У Магілёве за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі судзяць палітвязня Барушку, які заяўляў пра катаванні

У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 12 ліпеня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») пачалі судзіць 33-гадовага прадпрымальніка Віктара Барушку, асуджанага ў студзені на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па п. 5 ч. 2 арт. 147 КК за напад на амапаўца на «Партызанскім маршы». Пра гэта паведамляе «Вясна».

Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Мужчына сваёй віны не прызнаў. Віктара адправілі адбываць пакаранне ў калонію №15 у аграгарадку Вейна пад Магілёвам. Там супраць яго распачалі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле ч. 2 арт. 411 КК. Па гэтым артыкуле Віктару могуць дадаць два гады пазбаўлення волі да раней прызначаных пяці гадоў.
Справу палітвязня разглядае суддзя Вольга Краўчанка.

За што асудзілі Віктара на 5 гадоў пазбаўлення волі?

33-гадовы прадпрымальнік Віктар Барушка быў затрыманы 18 кастрычніка мінулага года падчас «Партызанскага маршу» ў Мінску. Паводле версіі абвінавачвання, супрацоўнікі АМАПа спрабавалі яго затрымаць, ён аказаў супраціў аднаму з іх і ўжыў у дачыненні да яго гвалт, а менавіта ўдарыў «целам у цела і нагой у нагу». У выніку супрацоўнік АМАПа Іван Волахаў (у судзе пацярпелы праходзіў пад змененым імем) атрымаў пералом вялікай галёначнай косткі правай нагі. Супраць Віктара распачалі крымінальную справу па п. 5 ч. 2 арт. 147 КК («Наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю чалавека ў сувязі з выкананнем ім службовай дзейнасці»).
Сваю віну Віктар Барушка не прызнаў. Ён распавёў, што, калі ішоў з пратэснага маршу, убачыў сілавікоў і пачаў уцякаць. Неўзабаве яго збілі з ног — і разам з байцом АМАПа ён упаў на зямлю.
Пасля затрымання Віктар 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД са шматлікімі ўдарамі і траўмамі. Потым яго ўзялі пад варту. На судзе Барушка заявіў пра збіццё і катаванні:
«Білі, дубінку ў д*пу засоўвалі. Пасля гэтага я правёў 12 дзён у рэанімацыі БХМД. Ногі былі такія апухлыя, што не мог зняць джынсы. Калі мяне білі, я бярог левую нагу. Мне мянялі звязкі на левай назе, я не мог ёю ўдарыць».
27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска быў вынесены прысуд Віктару Барушку па справе аб нападзе на супрацоўніка АМАПа і прычыненні яму цяжкіх цялесных пашкоджанняў (п. 5 ч. 2 арт. 147 КК). Напярэдадні пракурор Аляксандр Рамановіч запрасіў для яго 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта столькі і прысудзіла яму суддзя Марына Запаснік.
«Новы Час» распавядаў гісторыю Віктара Барушкі, інтэрв'ю з яго жонкай Наталляй можна пачытаць тут: