Пабачыла свет першая кніга пра драўляную забудову Гомельшчыны
Грунтоўнае даследаванне асаблівасцяў народнай архітэктуры вядомага гомельскага краязнаўцы Яўгена Малікава выйшла з друку ў выдавецтве «Беларуская навука».
Кніга мае назву «Традыцыі разьбянога дэкору ў народнай
архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі (канец ХІХ-першая палова ХХ ст.)». Тыраж кнігі, якая змяшчае 306 ілюстрацый, складае
500 экзэмпляраў. Надрукавана яна на мелаванай паперы, што дазволіла перадаць
большасць ілюстрацый у колеры і высокай якасці.
Рэцэнзентамі выступілі доктар мастацтвазнаўства Т.В. Габрусь і доктар мастацтвазнаўства, прафесар Я.М. Сахута. Выпуск выдання ажыццёўлены па замове і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Даследнік Яўген Малікаў адзначае, што праца над кнігай вялася ім каля 20 год.
Змест
даследавання па главах:
Глава 1. Гістарыяграфія вывучэння праблемы, крыніцы і методыка даследавання
Глава 2. Станаўленне традыцый драўлянага архітэктурнага дэкора на тэрыторыі
паўднёва-ўсходняй Беларусі
Глава 3. Тэхналогіі выканання разьбянога дэкора
Глава 4. Сувязі разьбянога аздаблення драўлянай архітэктуры з
дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам Беларусі
Глава 5. Прафесійныя архітэктурныя стылі і дэкор народнага дойлідства
Глава 6. Лакальныя традыцыі драўлянага архітэктурнага дэкора
глава 7. Рэгіянальныя спосабы мастацка-архітэктурнага спасціжэння прасторы
Глава 8. Агульныя рысы разьбянога дэкора народнай архітэктуры паўднёва-ўсходніх
раёнаў Беларусі
У хуткім часе выданне трапіць у кнігарні. Меркаваны кошт – каля 25 рублёў.
Цягам апошніх дзесяцігоддзяў у Гомелі ўладамі паслядоўна руйнуецца традыцыйная драўляная забудова. Мясцовыя чыноўнікі не прызнаюць у старых будынках каштоўную гістарычную спадчыну і на іх месцы паступова вырастаюць безаблічныя бетонныя гмахі. Гомельскія абаронцы драўлянай забудовы спадзяюцца, што выданне кнігі можа паступова змяніць сітуацыю.
Паводле Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны