Польская даследчыца атрымала ўзнагароду за кнігу пра калектыўную свядомасць беларускай вёскі
Аповед беларускіх калгаснікаў пра іх саміх, занатаваны польскай прафесаркай Ганнай Энгелькінг, атрымаў прэмію Кангрэса даследчыкаў Беларусі.

На VI Кангрэсе даследчыкаў
Беларусі, што прайшоў 7–9 кастрычніка ў Коўне сёлета ўпершыню
была ўручаная прэмія ў намінацыі «Польскамоўныя манаграфіі на беларускую
тэматыку». Перамагла кніга «Kołchoźnicy. Antropologiczne studium tożsamości wsi
białoruskiej przełomu XX i XXI wieku» прафесаркі Інстытута славістыкі Польскай
акадэміі навук Ганны Энгелькінг. Даследчыца атрымала ўзнагароду ўласнаручна: яна
выступала з дакладам на панельнай дыскусіі «Памяць пра Халакост у Беларусі ў
гістарычнай і антрапалагічнай перспектыве».
Спадарыня Энгелькінг распавяла НЧ пра свае навуковыя інтарэсы ў Беларусі.
— Падчас выступу вы сказалі, што даследуеце беларускае Палессе з 1993-га года…
— Не толькі Палессе. Я пачынала з Гродзеншчыны, першыя даследаванні праводзіла ў ваколіцах Ліды, там вельмі цікавая сітуацыя: побач знаходзяцца праваслаўныя і каталіцкія вёскі, населеныя пункты са змяшаным насельніцтвам, а даўней там былі шляхецкія аколіцы. Вельмі разнародная мясцовая супольнасць. Працавала ва ўсходняй Беларусі: на Мазыршчыне, на Магілёўшчыне, але там меней, чым на Палессі. У маёй кніжцы пра калгаснікаў хацела паказаць цэлую краіну, каб былі сведчанні з розных яе частак.

— Вы шукалі пад Лідай польскасць ці канцэнтраваліся на іншых аспектах?
— Я ніколі не шукаю польскасць, гэта асноўная памылка польскіх даследчыкаў Беларусі. Тое, што завецца «польскасцю», трэба даследаваць разам з іншымі з’явамі, напрыклад, «рускасцю». Мяне ж цікавіла мапа адрозненняў лакальных супольнасцяў, адрозненняў, якія яны самі і ствараюць. Тое, што думаюць людзі, і карціна ў галаве даследчыка могуць значна адрознівацца. Навуковец павінны зразумець шлях мыслення мясцовых, а не праектаваць на іх уласныя ўяўленні.
— Калі вы пачыналі даследаванні Беларусі, то прыязджалі самі ці наладжвалі кантакт з нашымі навукоўцамі?
— Мы пачыналі разам са студэнтамі, з першага выезду супрацоўнічалі з беларускімі даследчыкамі, нашым калегам і настаўнікам быў прафесар Вячаслаў Вярэніч з беларускай Акадэміі навук, мовазнаўца, даследчык Палесся і балта-славянскага памежжа. На жаль, ён ужо памёр. Ездзіў з намі пад Ліду, на Палессе, мы шмат чаму ад яго навучыліся. І цяпер супрацоўнічаю са шматлікімі навукоўцамі з Мінска (у наступным годзе рыхтуецца да выхаду артыкул Ганны Энгелькінг у зборніку «Беларускі фальклор» Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук).

— Вы вывучаеце вёску з антрапалагічнай перспектывы. Ці ёсць сёння ў Польшчы нейкая антрапалагічная школа, адзіная метадалогія антрапалагічных даследаванняў?
— Сёння складана казаць пра школы. Сучасная антрапалогія дзеліцца на розныя падспецыяльнасці, гэта вельмі пашыраная галіна гуманітарных ведаў. Але тое, што лучыць методыку розных антраполагаў, іх палявыя даследаванні — імкненне завязаць з людзьмі, жыццё якіх мы даследуем, кантакты на аснове ўзаемнай павагі. Размова — гэта абмен думкамі, антраполаг імкнецца зразумець пункт гледжання, шлях мыслення тых, з кім гутарыць «у полі». Зразумець і «перакласці» на мову сваіх, навуковых катэгорый.
— Калі казаць пра павагу да інфарманта, рэспандэнта…
— Мы не выкарыстоўваем такіх катэгорый, кажам «суразмоўца». «Інфармант», «рэспандэнт» — гэта катэгорыі сацыялагічных даследаванняў, анкетавання. Этнограф ніколі не разглядае сваіх суразмоўцаў як папросту крыніцу інфармацыі. Хочам вучыцца ад людзей, а не проста пытаць іх і, крый Божа, не выпытваць у іх штосьці.
— Якія тэмы падчас палявых даследаванняў вас найбольш цікавяць?
— Пра што б ні казаў суразмоўца — пра вайну, Халакост, ці пра калектывізацыю, ці пра адносіны з суседам — ён кажа ў першую чаргу пра сябе, сваю гісторыю. Як перажывалі падзеі, якія маюць з гэтай нагоды пачуцці і эмоцыі. Тэма кніжкі пра калгаснікаў — калектыўная свядомасць вёскі, нарацыя пра гэту свядомасць. Які досвед вясковая супольнасць, людзі, што зараз сябе вызначаюць як «калгаснікі», атрымалі ад перажытых падзей. Фактычна мая кніга — гэта аповед беларускіх калгаснікаў пра іх саміх.