Пра яго ўцёкі з ГУЛАГа ў Індыю знялі галівудскае кіно, але насамрэч усё было па-іншаму

У 2010 годзе на экраны выйшаў амерыканскі фільм «Дарога дадому» (The Way Back). Яго зняў рэжысёр Пітэр Уір, вядомы па карцінах «Шоу Трумана» і «Таварыства мёртвых паэтаў», а адну з галоўных роляў сыграў вядомы ірландскі актор Колін Фарэл. Стужка прысвечаная неверагоднай гісторыі пра ўцёкі з ГУЛАГа ў Індыю ўраджэнца Пінска Славаміра Равіча. Праўда, да таго часу высветлілася, што гэты чалавек, хоць і быў у зняволенні, ніадкуль не збягаў. Тады ж з’явілася версія, што ён прысвоіў сабе гісторыю іншага чалавека, таксама ўраджэнца Беларусі Вітольда Глінскага. Зеркало расказала пра гэты сюжэт, да якога дагэтуль ёсць мноства пытанняў.

Славамір Равіч. Фота: constable publishers london, reddit.com

Славамір Равіч. Фота: constable publishers london, reddit.com

Сусветны бэстсэлер ад беларуса

Славамір Равіч нарадзіўся ў 1915 годзе ў Пінску. Калі хлопчыку было шэсць гадоў, Беларусь паводле Рыжскага міру падзялілі паміж сабой Масква і Варшава. Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы. У юнацтве Равіч, сын мясцовага афіцэра, шмат гуляў па Палессі, лавіў рыбу, займаўся парусным спортам, рабіў у лесе буданы і здабываў сабе ежу, што дапамагло яму ў наступныя гады выпрабаванняў. Славамір скончыў школу і архітэктурны каледж, атрымаў дыплом архітэктара.

Але ў 1937-м яго прызвалі ў польскую армію. Служыў Равіч у Брэсце, атрымаў званне падпаручніка. Пасля дэмабілізацыі ён прабыў дома ўсяго некалькі месяцаў. У сакавіку 1939 года яго зноў прызвалі ў войска. Перад гэтым ён паспеў ажаніцца, але прабыў з маладой жонкай усяго 48 гадзін. Больш яны ніколі не бачыліся.

1 верасня 1939-га пачалася Другая сусветная вайна — Германія напала на Польшчу. Нягледзячы на гераічны супраціў, польская армія была разбітая. Славамір вярнуўся ў родны Пінск. Ужо ў лістападзе яго там арыштаваў НКУС — савецкая спецслужба. Прайшоўшы праз турмы ў Мінску, Харкаве і Маскве, Равіч быў асуджаны на 25 гадоў лагераў (нібыта за шпіянаж) і адпраўлены ў ГУЛАГ. Знаходзячыся ў лагеры на тэрыторыі сучаснай Якуціі, ён вырашыў уцякаць — і ў выніку разам з іншымі збеглымі з лагера нібыта дайшоў да Індыі, перасекшы Манголію і перайшоўшы Гімалаі.

Названыя вышэй факты з біяграфіі, а таксама падрабязнасці ўцёкаў Равіч расказаў у кнізе «Доўгая дарога». Гісторыя яе з’яўлення наступная. У сярэдзіне 1950-х гадоў брытанскае выданне Daily Mail арганізоўвала экспедыцыю ў Непал на пошукі еці. Да рэдакцыі дайшлі чуткі, што ў Англіі жыве чалавек, які сустракаўся ў Гімалаях з аналагічнай істотай. Журналіст Рональд Даўнінг прыехаў да сведкі — ім і аказаўся Равіч, які ваяваў падчас Другой сусветнай вайны, а пасля яе заканчэння працаваў школьным інструктарам па рукадзеллі і сталярнай справе, а таксама чырванадрэўшчыкам і прадаўцом у краме. Высветлілася, што ўяўная сустрэча з еці — толькі частка шырэйшай фантастычнай гісторыі пра ўцёкі з ГУЛАГа ў Індыю. Славамір сам не захацеў пісаць успаміны пра гэта, але пагадзіўся прадыктаваць іх Даўнінгу.

Кніга пад назвай «Доўгая дарога» выйшла ў 1956 годзе і аказалася надзвычай паспяховай. Было прададзена больш за мільён асобнікаў, яе пераклалі больш чым на 25 моў. Разам з другой жонкай Марджары Славамір купіў за ганарары разбураны дом на вяршыні пагорка недалёка ад брытанскага Нотынгема, жытло яны прывялі ў парадак. Пара выхавала пяцярых дзяцей. Марджары, бібліятэкарка па адукацыі, дапамагала мужу адказваць на сотні лістоў, якія прыходзілі да яго з усяго свету. Славамір памёр у 2004-м, пражыўшы 88 гадоў.

Якой была дарога з ГУЛАГа ў Індыю?

Яе можна рэканструяваць з дапамогай некалькіх агульнадаступных публікацый. У першай частцы цытуецца арыгінальны тэкст кнігі Равіча на англійскай мове. У другой ёсць цытаты з перакладу бэстсэлера на беларускую (ён выйшаў у 2021-м у перакладзе Віталя Абрамовіча — яго можна замовіць па гэтай спасылцы). У трэцяй прадстаўленыя ўспаміны пра гэтую гісторыю беларуса Вітольда Глінскага (ён сцвярджаў, што Равіч прысвоіў яго гісторыю, падрабязна пра гэтыя абставіны мы раскажам ніжэй).

Такім чынам, у лютым 1941 года Равіч (або Глінскі) у ліку іншых зняволеных прыбыў у савецкі лагер, размешчаны на беразе ракі Лены прыкладна за 200−300 міль (320−480 км) на поўнач ад Якуцка. Ва ўстанове была толькі адна жанчына — Марыя Ушакова, жонка каменданта лагера. У яе быў радыёпрыёмнік, па якім яна слухала музыку. Калі ён зламаўся, у зняволеных спыталі, хто можа яго адрамантаваць. Равіч, які меў пэўны досвед працы з электронікай, падахвоціўся.

Мужчына гаварыў па-руску, а таму мог камунікаваць з Марыяй наўпрост. На сцяне ў памяшканні, дзе стаяла радыё, вісела карта Азіі. Дзякуючы гэтаму ў Равіча нарадзілася ідэя ўцёкаў, ён пастараўся запомніць дэталі карты. І, відаць, Ушакова здагадалася пра яго жаданне.

«Вы калі-небудзь думалі пра ўцёкі?» — спытала яна Равіча, калі яе муж адсутнічаў. Той маўчаў, баючыся правакацыі. «Вы не адказваеце… Вы мне не давяраеце. Я думала, вы захочаце пра гэта пагаварыць. Казаць пра гэта са мной бяспечна», — сказала жанчына. Яна адпусціла Равіча, паабяцаўшы паклікаць яго яшчэ раз, калі радыё запатрабуе «наладжвання».

Галоўным пытаннем было, куды бегчы. Прабівацца на Захад не мела сэнсу: дарога была занадта далёкай, а ў Еўропе да таго ж ішла вайна, Польшча была акупаваная. Пры ўцёках на ўсход вязням давялося б пераплываць мора, каб трапіць у Японію. Таму ўрэшце Равіч вырашыў прабірацца на поўдзень, міма возера Байкал у Манголію.

Наконт далейшых падзеяў існуюць дзве версіі. Паводле кнігі Равіча, ураджэнец Пінска дамовіўся пра ўцёкі яшчэ з шасцю вязнямі. Імі былі латыш Анастазі Калеменас, югаслаў Яўген Зара, амерыканец Сміт (свайго імені ён не назваў), літоўскі архітэктар Захар Марчынковас, польскі афіцэр Зыгмунт Макоўскі і сяржант польскай кавалерыі Антон Палуховіч.

