Пра «прынца» яўрэйскай паэзіі

Заўсёды радасна, калі ў Гродне выходзіць новая кніга. Гэта сведчыць пра тое, што мясцовы літаратурны працэс жыве. І асабліва значна, калі праз яго адбываецца сувязь мінулых эпох з сучаснасцю.

da_recenzii_kaspjarovicza.jpg


Мы жывём у складаны і цяжкі час: вакол, нягледзячы на вонкавую квецень і поспех, багата болю і гора. Краіна праходзіць праз пакутлівы перыяд перамен. У айчыннай гісторыі ўжо былі падобныя старонкі, калі шматлікія войны, як чорныя навалы, пракочвалі па зямлі, руйнуючы жыцці цэлых пакаленняў. Але сціхалі страшныя грымоты і вяртаўся мір пад блакіт крывіцкіх нябёсаў, і толькі вечная памяць захоўвала для нашчадкаў незабыўны боль тых гаротных падзей.
І літаратура – верная сястра чалавецтва,— таксама праходзіла праз свой росквіт і заняпад. Загараліся новыя імёны, пісаліся шчырыя творы... і знікалі ў бездані часу, каб застацца там назаўсёды ці нечакана з’явіцца праз стагоддзі і стаць цудоўным адкрыццём для ўсіх аматараў высокага слова.
Калі ў шаноўнага чытача ўзнікне прага здзейсніць вандроўку ў тую сумную даўніну, варта зайсці ў выдавецтва «ЮрСаПрынт» на колішняй Брыгіцкай і ўзяць з паліцы кнігу, прысвечаную творчасці гродзенскага паэта Лейба Найдуса. Вы ўбачыце якасны друк, арыгінальны дызайн, архіўныя фотаздымкі і, галоўнае, светлыя ўспаміны пра паэта яго блізкіх і сяброў, крытычныя эсэ, артыкулы і пераклады вершаў на чатыры мовы тагачаснага Памежжа.
Над выданнем працавала цэлая плеяда таленавітых аўтараў і ўкладальнікаў: Марына Шэпелевіч, Беньямін Ерузалім, Эсфір Кірзнер, Альжбета Кеда, Ісроэл Някрасаў, Анатоль Брусевіч, Павел Салаўёў, Андрэй Ціхаміраў і іншыя.
Імя Лейба Найдуса было амаль забыта на Радзіме, зрэдку хто з гродзенцаў мог адказаць, у чый гонар названая маленькая вуліца ў цэнтры горада. Ідыш, на якой пісаў паэт, знікла, і ва ўсім Наднямонні не засталося аніводнага носьбіта гэтай мовы — дарэчы, адной з дзяржаўных моў былой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.І вось імя і творчасць «прынца яўрэйскай паэзіі», як называе Лейба Найдуса ўкраінская паэтка Валерыя Багуслаўская, вяртаецца з небыцця.
Анатоль Брусевіч у эсэ «Пра месца Лейба Найдуса ў беларускай культурнай прасторы» параўноўвае маштаб яго таленту з Максімам Багдановічам. Пакінем за Брусевічам права на яго параўнанні, бо спадар Анатоль і сам знатны паэт з дасведчаным густам. Пагодзімся з тым, што, безумоўна, трагічнасць лёсу яднае гэтых двух заўчасна памерлых маладых творцаў.
«Яго вершы спалілі фашысты, а магілу знішчылі камуністы», — піша пра Лейба Найдуса Андрэй Адляніцкі. Нагадаем, што з магілай Максіма Багдановіча, на жаль, таксама не ўсё зразумела.
Ад сябе вылучым са зместу два творы. Гэта ўспаміны пляменніцы паэта Алены Найдус, што акунаюць нас у ціхае жыццё яўрэйскіх мястэчак і нагадваюць прозу Шалом-Алейхэма. І яшчэ гісторыя сямі перакладаў Брусевіча — важны артыкул для ўсіх знаўцаў паэзіі, дзе імя Лейба Найдуса стаіць побач з імёнамі Віславы Шымборскай, Івана Франко і Аляксандра Блока.
Адразу пасля выхаду кнігі ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы адбылася адна з яе прэзентацый, дзе, акрамя многіх выступоўцаў, удзельнічаў сямейны дуэт гродзенскіх бардаў — Паўла і Таццяны Салаўёвых. Спадар Павел і сам спрычыніўся да выдання кнігі ў якасці перакладчыка, а Таццяна спявала песні на вершы Лейба Найдуса не толькі ў перакладах, але нават і на ідыш.
А імя паэта жыве, пакуль чытаюць яго вершы.
P. S. Хто-небудзь з амерыканскай дыяспары, калі ёсць такая магчымасць, пазнаёмце «караля рок-музыкі» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Боба Дылана, бацькі́ якога паходзілі з адэскіх і літоўскіх яўрэяў, з творчасцю «прынца» Лейба Найдуса. Можа, паважаны мэтр напіша некалькі новых хітоў?
М. А. Шэпелевіч, Б. Е. Ерузаліма «“Я сердцем солнца пью нектар”. Лейб Найдус. К 130-летию со дня рождения гродненского поэта» (Гродна: ЮрСаПрынт, 2021. – 284 с.)