Прыгоды пенсіянера: 60 гадоў з Валянцінам Акудовічам

Філосаф Валянцін Акудовіч адметны многімі рэчамі. Але ў чэрвені 2010 года ў каторы раз набылі актуальнасць дзве яго яскравыя асаблівасці: тая, што ён аўтар знакамітага тэзіса «мяне няма», і тая, што ён уладальнік звання «майстар спорту СССР па турызме». Сёлета Акудовіч прыняў канцэптуальнае рашэнне сплыць ад свайго 60-гадовага юбілею па класічным, але тым не менш поўным нечаканасцяў водным маршруце Іслач — Заходняя Бярэзіна — Нёман. Мне выпала магчымасць весці рэпартаж наўпрост з байдаркі, на якой выбітны філосаф здзяйсняў сваю авантуру.



bbeb0c1b1fd44e392c7ce2fdbd137e87.JPG

Філосаф Валянцін Акудовіч адметны многімі рэчамі. Але ў чэрвені 2010 года ў каторы раз набылі актуальнасць дзве яго яскравыя асаблівасці: тая, што ён аўтар знакамітага тэзіса «мяне няма», і тая, што ён уладальнік звання «майстар спорту СССР па турызме». Сёлета Акудовіч прыняў канцэптуальнае рашэнне сплыць ад свайго 60-гадовага юбілею па класічным, але тым не менш поўным нечаканасцяў водным маршруце Іслач — Заходняя Бярэзіна — Нёман. Мне выпала магчымасць весці рэпартаж наўпрост з байдаркі, на якой выбітны філосаф здзяйсняў сваю авантуру.
Птушка-тройка
Хадзіць на трохмеснай байдарцы па невялічкіх беларускіх рэчках — справа экстрэмальная: усе таплякі і віры — твае. Неўзабаве я адчую гэта на ўласнай скуры. Але ў байдарачных паходаў з Ігарам Бабковым і Валянцінам Акудовічам ёсць не толькі спартовае, але і філасофскае вымярэнне. У прыватнасці, байдарка-«тройка» для Акудовіча, які нязменна выцягвае на ваду менавіта гэту пасудзіну, — штосьці накшталт таго няпростага шляху, што мы выбіраем у жыцці, якое прапаноўвае нам лёгкія, але «неканцэптуальныя» варыянты. Хлопчыкі-байдарачнікі з Ліды спрытна абганяюць нас на сваіх імклівых спартовых «двойках» і спачувальна пазіраюць на цяжкагруз, які нашы спадарожнікі кпліва ахрысцілі «Тры чарапахі».
Для мяне гэта першы досвед воднага паходу. У кожнага з дзевяці ўдзельнікаў нашай каманды свае абавязкі і функцыі. Мяне ўзялі кашаварыць. Як жанчына, юнга і гарант непадгарэлай вячэры, я сяджу на самым бяспечным месцы, усярэдзіне: літаратар паміж двума філосафамі. Акудовіч традыцыйна займае кармавую частку — ён стырнавы, а перада мной вяслуе Глеб Гобзем.
Гэта для тых, хто застаўся ў горадзе, мы сплываем ад юбілею Акудовіча. Насамрэч, кажа філосаф, мы разам з ім плывем насустрач важнай і нават сакральнай для яго падзеі. У паходзе ён стане пенсіянерам, і гэты факт бязмежна яго радуе. На стаянках ён салодка храпе ў сваім аднамесным намёце і бачыць ува сне, як чыноўніца выдае яму пенсійнае пасведчанне.
Такім чынам, на борце два маладых і адзін «канцэптуальна стары» чалавек. Вандроўка аўтаматычна ператвараецца ў плынь успамінаў.
Такі кон
«Мае бацькі — непісьменныя, — кажа Акудовіч, табнуючы вяслом на паваротах, каб нас не занесла. — Маці, якой ужо 85 год, дай ёй Бог здароўя, не ўмее ні чытаць, ні пісаць. І дзякуй Богу! Калі б яна, шчырая праваслаўная верніца, прачытала, што ейны сын у горадзе панапісваў пра гэтага яе Бога, то вельмі расперажывалася б. І тым не менш, шмат год таму яна мела прадбачлівасць выпхнуць мяне з мястэчка Свіслач у сталіцу, бо разумела: у мястэчку з мяне нічога не выйдзе. Уладкавала рабочым на Мінскі маторны завод. Дзеля таго, каб пасля я змог паступіць у ВНУ. Ані добрым токарам, ані фрэзероўшчыкам я тады так і не стаў — не ўмею працаваць рукамі…»
Іслач у гэтым месцы яшчэ не зусім дзікая: трапляюцца вёскі, масты і масткі. Спагадлівыя воднікі, што ішлі тут раней, прапілавалі праходы для чаўноў, і таму нашы «Тры чарапахі» сяк-так прапаўзаюць праз карчы. Я расслабляюся. Жыццё здаецца прыўкрасным і дзівосным. А філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч (жывая легенда для мяне — літаратара і філосафа Глеба) працягвае свой жыццяпіс:
«Я дзесяць разоў паступаў у розныя беларускія універсітэты, і дзесяць разоў няўдала. Гэта было ганьбай — вяртацца ў мястэчка пасля чарговай паразы. Бацькам, здаецца, было ўсё адно, дзе я буду вучыцца, — абы сын быў студэнтам. І толькі на адзінаццаты раз мне пашанцавала: па выніках аднаго-двух дасланых тэкстаў прынялі адразу ў Літаратурны інстытут у Маскву. Установу, пра якую я папярэднія 10 разоў нават марыць баяўся… Хоць таемна заўжды імкнуўся менавіта туды. І вось што я думаю: такі мне быў кон. Усе дзесяць разоў Бог ці хто там яшчэ проста бераглі мяне. Ну вось уплішчыўся б я ўсімі праўдамі і няпраўдамі ў нецікавы мне Палітэх, вырваў бы з жыцця пяць гадоў… І ўсё адно: вакольным шляхам, але прыйшоў бы да таго, што мне сапраўды цікава. Таму, моладзь, шчыра раю: ніколі не спрабуйце падмануць свой кон».
