Пяць трупаў у сям’і і заколаты байструк: шэкспіраўскі блакбастар па-купалаўску

Тры дачкі, адзін бацька-самадур і прызнанне ў любові ў абмен на багаты пасаг: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы паставіў «Караля Ліра» Уільяма Шэкспіра — класіку сямейных інтрыг і катастрофы асобнага чалавека. Адно пытанне: ці атрымалася ў Мікалая Пінігіна прапанаваць аўтарскі погляд на вядомы тэкст?



Напрыканцы спектакля мячамі вянчалі крыжы на магілах занінуўшых

Напрыканцы спектакля мячамі вянчалі крыжы на магілах занінуўшых


Прэм’ерны спектакль — раскоша для вачэй. Пачынаючы ад трапнай афішы, зробленай мэтрам плакату Уладзімірам Цэслерам. Яго графічная карона з 3D-бразготкамі, як сімвал яднання велічы ўлады з дурасцю блазна, адразу пачала тыражавацца: з’явілася на каменьчыках — прома-падарунках абраным ад тэатра, дадаткам на юбілейным лагатыпе ўстановы, і нават у фільтрах-«масках» да фотаздымкаў.

Вялікую сцэну другі раз за сезон аддалі Кацярыне Шымановіч. Мастак ашчаціньвае рухомыя заднікі дзясяткамі натапыраных труб — удала стылізаваных эфесаў мячоў. Варта змяніць свет — услед за пераменай улады цені ад іх лягуць у патрэбным напрамку, а то перакрыжуюцца, прадказваючы набліжэнне вайны. Тую зброю будуць выцягваць для дуэляў дзеючыя асобы, а ў адной з фінальных сцэн кідаць акрываўленыя мячы ў скрыню, металічным грукатам эфектна намякаючы на тое, што яны гатовыя паўтарыць бойку ў любы момант.

Эскізы Кацярыны Шымановіч

Эскізы Кацярыны Шымановіч

Спадарыня Кацярына працягвае эксперыментаваць. Яна абірае простую палітру колераў — белы, чорны, чырвоны для асноўнага складу персанажаў і суцэльны жоўты для каралеўскага блазна, аднак гуляе на фактуры матэрыялаў. У выніку касцюм з усяго адной фарбы не падаецца манатонным, наадварот — прымушае разглядаць кожную дэталь. Мастачка нават супрацьпастаўленне злых і добрай сёстраў выбудоўвае на ўзроўні іх строяў: металізіраваны адліў сукенак старэйшых і ў процівагу ім — мяккае струменне тканіны ў малодшай.

Сцэнограф напрамкі візуалізуе выслоўі «вешае лапшу на вушы», даючы ў рукі ашуканцу даўгія макароніны, ці «стары, быццам мохам зарос», «прарошчваючы» на плашчы Ліра купкі балотнай травы. Натуральным чынам раздзірае паміж спадчыннікамі пасаг: на вачах гледачоў герцагі разрываюць карону ўладара, мантыю-карту каралеўства. Нават трон пад націскам сквапных дачок разлятаецца на дзве палавіны.

Дочкі Ліра — Юлія Шпілеўская і Марына Гардзіёнак

Дочкі Ліра — Юлія Шпілеўская і Марына Гардзіёнак


І хоць некаторыя рашэнні выглядаюць для такога цудоўнага мастака простымі (прынамсі, занадта стандартная на фоне іншых касцюмаў кашуля-балахон для звар’яцелага Ліра), надзвычай цікава назіраць за пошукамі спадарыні Шымановіч.

Чаму я так доўга гавару пра мастацкі складнік? На жаль, апошнім часам спектаклі Купалаўскага куды цікавей разглядаць, чым глядзець. Калі ў візуальным плане ёсць за чым сачыць, то пра рэжысёрскія адкрыцці гаварыць складаней. Пакуль «Кароль Лір» жыве за кошт асабістых напрацовак пэўных акцёраў, аднак суцэльнага выказвання спадара Пінігіна, дзеля чаго сёння ён звярнуўся да п’есы Шэкспіра, няма.