Паводле ж Глінскага, ён вырашыў уцякаць сам. А калі пералазіў праз падкоп, зроблены пад калючым дротам, то і ўбачыў шэсць чалавек, якія вырашылі далучыцца да ўцёкаў. Глінскі таксама называе ў іх ліку амерыканца Сміта і ўраджэнца Югаславіі Зара, а яшчэ ўкраінца Бацька (магчыма, гэта было не прозвішча, а мянушка). Астатнія ўдзельнікі, паводле яго, служылі ў польскім войску.

Але ў абедзвюх версіях сцвярджаецца, што ўцячы дапамагла Марыя Ушакова. Як гаворыцца ў кнізе, у красавіку 1941 года яна выклікала Равіча, сказала, што яе муж ненадоўга пакіне лагер, і перадала яму сем скруткаў, дзе былі ежа і мох, які выкарыстоўваецца для распальвання вогнішчаў. Глінскі ж сцвярджае, што яна ўручыла яму скрутак з сушаным мясам, новыя чаравікі, шкарпэткі ручной вязкі і доўгую ніжнюю бялізну. Другая версія здаецца больш рэалістычнай — схаваць адзін мяшок нашмат прасцей, чым сем. Зрэшты, варыянт, выкладзены ў кнізе Равіча, лепш тлумачыць, чаму ўцёкі, калі яны былі, удаліся.

Наваяўлены правадыр групы сказаў, што яны будуць ісці па 20 гадзін у дзень. Хто не згодны, можа чакаць пагоні. Усе пагадзіліся. Адзін ішоў наперадзе, раскопваючы снег для астатніх. Тыя, што ішлі ў хвасце калоны, замяталі сляды хваёвымі галінкамі.

«Мае таварышы былі па сваёй сутнасці гарадскімі жыхарамі. Я з’яўляўся адзіным, хто адчуваў сябе па-свойску сярод дзікай прыроды, і маё шчаслівае дзяцінства на Палессі пачало прыносіць практычную карысць. Мне хапала адзін раз зірнуць на сонца або на прыкметныя знакі на дрэвах, каб досыць дакладна трымацца абранага курсу. Таксама я добра памятаў мапу Паўднёва-Усходняй Сібіры з дамінуючай Ленай і возерам Байкал. „Нам бы толькі адшукаць паўночны край возера, — супакойваў я сяброў. — Уздоўж яго доўгага ўсходняга берага знойдзем дарогу, якая выведзе з краіны няволі“. Думка пра Байкал, як прыродны ўказальнік, што накіруе нас да свабоды, стала моцным стымулам, дзякуючы якому наступныя некалькі тыдняў мы хутка і настойліва ішлі наперад», — пісаў у мемуарах Равіч.

Кадр з фільма «Доўгая дарога». Скрыншот відэа

Кадр з фільма «Доўгая дарога». Скрыншот відэа

Паводле версіі кнігі, цяжэй за ўсё ў паходзе даводзілася Палуховічу: супрацоўнікі НКУС выбілі яму ўсе зубы. Пратэзаў, зразумела, не было. У лагеры ён размочваў ежу ў вадзе, каб мець магчымасць яе з’есці. Падчас жа ўцёкаў яму даводзілася мясіць усю ежу ў снезе, перш чым яна рабілася ядомай. Аднойчы ўцекачы заўважылі ў яры аленя. Яны забілі яго, а пасля гэтага балявалі некалькі дзён і выкарыстоўвалі кавалкі шкуры, каб перавязаць свае турэмныя валёнкі. Час ад часу яны сустракалі леснікоў і іншых людзей, якія дзяліліся з імі ежай і іншымі запасамі.

