лельчыцкім раёне ў дадатак да таго “пераапранаюць” каменныя крыжы. Старую “вопратку” паляць у Вялікую суботу, а на Вялікдзень з самага ранку павязваюць на крыжы новыя “аброкі” (фартушкі, хустачкі, каралі).
У вёсцы Данілевічы каменны крыж завуць “дзевачкай”, ці Еўкай. Па легендзе, у камень ператварылася дачка, праклятая маці за ляноту. Быццам бы яны жалі, насоўвалася хмара, і старэйшая жанчына хацела дажаць да канца поля, пакуль не пойдзе дождж. Дачка ж не паспявала за маці і тая, раззлаваўшыся, сказала: “Каб жа ты камянём стала!” Пашкадавала пра свае словы, ды было позна…
Еўцы на Вялікдзень нясуць пачастункі (яйкі, булкі, цукеркі), а на Спаса кладуць яблык.
У Данілевічах на Вялікдзень водзяць карагоды, наведваюць могілкі, жанчыны апранаюць даўнейшыя святочныя строі (ці хаця б фартухі ад іх).
У вёсцы Крамянец Лагойскага раёна на Вялікдзень носяць пачастункі да Святога каменя. Ён мае паглыбленні-“слядкі”
(навукоўцы атрыбутуюць яго як валун-следавік Бронзавага веку). Невядома
дакладна, для якіх культаў выкарыстоўваліся такія камяні ў даўніну. З пачатку
ХХ ст. фіксуюцца павер’і, што вада са “слядкоў” гаючая. Паглыбленні нібыта
з’явіліся ад таго, што на камяні пастаяў ці то сам Бог, ці то Багародзіца.
Пра крамянецкі
камень распавядаюць, што, падважыўшы яго на калах у засуху, 9 удоў разам могуць
выклікаць дождж; што камень нельга ссунуць з месца і што калі рабілася такая
спробы, то пачалася залева, якую спынілі толькі вяртаннем камяня на месца… Як і
да Еўкі з Данілевічаў, да Святога камяня ідуць на Вялікдзень на досвітку і
таксама носяць яблыкі на Спаса. Завітваюць і ў любы іншы час, абавязкова з
пачастункам ці грашыма (іх потым збіраюць і аддаюць на царкву).
У паўночнай і ўсходняй Беларусі на Вялікдзень абыходзілі двары валачобнікі, славячы гаспадароў песнямі і збіраючы пачастункі. Дзе-нідзе звычай захаваўся ці ўзноўлены мясцовымі энтузіястамі. Традыцыйна ў валачобнікі хадзілі мужчыны, у апошнія дзесяцігоддзі далучаюцца і жанчыны.
Відэа Сяргея Лескеця
У заходняй Беларусі на Вялікдзень абыходзяць двары дзеці. Іх завуць “жакамі” ці “жачкамі”. У некаторых вёсках яны спяваюць, у іншых — дэкламуюць вершыкі. За гэта дзяцей частуюць слодычамі. У адрозненні ад купальскіх ці калядных, велікодныя песні надзвычай рэдка выкарыстоўваюцца сучаснымі музыкамі для інтэрпрэтацый. Як НЧ нядаўна пісаў, звычай “жакі” пераасэнсаваў бард Сяргей Башлыкевіч у аднайменнай песні.
З Вялікадня (у некаторых раёнах — з Дабравешчання) у Беларусі пачынаюцца “стрэльныя” карагоды. “Водзяць стралу” (“стрылку”, “сулу”) 40 дзён, а на Ушэсце “хаваюць” (закопваюць у жыта нейкі прадмет. Гэта можа быць нешта металічнае, грабеньчык ці лялька). У Бездзежы на Вялікдзень водзяць карагод ля царквы, спяваючы песню “Ты лыты, лыты стрылка”. Стаяць 3 купкі дзяцей, а вакол іх старэйшыя ўдзельнікі ідуць змейкай.
У Маркавічах “стрэльныя” карагоды пачынаюцца на другі дзень Вялікадня, у панядзелак. Удзельнічаюць толькі дзяўчаты. На скрыжаванні дарог ставяць трох малых, абыходзяць іх змейкай, падкідаюць. Такі карагод завецца “крывы танок”.
Вялікдзень — істотнае свята і для вяскоўцаў, і для гараджанаў. Да таго ж захоўваюцца мясцовыя формы яго падрыхтоўкі і правядзення, настолькі адметныя, што некаторыя з іх маюць статус нематэрыяльнай гістотрыка-культурнай каштоўнасці Беларусі (у Данілевічах і Бездзежы, а таксама — звычаі распісваць яйкі і вырабляць “пальмы” на Вербніцу ў Сапоцкіне Гродзенскага раёна, хросны ход у чацвер пасля Вялікадня ў в. Аброва Івацэвіцкага р.). У святкаванні беларускага Вялікадня шчыльна перапляліся хрысціянскія і дахрысціянскія ўяўленні.
Фота і відэа (акрамя Жачкаў) аўтаркі