Мы і не спрабуем: плынь капрызнай Іслачы робіцца такой непрадказальнай, што няма сумневаў: сёння нам наканавана многае. Мы то трэмся бартамі аб берагі, то кладземся на спіну, прапаўзаючы пад паваленымі дрэвамі, то кіўбасімся на перакатах. У судне па костачкі вады. Акудовіч заўпэўнівае, што гэта нармальна. Мы выцягваем паходныя кубкі і пачынаем чэрпаць. Пад мернае чэрпанне гісторыя працягваецца.
Брызент і фанера
«Пасля літінстытута мне прапанавалі застацца ў сталіцы імперыі, — Акудовіч па магчымасці спрытна ўхіляецца ад галінак паваленых дрэваў, не перастаючы чэрпаць. — Нават кватэру давалі, што па тых часах было вельмі і вельмі, скажу вам. Але я здзейсніў нечуваны па тых часах крок. Я вярнуўся ў Беларусь. Размеркавалі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Тагачасны старшыня Іван Шамякін зычліва рабіў выгляд, што шукае мне месца ў якой-небудзь рэдакцыі, а я зычліва рабіў выгляд, што вельмі гэтага працаўладкавання хачу. Насамрэч жа я марыў здзейсніць класічны для васьмідзесятых учынак — уладкавацца вартаўніком за 70 рублёў у месяц. Зрабіць гэта мне было даволі складана, бо я меў вышэйшую адукацыю, а ў дворнікі ды вартаўнікі такіх не бралі. Уратавала тое, што ў працоўнай кніжцы запіс пра паступленне ў інстытут быў, а пра сканчэнне чамусьці не было. Схлусіў, што выгналі. І стаў вартаваць дом піянераў Завадскога раёна».
«Мэта ў мяне была адна — прачытаць усю беларускую літаратуру, — працягвае філосаф. — Сусветную і расійскую я, дзякуючы літінстытуту, ведаў няблага, а роднай — ні ў адным воку! Вядома ж, не ўсё задуманае ўдалося, але засвоіў я, седзячы начамі, сапраўды шмат. Менавіта тады мне адкрыліся ўвесь смак, уся глыбіня беларускага слова. Менавіта тады зацягнула…»
На слове «зацягнула» мы канцэнтруем увагу на маршруце: вір на даляглядзе мае ўсе рэсурсы зацягнуць нас не горш за беларускае слова. Пасля небяспечнага адцінку Акудовіч працягвае:
«У літінстытут паступаў і з яго выпускаўся рускамоўны пісьменнік Валянцін Акудовіч. А цяпер, праз шмат год перачытваючы творы таго часу, бачу: і мову рускую засвоіў бліскуча, і метафарамі сыпаў, і параўнаннямі — але ніякай натуральнасці ў гэтым не было. Фанера», — і наш стырнавы выразна стукае вяслом па брызентавым борце байдаркі.
У савецкія часы ён вадзіў у паход групы турыстаў — у гэтым мне бачыцца правобраз аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіума, якое курыруе Акудовіч. Ён позна — пасля сарака — прыйшоў у беларускую літаратуру, але прыход яго прыпаў на пачатак 1990-х і быў, ужываючы ўлюбёнае слова філосафа-практыка, «канцэптуальным». Седзячы з ім у адной байдарцы, разумееш: яго досвед працы лодачнікам на Нарачы і рэдактарам у часопісе «Крыніца» — рэчы ўзаемазвязаныя: без першага не было б другога.
Старая з вяслом
«Спартовы турызм у познесавецкія часы быў аддушынай для інтэлігенцыі, — расказвае Акудовіч пра яшчэ адзін свой кон — званне майстра спорту, якое атрымаў роўна паўжыцця таму, у 1980-м. — Рэдка калі ў секцыі прыходзілі такія, як я, — ад станка, з заводу. Спрэс былі навукоўцы, пісьменнікі, паэты… Хадзілі ў горы цэлымі літаб’яднаннямі і кафедрамі. Чаму? Бо ў гарах ты мог быць сапраўды свабодным. Складалася ўражанне, што толькі тут на цябе не цісне ўся гэта сістэма. Савецкае кіраўніцтва разумна прыдумала выпускаць дэкадэнцкую пару ў турыстычную рамантыку, высылаць патэнцыйных бунтароў «за туманам і за водарам тайгі». Таму ў горы ішлі павальна ўсе».
