«Следчы сказаў мне, дасцё паказанні, што ўсюды былі ў той дзень у горадзе»

У Кастрычніцкім судзе Гродна 12 ліпеня працягваецца разгляд крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага. Яго вінавацяць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 КК РБ («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 364 КК РБ («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

sakalouski_04.jpg

Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Віктар Нічыпарук.
Справу маніторыць правааабаронца Раман Юргель.
Паводле матэрыялаў следства, 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у Гродне Сакалоўскі, знаходзячыся ў счэпцы грамадзян, аказаў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПа, з групай асоб перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі выконваць іх абавязкі. У ходзе групавых дзеянняў актыўна, з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы.
Андрэй Сакалоўскі сябе вінаватым не прызнае.
На папярэдніх судовых пасяджэннях дапытвалі пацярпелых амапаўцаў. Яны блыталіся ў паказаннях, супярэчылі сваім ранейшым паказанням, адмаўляліся ад сваіх ранейшых матэрыяльных патрабаванняў да абвінавачанага.
12 ліпеня пацярпелыя з'явіліся на пасяджэнне суда для прагляду відэазапісу, прагляду і апытання суддзёй і адвакатам.
Дзяржабвінаваўца абвяшчае пратакол агляду запісу: відэадыск з камеры відэаназірання з вул. Гарнавых за 6 верасня. На відэазапісе бачна няўзгодненае масавае мерапрыемства, дзе Сакалоўскага відаць у натоўпе людзей з дзіцём. Зафіксавана таксама сутыкненне людзей і барацьба паміж Сакалоўскім і АМАПам. Сакалоўскі затым ідзе да прыпынку грамадскага транспарту.
5 пацярпелых — Вавілонаў, Белы, Латкоў, Аскерка, Дмухоўскі — праглядаюць відэа. Яны ў чорных балаклавах.
Адвакат запытвае, хто сябе ўбачыў на відэа і апазнаў.
Усе пяцёра сябе ўбачылі і апазналі. Кажуць, што ўбачылі Сакалоўскага.
Адвакат просіць кожнага з пацярпелых назваць свае дзеянні ў дачыненні да Сакалоўскага.
Белы: «Я стаяў у першым ланцугу. Сакалоўскага на відэа магу апазнаць».
Адвакат удакладняе ў Белага:
 — Дзе Сакалоўскі вам наносіць цялесныя пашкоджанні, дзе гэта на відэа? Пазоў падтрымліваеце?
— Так.
Адвакат: «Але Сакалоўскі вам не наносіў удары, а ў вашым пазове паказана, што менавіта Сакалоўскі прычыніў вам цялесныя пашкоджанні. Ёсць разыходжанні ў вашых паказаннях і ў пазове! Вы адмаўляецеся ад пазову?»
— Я адмаўляюся ад пазову!
Суддзя абвясціла пастанову: прыняць адмову ад пазову Белага, вытворчасць па пазове спыніць.
Далей пытанні адваката пацярпеламу амапаўцу Латкову.
— Па якіх прыкметах вы апазналі сябе на відэа?
— Пазнаў сябе.
— Сакалоўскі на відэа прычыняў вам пабоі, пашкоджанні?
— Ён адштурхоўваўся, я штурхаў, затрымліваў Сакалоўскага іншы супрацоўнік.
— У пазове вы ўказалі, што Сакалоўскі наносіў вам ўдары. Што адпавядае рэчаіснасці: вашы паказанні ў судзе, у пратаколе або ў пазове? Вы падтрымліваеце пазоў?
— Так. Пры затрыманні Сакалоўскі ўпіраўся. На відэа ёсць фрагмент, дзе я яго затрымліваю.
Латкоў зноў глядзіць відэа, шукае той момант.
Латкоў паказвае фрагмент, дзе Сакалоўскі нібыта штурхае амапаўца Латкова ў чорным, у балаклаве.
Адвакат:
— А ў чым вашы пакуты ад дзеянняў Сакалоўскага. Вы не зафіксавалі пабоі, да лекара не звярталіся?
— Пабоі не фіксаваў, да лекараў не звяртаўся, дакументальна пазоў не магу пацвердзіць.
Адвакат: «У вас розныя тлумачэння ўсюды. Чаму вы не сфармулявалі свае іскавыя патрабаванні? Чаму следчаму аб гэтым не гаварылі?»
— Следчы сказаў мне, што дасцё паказанні, што ўсюды былі ў той дзень у горадзе.
Адвакат:
— Суд не можа вас дакладна ідэнтыфікаваць, вы былі ў чорным. Ад пазову вы адмовіліся ў мінулы раз. Следчы з вамі размаўляў без балаклавы, то якія вашы паказанні з'яўляюцца сапраўднымі?
— Усе сапраўдныя. Паказанні мае былі толькі па Брэсце.
— А якое дачыненне вы маеце да справы Сакалоўскага?
— Спытайцеся ў следчага.
Пасля гэтага ў судзе абвясцілі перапынак.
spring96.org