Трохі на поўдзень ад Байкала група сустрэла 17-гадовую ўкраінку Крысціну Паланскую, якая трапіла ў лагер пасля далучэння Заходняй Украіны да СССР. Рэгулярнае збіццё і спроба згвалтавання з боку каменданта прымусілі яе здзейсніць уцёкі. Вітольд Глінскі расказваў, што ў дзяўчыны (паводле яго, ёй усё ж было 18 гадоў) была гангрэна. «Я не хацеў абцяжарваць сябе хворай дзяўчынкай, але што мы маглі зрабіць?» — успамінаў ён. Уцекачы зрабілі для яе абутак з рэшткаў аленевай скуры і неслі яе на насілках. «Але з кожным днём ёй рабілася ўсё горш. Нага пачарнела, скура апухла і лопнула, страшна было глядзець», — казаў Вітольд.

Уцекачы перасеклі Транссібірскую магістраль і летам 1941 года перайшлі савецка-мангольскую мяжу. «Мы пачалі танчыць ад радасці, ляпаць адзін аднаго па спіне, цягаць за бароды і паціскаць далоні…» — успамінаў Равіч. Але амерыканец Сміт быў настроены скептычна: «Трэба ўцякаць адсюль як мага хутчэй <…> Невядома, як далёка сягае фактычны расійскі ўплыў. Не ведаем, дзе знаходзімся і куды ісці». Ён меў рацыю: Манголія падчас Другой сусветнай вайны была саюзніцай СССР і фактычна падпарадкоўвалася Маскве.

Пасля гэтага ўцекачы ўпершыню задумаліся, куды ісці далей. «Да гэтай пары нас накіроўвала адна думка: абы толькі ўцячы з Сібіры. Калі мы яшчэ сядзелі ў лагеры, я без вялікага пераканання казаў пра Афганістан. Ён мне падаваўся бяспечнай краінай, размешчанай далёка ад усялякіх войнаў, куды бы нас пусцілі без задавання шматлікіх пытанняў. Аднак цяпер нас прываблівала Індыя. <…> На гэтым першым этапе мы размаўлялі пакуль што пра Тыбет. Індыя падавалася нам вельмі далёкай, казачнай краінай, каб пра яе марыць…» — пісаў Равіч.

Праца зняволеных ГУЛАГа ў Нарыльску ва ўмовах вечнай мерзлаты. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: ru.rbth.com

Праца зняволеных ГУЛАГа ў Нарыльску ва ўмовах вечнай мерзлаты. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: ru.rbth.com

Але Крысціна да Індыі не дайшла. Паводле адной версіі, яна памерла ў пустыні Гобі, паводле іншай — крыху раней, у Манголіі. Пра апошнюю краіну Равіч пісаў, што ўся дарога праз яе «складалася на самай справе з пераходаў па невыноснай спёцы ад адной ракі да другой і фарсавання гэтых рэк. Вада гаіла нашыя параненыя ногі, наталяла смагу і давала магчымасць выкупацца. На судаходных рэках магчыма было час ад часу здабыць што-небудзь паесці». Напрыклад, у адным выпадку яны натыкнуліся на нагружаную джонку, якая села на мель. Уцекачы дапамаглі гаспадару, а той за гэта падзяліўся з імі дынямі. Іншым разам яны атрымалі ежу, намалаціўшы зерня.

Потым уцекачы рушылі на поўдзень праз пустыню Гобі. Там памёр Зыгмунт Макоўскі, за ім — яшчэ адзін былы вайсковец (імаверна, гаворка пра Палуховіча).

«Каб атрымаць ваду, мы раніцай злізвалі іней з камянёў, потым пераварочвалі іх і знаходзілі ўнізе вільгаць. Нам так хацелася піць, што мы нават пілі ўласны пот, а некаторыя пілі мачу. <…> Мы былі ў роспачы. Кожны дзень мы займаліся пошукам ежы. Змей было шмат, даўжынёй да метра — у кожнага з нас была палка, таму мы выкарыстоўвалі іх як дзіды. Каб злавіць змяю, трэба было ўсадзіць у яе палку, а потым адрэзаць змяі галаву. <…> Далей трэба было дастаць спінны мозг — асцярожна, бо ён атрутны — рассячы цела на кавалкі і зварыць. Мы не маглі прымусіць сябе есці змяю, пакуль у нас не засталося іншага выйсця», — успамінаў Глінскі.

