Польскі бургамістр пра самагон, метафізіку і ровары ў Беларусі
Падарожжы роварам па Беларусі пераўтварыліся для Кшыштафа Захаржэўскага, бургамістра горада Злаценец на паўночным захадзе Польшчы, у квэст, які расцягнуўся на пяць год. Кожнае падарожжа, праўда, трывае не больш як тыдзень, бо «пячонка не вытрымлівае…»

Пан Кшыштаф і ягоныя сябры адмыслова абралі “дзікі” фармат падарожжаў па Беларусі, каб найменш сутыкацца з цывілізацыяй і як мага болей спазнаць аўтэнтыку, якую ўжо цяжка адшукаць у Еўропе.Што найбольш здзівіла пана бургамістра ў беларускай правінцыі? Што ўратавала каманду падарожнікаў ад маланкі падчас навальніцы? Як безпамылкова знайсці ў вёсцы самагон?.. Да Вашай увагі “правілы роваровых вандровак па Беларусі” ад польскага бургамістра.
Дзікі край
Беларусь – гэта цуд для роваровага турызму, для нас гэта падарожжы ў “дзікім краі”. У нас, напрыклад, немагчыма ехаць цэлы дзень і не сустрэць цывілізацыі! Руху вялікага няма, трасы вельмі розныя, але заўжды цікавыя. Роваровы турызм – гэта аргомністы патэнцыял у вашых руках!
Запаволены час
Час у вас ідзе значна павольней. Людзі не спяшаюцца, асабліва добра гэта бачна ў правінцыі. Мы кажам: “У вас, беларусаў, кожны дзень – гэта нядзеля”.

Смецце
Мы з сябрамі любім спыняцца з намётамі недзе ля вады ці на ўскрайку лесу. Пры гэтым, заўсёды прыбіраем за сабой, таму месца пасля нас яшчэ чысцейшае, чым было да нас.
“Амерыканцы прыехалі!”
Людзі! Вы маеце не толькі цудоўныя мясціны, але і прыўкрасных людзей. Вельмі часта нас запрашаюць дадому напіцца бярозавага соку, пакаштаваць грыбоў ці салянку. У нас няма такога! Яшчэ я запомніў, як мы недзе праязджалі, а на дарогу выбеглі дзеці з крыкамі: “Амерыканцы прыехалі!”
Добры знак
Беларусь мае і метафізічны бок. У галоўнай ролі заўсёды – дождж. Быў выпадак, калі ліло цэлы дзень, мы змоклі. Пад’ехалі да нейкай вёскі і хутка схаваліся.Там сустрэлі сталую пані ў хустцы. Яна адвяла да іншай пані, яны параіліся… У выніку кажуць: “Будзеце спаць у касцёле!” У выніку, нас сапраўды завялі ў касцёл, мы там пераночылі пад добрай апекай звыш і паехалі далей. Добры знак!

Маланка, брацкая магіла і баба Валя
Наступная сітуацыя адбылася ў іншым раёне. Мы спыніліся ля брацкай магілы вайскоўцаў, побач – бярозавы гай. Разбілі намёты, селі, расклалі ежу… А пасля прыйшла бабуля, кажа: “Чаго тут сядзіце, хутка дождж, пайшлі на зупу да мяне ў хату!” Дождж пачаўся, пасля – навальніца. Адна з маланак трапіла акурат у бярозу, пад якой мы сядзелі! То бок брацкая магіла пры іншых абставінах магла быць і для нас… З таго часу мы ездзім адмыслова да бабы Валі, сябруем з ёй.
Тут гойсаў малы Выджыцкі…
Добрая падстава ехаць у Беларусь – гэта гісторыя і спадчына. Нам цікава паслухаць старэйшых людзей пра даўнейшыя часы, мы стараемся як мага больш камунікаваць з дзядамі і бабулямі, завітваем на вясковыя могілкі. Вельмі добра, што ёсць месцы, як музей Выджыцкіх у Васілішках, прысвечаны Чэславу Неману. Мы разбілі намёты на пляцоўцы, дзе гойсаў малы Выджыцкі, гэта фантастыка!

Аўто з курамі
Аднаго разу, мы былі шакаваныя, калі ўбачылі аўто, пераробленае на… курнік! Уладальнік сказаў, што не прадасць машыну, бо інакш не будзе дзе жыць курам.
Сала, квас і пахучыя вяндліны
Тэма ежы – асобная і дужа цікавая. Мы зараз ведаем, што сапраўднае сала – “на пяць пальцаў”. Найлепшы квас – з бочкі пры дарозе… Мы доўга шукалі беларускія нацыянальныя стравы, але з гэтым даволі цяжка. Першыя гады ў вясковых крамках мы сустракаліся з вельмі пахучым мясам з калгасу. Зараз усё па-іншаму: паўсюдна можна плаціць карткай, а пахучыя вяндліны зніклі – усё запакавана ў пластык.
“А самагон у вас ДЗЕ?!”
Вы маеце цудоўны экспартны прадукт, які спрыяе інтэграцыі – “пушчанку”! Мы назбіралі шмат досведу за гэтыя гады. Напачатку пыталіся ў людзей: “Ці ёсць у вас самагон?” Людзі паціскалі плячыма ў адказ – гэта праблема. Зараз пытаемся наўпрост: “А самагон у вас ДЗЕ?!” У адказ: “Вунь там!” Усё проста.

“Польскія шпіёны”
Апошнім разам мы частку дарогі ехалі цягніком. Падыходзіць да нас выпіўшы персанаж, пытаецца: “Адкуль вы?” “З Польшчы” Убачыў ровары, спытаўся і пра іх. Пасля прапанаваў працаваць на нас: сказаў, што можа рабіць нам фота ў Беларусі і высылаць. Мы далі зразумець, што не маем такой патрэбы. Ён, відаць, быў расчараваны і выказаў думку, што мы – “польскія шпіёны”. Было смешна. Але чаму шпіёны? Бо, паводле яго словаў, ніякі нармальны чалавек не прыедзе сюды як турыст, тым больш не будзе пакутваць на ровары.
Чыста-бяспечна-весела
У вас чыста, бяспечна і весела! Запрашаю кожнага праехаць роварам па Беларусі!
Фота Budzma.by