Аляксандр Казела і Віктар Манаеў

Аляксандр Казела і Віктар Манаеў

Не адарвацца ад неверагоднага Віктара Манаева ў ролі Ліра. У першым акце ён размашыста, з відавочным задавальненнем грае самадура, што хоча адказнасць за кіраванне краінай перакласці на плечы іншых, аднак пры гэтым патрабуе ўсё так жа бездакорна падпарадкоўвацца яму. Ягоны Лір у ваенным фрэнчы і ботах з акрываўленымі падэшвамі ўпіваецца сваёй веліччу і хоча у вачах набліжаных да яго — не важна, слуг ці родных дачок — бачыць толькі пакорлівасць і ўгодлівасць. Атачэнне пра гэта ведае, таму выдае словы, якія менавіта яму і патрэбны. Аднак як толькі тыран губляе рычагі ўлады, выхаваныя ім дзеці перастаюць падладжвацца пад капрызы дэспата.

Здавалася б, рэжысёр намацаў свой падыход да тэксту і хоча паказаць сясцёр не гаргонамі, а замучанымі бацькам ахвярамі. Аднак у другім дзеянні шэкспіраўскі матэрыял пачынае супраціўляцца гэтай інтэрпрэтацыі: рэплікі і ўчынкі персанажаў не адпавядаюць закладзеным у першым акце задумам: дачкі інтрыгуюць супраць бацькі і не могуць падзяліць палюбоўніка, адзін з герцагаў нечакана выступае на баку Ліра і гэтак далей. Рука рэжысёра перастае адчувацца, дзеянне выходзіць на адлюстраванне тэксту Шэкспіра і не адрозніваецца ад дзясяткаў іншых «Ліраў» у шматлікіх тэатрах. Манаевым працягваеш заварожвацца, ухваляцца ягонаму пераўвасабленню, уменню паказаць і шаленства Ліра, і трызненне, і гора ад страты адзінай дачкі, якая шчыра любіла яго. Шкада толькі, што рэжысёрам так і не была выбудавана матывацыя ўчынкаў галоўнага героя.

Юлія Шпілеўская, Віктар Манаеў і Аляксандр Казела

Юлія Шпілеўская, Віктар Манаеў і Аляксандр Казела


З сюжэтнымі лініямі шматлікіх персанажаў другога плану тая ж бяда. З чарады прадказальных герояў запамінаюцца адзінкі акцёрскіх работ. Вось эксцэнтрычны Аляксандр Казела, талент якога ў чарговы раз эксплуатуюць для блазна. Дзмітрый Есяневіч — адзін з нямногіх, хто не выключаецца з ролі паміж рэплікамі, ды ўвогуле — натуральна існуе на сцэне. І канешне ж, яскравы Іван Трус, які глыбока пражывае тэкст ад пачатку да апошняга слова. Ён імгненна перайначваецца з быццам бы недалёкага прасцяка ў бяздушнага кар’ерыста і назад, фантастычна увасабляючы двуаблічча. Ягоны байструк Эдмунд — чалавек, поўны комплексаў, які сваімі ж страхамі і зайздрасцю прымушае сабе давіць тых, хто любіць яго, і падлашчваецца да тых, у каго ёсць улада.

Іван Трус і Дзмітрый Есяневіч. Па задуме мастака, замест крыві ў спектаклі струменяцца чырвоныя стужкі

Іван Трус і Дзмітрый Есяневіч. Па задуме мастака, замест крыві ў спектаклі струменяцца чырвоныя стужкі


Іван Трус і Іван Кушнярук

Іван Трус і Іван Кушнярук


Прэм’еры Купалаўскага не хапіла рэжысёрскай арыгінальнасці і аўтарскага прачытання вядомай п’есы, каб гледачы, калі выходзяць з залы, гаварылі не толькі пра неверагоднага Манаева ці запамінальнага Труса, але і пра глыбіні чалавечага крывадушша і сквапнасці — пра тое мастацкае абагульненне, што абвяшчалася ў анатацыі да спектакля, аднак так і не паўстала на сцэне.

Фота: тэлеграм-канал Купалаўскага тэатра