Кадр з фільма «Доўгая дарога». Скрыншот відэа

Кадр з фільма «Доўгая дарога». Скрыншот відэа

Падчас перамяшчэння праз Тыбет уцекачоў засталося ўжо пяцёра. У Гімалаях яны апынуліся ў канцы сакавіка 1942 года. Тады ж загінуў яшчэ адзін чалавек: уступ, на якім ён стаяў, абрынуўся. У выніку да Індыі (дакладней, да мясцовасці, недалёка ад тэрыторыі сучаснай Бангладэш) дабраліся чатыры чалавекі: Равіч, Сміт, Зара і Калеменас. Яны лячыліся ў шпіталі ў Калькуце, пасля чаго развіталіся і больш ніколі не сустракаліся.

Равіч у выніку трапіў у польскі корпус генерала Уладыслава Андэрса, які фармаваўся ў Іране, а потым быў пераведзены ў Ірак і Палесціну. Туды ж нібыта адправіўся і ўцякач з СССР. А ўжо з Палесціны трапіў у Англію.

Крытыка гісторыі і праўда пра Равіча

Кніга, сюжэт якой мы пераказалі вышэй, была апублікаваная ў 1956 годзе і адразу выклікала крытыку. Знаўцы Тыбета знаходзілі ў ёй дзясяткі недакладнасцяў. Накшталт таго, што тыбетцы не пякуць ячменных аладак, дамы, накрытыя пакатымі дошкамі нахлёстам, нетыповыя для рэгіёна, зусім не па-тыбецку даручыць мыццё чайных кубкаў гасцям, а ў тыбецкіх дамах не сустракаецца драўляных лавак і гэтак далей.

«Адно выклікае здзіўленне: гэтая гісторыя — заблытаная і цьмяная рэканструкцыя рэальнай падзеі ці проста выдумка? Можна было б, звярнуўшыся да шэрагу аўтарытэтных работ, стварыць значна больш рэалістычную карціну Тыбета і Гімалаяў», — пісаў у 1957 годзе брытанскі дыпламат Х’ю Рычардсан.

Рэцэнзенты таксама адзначалі, што пасля выхаду кнігі не адгукнуўся ніхто з трох нібыта ацалелых. Вядома, гэтыя людзі маглі пазней загінуць. Але пра візіт гасцей з поўначы не ўспомніў і ні адзін з брытанскіх вайскоўцаў, дактароў ці медсясцёр, з якімі Равіч і яго таварышы прабылі некалькі тыдняў у Калькуце, ніхто з тых, што дапытвалі яго: ні тагачасны дырэктар вайсковай разведкі ў Індыі, ні яго намеснік у Калькуце.

Крытычны артыкул пра кнігу і гісторыю Славаміра Равіча ў часопісе The Spectator, 13 ліпеня 1956 года. Фота: archive.spectator.co.uk

Крытычны артыкул пра кнігу і гісторыю Славаміра Равіча ў часопісе The Spectator, 13 ліпеня 1956 года. Фота: archive.spectator.co.uk


Калі б уцекачы ішлі маршрутам, які апісваў Равіч, яны мусілі перасекчы буйную дарогу і перайсці не толькі праз Гімалаі, але і праз іншыя горныя хрыбты, але ніякіх згадак пра гэта ў кнізе няма. Як пісаў ужо сучасны даследчык Патрык Сімс, падаецца дзіўным, што манголы, паводле версіі Равіча, усюды ходзяць пешшу, а не ездзяць на конях, носяць конусападобныя галаўныя ўборы і плаваюць на лодках уверх па звілістых рэках — такое апісанне больш падобнае да В’етнама. Равіч таксама апісваў 12 дзён знаходжання ў пустыні Гобі без вады, але гэта выклікала сумнеў Сімса: «Я памятаю, як сам задыхаўся там ад пылу ўсяго праз некалькі гадзін». Не дадавала рэалістычнасці гісторыі і згадка Равіча пра сустрэчу з двума еці ў Гімалаях.

