Мяне дастала, што ў краіне творыцца

Прапануем вам шчыры расповяд рабацягі, які нечакана пабыў у скуры апазіцыянера.

mishakouski_liava__logo.jpg

Будаўнік Андрэй Мішакоўскі ні да якой грамадскай альбо палітычнай арганізацыі дачынення не мае. Аднак пайшоў на Дзень Волі, бо абурыўся дзеяннямі міліцыі ў дачыненні да анархістаў 15 сакавіка. Кажа, што хацеў пабачыць стаўленне міліцыі да людзей на ўласныя вочы. У выніку быў затрыманы, збіты АМАПам і пакараны пяцісуткавым арыштам.

Малады спартовага выгляду хлопец, які працуе ў будаўнічай кампаніі, займаецца прамысловым альпінізмам, у інтэрнэце ўбачыў відэа, як супрацоўнікі міліцыі ў цывільным выцягвалі з тралейбуса і жорстка затрымлівалі людзей 15 сакавіка. Паводле яго слоў, ён быў узрушаны, што да людзей ставяцца як да быдла, і, калі пабачыў рэкламку пра 25 сакавіка, вырашыў прыйсці і паглядзець на ўсё ўласнымі вачыма.

Штраф на падыходзе да мітынгу

«Жыву я ў Малінаўцы. 25-га сеў на метро і паехаў на Акадэмію навук. Але цягнік спыніўся толькі на метро Маскоўская. Пайшоў пешшу ў цэнтр. Пакуль ішоў, мяне… аштрафавалі. Праезная частка праспекту была перакрытая, транспарту не было. Я пайшоў на сярэдзіну, каб сфатаграфаваць гэта на тэлефон. Праз некаторы час да мяне пад’ехала ДАІ і на мяне аформілі пратакол за «пераход праезнай часткі ў недазволеным месцы». Далі штраф 70 рублёў», — распавядае Андрэй.

Пасля збіцця кінулі нейкую анучу, каб крывёй не запэцкаў аўтобус

«Падыходжу да ачаплення, каля плошчы Калініна кажу: «Хлопцы, на якой падставе вы мне перагарадзілі дарогу. Выходны дзень, я ў сваім горадзе, магу гуляць дзе хачу». Адзін пачаў хапаць за руку, другі — рабіць падсечку. Нейкім цудам ад іх вырваўся. Людзі вакол нават заапладавалі.

Але з натоўпу выскачыў чалавек, ударыў мяне ў твар (аказалася, міліцыянт, потым я яго бачыў у РУУС), зваліў з ног. Падскочылі іншыя міліцыянты, пачалі мяне лупцаваць дручкамі, потым зацягнулі мяне ў зялёны аўтобус МАЗ, якія курсуюць па гарадскіх маршрутах. Пачалі там біць па рэбрах, скакаць па галаве. Я нават страціў прытомнасць. Пакуль мяне везлі ў Заводскі РУУС я ляжаў на падлозе аўтобуса. Мне кінулі нейкую анучу, каб я крывёй не моцна запэцкаў аўтобус», — працягвае расповед Андрэй.

mishakouski_paslia_zbiccia_milicyjaj_2_logo.jpg


Суд з прадказальным прысудам

У РУУСе ў хлопца кружылася галава, ванітавала, ён слаба разумеў, што адбываецца. Прасіў доктара, казалі: «Сядзі! Хочаш саскочыць?». Трымалі гадзіны чатыры на вуліцы, паставілі тварам да сцяны — дождж, снег… Потым у склеп адвялі. Адтуль павезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Там чакалі суда да панядзелка. У панядзелак павезлі ў суд Заводскага раёна.

«Суддзя прасіла распавесці, як было. Я спытаў, ці гэта паўплывае на рашэнне? Яна прызналася, што не. Тады я адмовіўся нешта тлумачыць і распавядаць, няхай, кажу будзе як будзе. Мяне пакралі 5 суткамі арышту», — узгадвае Андрэй.

Акрэсцінскія будні

Двое сутак проста адлёжваўся пасля збіцця. Потым пачаў прыходзіць у сабе. Хлопца пераводзілі з камеры ў камеру. Сядзеў і з прапаведнікамі-украінцамі, і з палітыкам Алесем Лагвінцом, але найбольш уразілі вошы.

«Нехта з ахоўнікаў ставіўся нармальна, па-чалавечы, нехта ставіўся як да сабак. Я напрыклад палю, дык атрымалася папаліць толькі ў апошні дзень, калі нас вывелі ўрэшце на прагулку. Я чытаю правілы распарадку, якія ў іх вісяць, на што маюць правы арыштаваныя, кажу ім дзе то, дзе гэта. Ну мяне і пераводзілі з камеры ў камеру разы тры», — прыгадвае акалічнасці адсідкі Андрэй Мішакоўскі.

«Што ўразіла? Вошы! Калі нас перавялі ў іншую камеру з 2-га на 3-ці паверх. Нейкі дзядуля сядзіць. Гляджу, неяк падазрона калупаецца. Запытваю, ці ўсё добра? Кажа — усё нармальна. Урэшце пачалі глядзець яго адзенне — там у швах вошы поўзаюць. Пачалі патрабаваць памяняць матрацы, тэрмаапрацоўку… У апошні дзень нас адвялі ў душ і апрацавалі адзенне. Бо я ім кажу са смехам: «Ну, хлопцы, я ж прыйшоў да вас без насякомых, адпусціце мяне такім жа».

«Мяне дастала, што ў краіне творыцца»

«Мяне канешне здзівіла такое стаўленне міліцыянтаў да простых людзей. У мяне бацькі ваеннаслужачыя. Сястра таксама. Такога бязмежжа не чакаў. Калі мяне білі, прыгаворвалі: «Ну што зарабіў грошаў, прадажная шкура!» Я кажу: «Хлопцы, пра што вы кажыце, я за сваё выйшаў!» Калі б прапаноўвалі грошы я б не ўзяў. Мяне дастала, што ў краіне творыцца. Я прыехаў адзін і ішоў адзін з думкай, што калі выйдуць такія як я, нешта зменіцца. Абурэнне на канапе нічога не вырашыць», — падсумоўвае Андрэй Мішакоўскі.