Палешукі ў Мінску (фотавыстава)
1 лютага ў мінскай бібліятэцы № 14 імя Францішка Багушэвіча (вул. Прытыцкага, 42) пачынае працу фотавыстава Альфрэда Мікуса «Палешукі».
![afisza_mikus.jpg afisza_mikus.jpg](/img/v1/userfiles/images/afisza_mikus.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Большасць здымкаў, што будуць экспанавацца, Альфрэд зняў у 2016-м годзе на Троіцу. Таму на тварах людзей, акрамя адбітку пражытых гадоў, – водбліск свята, узнятага настрою.
![781a9738_min.jpg 781a9738_min.jpg](/img/v1/userfiles/images/781a9738_min.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Палессе займае траціну тэрыторыі Беларусі. Рэгіён здаўна вабіў творцаў. З аднаго боку, дзякуючы багнам і паводкам, Палессе ў пэўным сэнсе ізаляванае ад «вялікага свету», таму тут захавалася шмат праяў архаічнай духоўнай і матэрыяльнай культуры. З іншага боку, па поўдні Беларусі адносна рана прайшла чыгунка, добра быў развіты рачны транспрат, таму край быў хоць і «глухі», але ўсё ж дасяжны.
![781a9502_min.jpg 781a9502_min.jpg](/img/v1/userfiles/images/781a9502_min.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![781a9165_min.jpg 781a9165_min.jpg](/img/v1/userfiles/images/781a9165_min.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Палессе бадай што дасюль застаецца таямнічым краем і для замежнікаў, і для жыхароў краін, на тэрыторыі якіх знаходзіцца (а гэта, па розных дадзеных, Беларусь, Украіна, Польшча і Расія). Вобраз Палесся шматкроць адлюстраваны ў мастацкай культуры Беларусі. Да вайны рэгіён разглядаўся як этнаграфічны запаведнік. У 1930-х журналіст і вандроўнік Антоні Асэндоўскі апублікаваў свае назіранні аб Заходнім Палессі ў кнізе, якая выйшла ў серыі “Цуды Польшчы”. У падобнай стылістыцы ён публікаваў нататкі, напрыклад, з Афрыкі. У пасляваенны час разам з тэмай партызаншчыны ўзнікае лінія «прыгажосць палескай прыроды» — паводкі і лясы. З 1980-х актуалізуецца экалагічная тэма.
![781a9246_min.jpg 781a9246_min.jpg](/img/v1/userfiles/images/781a9246_min.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![781a9325_min.jpg 781a9325_min.jpg](/img/v1/userfiles/images/781a9325_min.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У апошнія гады найбольш гучыць матыў «Палессе, якое знікае». Рэшткі даўняга побыту фіксавалі фатографы Наталля Дораш, Уладзiмiр Меляшэнка.
![781a9437_min.jpg 781a9437_min.jpg](/img/v1/userfiles/images/781a9437_min.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![781a9478_min.jpg 781a9478_min.jpg](/img/v1/userfiles/images/781a9478_min.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Альфрэд Мікус з выставай «Палешукі» таксама ў трэндзе: «Я імкнуся паказаць аўтэнтычную Беларусь, вёскі з нешматлікімі карэннымі жыхарамі, якіх да гэтага часу можна ўбачыць у савецкіх фуфайках і валёнках. Пройдзе з дзясятак гадоў — і іх лад жыцця стане гісторыяй, якая больш не паўторыцца. Ужо сёння ў вёсках застаецца мала чаго самабытнага. Старыя хаты дачнікі перабудоўваюць у сучасныя — з пластыкавымі вокнамі і альпійскімі горкамі, а часам яшчэ і з трохметровы платамі. Паўсюль мабільная сувязь, інтэрнэт… Новаспечаныя жыхары ўжо не такія эмацыйныя, як карэнныя, якіх сельскае жыццё зрабіла дабрэйшымі, больш адухоўленымі. Гэта ўсё і адбіваецца на іх тварах».
Фотавыставу “Палешукі” можна будзе паглядзець да канца лютага.