Праўда высветлілася ў 2006 годзе — праз два гады пасля смерці Равіча. Яна пацвердзіла здагадку невядомага рэцэнзента, які яшчэ ў 1956 годзе ў часопісе The Spectator звярнуў увагу на тое, што Равіч, згодна з запісамі польскага войска Андэрса, далучыўся да транзітнага лагера ў Іраку 10 красавіка 1942 года. Але ў «Доўгай дарозе» сцвярджалася, што ў канцы сакавіка 1942 года ўцекачы яшчэ нават не перайшлі праз Гімалаі. Трапіць у Ірак ён не мог раней за ліпень ці жнівень. «Даводзіцца са шкадаваннем прыйсці да высновы, што ўся гэтая цудоўная кніга — выдумка. Вельмі імаверна, што Равіч знаходзіўся ў турме ў Расіі, адкуль у 1942 годзе праз Персію (Іран. — Заўв. рэд.) на Блізкі Усход былі перапраўленыя многія тысячы яго суайчыннікаў, вызваленых паводле ўмоваў англа-расійскага саюза (дамоўленасці паміж СССР і Вялікабрытаніяй пра стварэнне на тэрыторыі першага польскага войска для барацьбы з нацыстамі. — Заўв. рэд.)», — пісаў рэцэнзент.

Гэтая версія аказалася праўдай. Супрацоўнікі Бі-бі-Сі ў 2006-м звярнуліся ў архівы. Высветлілася, што Равіча вызвалілі з ГУЛАГа ў 1942 годзе — ён уласнаручна апісваў сваю амністыю ў дакументах. У архіве таксама была інфармацыя, што Славамір трапіў у ГУЛАГ за забойства афіцэра НКУС. Зрэшты, нам невядомыя абставіны гэтай справы — цалкам магчыма, што яна была сфабрыкаваная.

У дадатак высветлілася, што і інфармацыя пра дзяцінства Равіча не адпавядала рэчаіснасці. У архівах Пінска знайшлі ліст яго бацькі — праваслаўнага святара, які быў патрыётам Расіі, а не Польшчы (гэта супярэчыла таму, што сцвярджаў у кнізе Славамір).

Версія Глінскага і магчымая разгадка

Праз тры гады, у 2009-м, у гэтай гісторыі і з’явіўся ўжо згаданы Вітольд Глінскі, ураджэнец беларускага горада Глыбокае. Ён даў інтэрв'ю брытанскаму часопісу Reader’s Digest, потым яго пераказала выданне The Mirror. Глінскі заявіў, што Равіч скраў яго гісторыю. Яго ўласны аповед, які мы часткова цытавалі вышэй, практычна цалкам супадаў з кнігай. Як адзначала The Mirror, «самае верагоднае тлумачэнне палягае на тым, што Равіч прачытаў сапраўдную справаздачу Вітольда пра ягоныя ўцёкі ў афіцыйных дакументах, якія ён знайшоў у амбасадзе Польшчы ў Лондане падчас вайны».

Паводле Вітольда, ён даўно ведаў, што яго гісторыю скралі. Але ніколі не пратэставаў, бо хацеў забыць вайну і засяродзіцца на сваім новым жыцці. Пасля дэмабілізацыі ён працаваў будаўніком, потым на пенсіі пасяліўся ў невялікім аднапавярховым дамку. Пра яго выпадкова даведаўся пісьменнік Джон Дайсан і пераканаў расказаць пра сваё мінулае. Глінскі памёр у 2013 годзе.