Дзень хіліцца да вечара, а аповед Акудовіча плаўна перакотваецца праз цяпершчыну. Пад булькатанне Іслачы мы дазнаемся пра яго планы на будучыню.
«Цяпер я рыхтую ў выдавецтве «Логвінаў», — тут ён махае рукой на яўна задаволенага паходам выдаўца Ігара Логвінава ў суседняй байдарцы, — усе свае чатыры кнігі пад адной вокладкай «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж», «Дыялогі з Богам» і «Код адсутнасці». Потым я дапішу адну кнігу, сута філасофскую, пра канцэпт «Нішто» — і напішу адно важнае для мяне эсэ, якое мне сапраўды муляе напісаць. І ўсё. Больш нічога пісаць не буду, а буду чакаць старую з касой».
У гэтым прызнанні нас з Глебам асабліва радуе тое, што нас стырнавы мае планы на «пасля паходу», а старая яму мроіцца з касой, а не з вяслом — бо рака прапаноўвае нам усё новыя заносы. Зрэшты, супакойвае нас Акудовіч, за ўсё гады толькі адзін чалавек у Беларусі загінуў на байдарках. Іслач — рака халодная, хуткая і падступная, гэта так. Але не крыважэрная.
«Спадару Валянціне, дык чаму вы ўсё-ткі ходзіце ў паходы?» — пытаемся мы.
Нейкі момант карма маўчыць. Нам не бачна, але па ходзе байдаркі можна меркаваць, што без пяці хвілінаў пенсіянер не стырнуе, а няспешна зацягваецца моцнай цыгарэтай айчыннай вытворчасці — яшчэ адна яго знакамітая асаблівасць. Потым адказвае: «Рэч у тым, што ў гарах, на вадзе, у лесе — я сабе падабаюся. Падабаюся значна больш, чым у горадзе…»
І — трамсь! Бах! Плясь!!! Оёёй! Палундра!!! Наша «птушка-тройка» на крутым павароце з усімі яе пасажырамі і грузам куляецца ў Іслач.
Оверкіль з Акудовічам
Выявілася, што хлопцы няправільна склалі байдарку. Пасля гэтага няправільна яе загрузілі, а ў дадатак веславалі без уліку гэтых акалічнасцяў. Наш «оверкіль» быў непазбежны, як парад Перамогі.
У дадатак бравы стырнавы нашай байды не прывязаў свае акуляры. Радасна пабліскваючы шкельцамі, яны мкнуцца ў кірунку Нёмана. Гэты жах на твары іх гаспадара, калі ён вісіць на паваленым дрэве па шыю ў вадзе — ад таго, што ён нічога не бачыць. У нас беспаваротна тоне сякера, сплываюць кубкі ды вопратка. Астатнія рэчы плёхаюцца ў вадзе разам з намі.
Не ведаю, хто там — Бог ці кон — кульнуў нас у ста метрах ад стаянкі. У лесе ўжо гарыць вогнішча, а да месца аварыі на дапамогу спяшаецца паэт Віталь Рыжкоў з больш віртуознай, а таму ні разу не перакуленай сёння байдаркі. Я сохну на паляне, адчуваючы, што ў мяне развіваецца нешта накшталт водабоязі, а расстроены Акудовіч топчацца вакол свайго ўшчэнт прамоклага рыштунку. Гэта ён аддаў загад збочваць менавіта «тут, а не тут», і цяпер перажывае. Хоць, на мой погляд, віна была калектыўнай.
На наступны дзень, калі мы, усяго крыху падсохлыя, зноў загружаемся ў байдарку, Акудовіч — нечувана для беларускага літаратара сталага веку — прызнае сваю ўчарашнюю «канцэптуальную памылку» і просіць прабачэння ў маладых: «Не ведаю, што там да старой з касой, але чыноўніца з пасведчаннем вельмі слушна паўстала на маім шляху: час на пенсію».
Магчыма, і так. Але калі я апісваю нашу прыгоду сябрам у SМSцы з дапамогай тэлефона, які цудам ацалеў, я атрымліваю поўныя зайздрасці адказы: «Кульнуцца з байды з самім Акудовічам! Ты запомніш гэта на ўсё жыццё!»
Ну так — на ўсё жыццё, якое ў любым выпадку не абыдзецца без оверкіляў. Абароваючыся назад, я пазіраю на загарэлы барадаты твар у нарэшце прывязаных вялізных акулярах, якія наступнага дня мы купілі ў бабы Ядзі з прырэчнай вёскі Баравікоўшчына, на штармоўку і цыгарэту айчыннай вытворчасці. Не ведаю, як там сам сабе, але мне унікальны філосаф і рассеяны байдарачнік, малады пенсіянер Валянцін Акудовіч у яго паходным варыянце, безумоўна, падабаецца.