Вітольд Глінскі з жонкай у 2009 годзе. Фота: Джон Дайсан

Вітольд Глінскі з жонкай у 2009 годзе. Фота: Джон Дайсан


Тым не менш яго гісторыя таксама выклікала сумневы. Ні адзін факт, які датычыў знаходжання Глінскага ў зняволенні, у тым ліку яго ўцёкі з нявысветленага працоўнага лагера пад Якуцкам, не знайшоў пацверджання ў архівах. Наадварот, урэшце высветлілася, што мужчына нарадзіўся ў Глыбокім у 1926 годзе. То-бок на момант уцёкаў яму было 14−15 гадоў. Але галоўнае, што з лютага 1940-га да верасня 1941-га ён знаходзіўся ў працоўным лагеры на тэрыторыі Архангельскай вобласці Расіі (хоць уцёкі нібыта адбыліся ў пачатку 1941-га). Гэта выключала магчымасць таго, што Глінскі браў удзел у паходзе ў Індыю.

Здавалася б, усё ясна: ураджэнец Глыбокага мог прыдумаць свой удзел ва ўцёках, каб атрымаць порцыю славы. Але тады ў чым была логіка Равіча? Выключна ў заробку? Але ж ён (ці яго суаўтар), як адзначалі рэцэнзенты, мог лепш падрыхтавацца да апісання падарожжа, пачытаўшы кнігі пра апісваны рэгіён.

Журналіст і даследчык Збігнеў Станьчык прапанаваў цікавую версію, якая здаецца лагічнай. Калі каротка, то ўцёкаў Равіча не было, але большая частка апісаных ім падзей здарылася насамрэч.

Як пісаў Станьчык, Равіч пасля вайны пакутаваў на посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР). Псіхолаг, які лячыў Славаміра, параіў яму разглядаць размовы з журналістам як форму тэрапіі, якая дазваляе прымірыцца з яго мінулым.

Журналіст Даўнінг з Daily Mail прыязджаў запісваць гісторыю Равіча з Лондана ў Нотынгем раз на месяц, у нядзелі. «Насуперак абяцанням, гаспадары не заўсёды прымалі яго ў сябе дома. Часам журналіст знаходзіў дзверы замкнутымі, што ён тлумачыў дэпрэсіяй Равіча. <…>. [Жонка Славаміра] Марджары часта брала справу ў свае рукі і сама расказвала гісторыю, калі яе муж не хацеў гаварыць. Даўнінг часам выкарыстоўваў для аднаўлення гісторыі свае кароткія нататкі з папярэдніх сустрэчы, а часам — уласнае ўяўленне, не параіўшыся з парай», — адзначаў Станьчык.

Варкуцінскі папраўча-працоўны лагер, адзін з найбуйнейшых у сістэме ГУЛАГа. Фота: thegulag.org, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Варкуцінскі папраўча-працоўны лагер, адзін з найбуйнейшых у сістэме ГУЛАГа. Фота: thegulag.org, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Гэтая цытата важная з некалькіх прычын. Яна паказвае, што ў Равіча не было мэты любой цаной напісаць кнігу (ён нават адмаўляўся ад размоваў з журналістам). А таксама тое, што кніга «Доўгая дарога» можа быць калектыўнай творчасцю ўраджэнца Пінска, яго жонкі і журналіста.

«Паводле псіхолагаў, якія працавалі з ветэранамі Другой сусветнай вайны, каля траціны з іх пакутавалі на амнезію ваенных падзей — стан, які часта выпускаюць з-пад увагі ў цывільным жыцці. Палова з іх спрабавала здушыць траўматычныя ўспаміны або мела вялікія прабелы ва ўспамінах пра мінулае. Многія пазбягалі думак, звязаных з катаваннямі і злачынствамі. Моцны страх, бездапаможнасць і жах, пагоршаныя жыццём пад пастаяннай пагрозай смерці, сур’ёзна паўплывалі на гэтых людзей. Рональд Даўнінг, які запісаў гісторыю Равіча, не змог спасцігнуць гэтую рэальнасць», — пісаў Станьчык.

У сваім артыкуле даследчык прыводзіў шэраг іншых гісторый, звязаных з уцёкамі з савецкіх лагераў і доўгіх падарожжаў пасля іх. Напрыклад, ураджэнец Вільнюса Браніслаў Багушэвіч быў дасведчаным радыстам. Пасля захопу горада СССР яго арыштавалі і змясцілі ў лагер у Казельску, дзе ён рамантаваў радыёапаратуру. Жонка начальніка лагера апазнала яго як свайго далёкага сваяка, папярэдзіла пра падрыхтоўку забойства польскіх афіцэраў і дапамагла яму ўцячы. Разам з кампаньёнам ён перасёк Каўказ, а потым апынуўся ў Іране, адкуль пераправіўся ў Бамбей.

У архівах ёсць згадкі польскіх уцекачоў з ГУЛАГа і пра пераход Гімалаяў, і іншыя падобныя да гісторыі Равіча эпізоды. Кожную з іх неабходна пацвярджаць. Але тут важна, што яны цыркулявалі сярод польскіх эмігрантаў у Вялікабрытаніі.

Постар фільма «Дарога дадому» («The Way Back»). Фота: Newmarket Films, Exclusive Film Distribution, Meteor Pictures, kinopoisk.ru, ru.wikipedia.org

Постар фільма «Дарога дадому» («The Way Back»). Фота: Newmarket Films, Exclusive Film Distribution, Meteor Pictures, kinopoisk.ru, ru.wikipedia.org



Паводле Станьчыка, дарога Равіча да свабоды была доўгай і абцяжарвалася мноствам перашкод. «Ён, відаць, сустрэў тысячы людзей пасля вызвалення, падчас эвакуацыі, на Блізкім Усходзе і ў Англіі. Асобы, імёны, месцы зліліся ў адну агульную гісторыю. Яму не давялося шмат прыдумляць, бо яго досвед быў падобны да досведу многіх іншых. Ён казаў ад імені групы людзей, у тым ліку загінулых. Многія, як і ён, імігравалі і жылі ў закрытай супольнасці ў Англіі. Ён, несумненна, ведаў з першых рук аповеды пра іх жыццёвы досвед і ўключыў многія з гэтых розных сюжэтаў у сваю кнігу».

Тым больш што маленькі шанец на тое, што нехта збег з ГУЛАГа ў Індыю, усё ж ёсць. Як адзначала Бі-бі-сі, «падказку можа даць гісторыя Руперта Мэйна, афіцэра брытанскай разведкі ў Індыі падчас вайны. У Калькуце ў 1942 годзе ён апытаў трох знясіленых мужчын, якія сцвярджалі, што ўцяклі з Сібіры. Мэйн заўсёды лічыў, што іх гісторыя — менавіта тая, што апісана ў „Доўгай дарозе“, але, расказваючы пра гэты эпізод праз шмат гадоў, ён не мог успомніць іх імёны. Так што застаецца імавернасць, што нехта іншы, калі не Равіч, здзейсніў гэты выбітны подзвіг».

Але вернемся да пачатку тэксту. Даведаўшыся, што гісторыя непраўдзівая, рэжысёр Пітэр Уір хацеў адмовіцца здымаць фільм. Але потым прышоў да высновы, што гэта не так і важна: «Калі ў гэтай гісторыі і ёсць нейкі ўсеагульны чалавечы сэнс, то сэнс гэты зусім не ў гэтым <…> хлопцу, які горача хацеў вярнуцца дадому. Сэнс яе ў той барацьбе, якую кожнаму з нас даводзіцца весці літаральна кожны дзень, каб выжыць. І барацьба гэтая — эпічных маштабаў. Хтосьці ўсё ж прайшоў гэтую дарогу, і гэта, напэўна, самае галоўнае».