«Схілім галовы перад імі»

Удзельнікі слуцкага гуртка «Размаўляем па-беларуску» прысвяцілі чарговую «гадзіну беларускай мовы» расстраляным і рэпрэсаваным літаратарам.

_pamjai_creprasavanyh_001_logo.jpg

«Схілім галовы перад імі», — з гэтымі словамі кіраўнік гуртка пры ТБМ Зінаіда Цімошак распачала 24 кастрычніка своеасаблівы ўрок літаратуры. У сваёй прадмове яна распавяла пра дзяржаўны тэрор трыццатых гадоў 1930–1940-х гадоў, які знішчыў альбо закінуў у ГУЛАГ беларускіх пісьменнікаў.

Кожны з удзельнікаў гуртка падрыхтаваў выступ, прысвечаны памяці аднаго з расстраляных альбо рэпрэсаваных пісьменнікаў на свой выбар.

— Зразумела, што ў рамках аднаго мерапрыемства нельга распавесці пра сотні пісьменнікаў, якія прайшлі праз бальшавіцкія турмы, — гаворыць кіраўнік гуртка. — Адам Бабарэка, Алесь Дудар, Янка Скрыган, Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Уладзімір Дубоўка — менавіта гэтыя імёны прагучалі на імпрэзе. Гэта былі паэты і пісьменнікі рознага таленту, але іх яднала адно: яны любілі Беларусь, былі нацыянальна-свядомымі, перажывалі за лёс свайго народа і краіны. І менавіта гэтым былі небяспечнымі для Сталіна і яго сатрапаў.

Удзельніца гуртка Тамара Блінова распавяла пра жыццё і творчасць Уладзіміра Дубоўкі.

— Мяне вельмі ўсхвалявала жыццё Уладзіміра Дубоўкі, — гаворыць жанчына. — Асабліва тое, што ён мала жыў у Беларусі, але быў цалкам  адданы беларускай мове і літаратуры. Яго рознабаковы талент нельга пераацаніць. Бо гэты чалавек мог быць высокапрафесійным у любой сферы дзейнасці: арганізацыйнай, юрыдычнай, літаратурнай. І такі талент дзяржава на працягу 27 гадоў «гнаіла» спачатку ў турме, а пасля ў ссылцы. А як трапна ён напісаў пра Беларусь тых часоў:

«Прыціх наш край: ад гутарак аскома…

Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць.

Свабодай карыстаюцца сачкомы,

Каб тых, хто мысліць, у астрог саджаць».

(«За ўсе краі, за ўсе народы свету…»)

Прыгадваецца, як шчымліва распавёў біяграфію Уладзіміра Дубоўкі ў дакументальна-мастацкім творы «Круг» Алесь Пашкевіч.


pamjai_creprasavanyh_logo.jpg


Марына Дамарад пазнаёміла з жыццём і творчасцю паэта Алеся Дудара і зачытала прысутным яго «расстрэльны» верш «Пасеклі край наш».

— Цікава, што гэты верш быў напісаны ў 1928 годзе, а гучыць зусім сучасна адносна нашай цяперашняй дзяржаўнай і грамадскай рэчаіснасці, — дзівіцца жанчына, — асабліва вось такія радкі:

«Не смеем нават гаварыць

І думаць без крамлёўскай візы,

Без нас усё робяць махляры

Ды міжнародныя падлізы».

pamjai_creprasavanyh_002_logo.jpg


Зінаіда Цімошак выбрала для сябе Язэпа Пушчу, які разам з Чорным, Дубоўкам і Крапівой, Адамам Бабарэкам у 1927 годзе стварыў літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Узвышша».

— Рамантызм і рэалізм, захапленне навакольным светам і трывога за яго неўладкаванасць, характэрныя для ўсіх «узвышаўцаў», адлюстраваны ў творчасці Пушчы найбольш яскрава, — тлумачыць свой выбар выступоўца. — Пушча адным з першых быў абвінавачаны ў нацыяналізме і адыходзе ад сацыялістычных прынцыпаў.

 Яшчэ задоўга да расстрэльных гадоў з прычыны выхаду ў друк вершаў «Лісты да сабакі»  27 кастрычніка 1929 года ў газеце «Савецкая Беларусь» з’явіўся пасквіль, які параўноўваў яго з гнілым старым, што жуе жвачку з сабачых лістоў.

— Дзякуй богу, што расійскі Сяргей Ясенін, які любіў вобраз сабакі Джыма, не дажыў да гэтых гадоў, — робіць выснову жанчына. — А пра тое, што было далей, лепей не скажаш, чым сам Пушча:

«Пад змрокам ночанькі аўто

Пад’ехала, не чуў ніхто.

Мяне забралі, павялі

Па роднай, па святой зямлі».

Кіпцюры ГПУ адарвалі Пушчу ад роднай зямлі на 28 гадоў і фактычна знішчылі яго як паэта.

Янка Скрыган і Адам Бабарэка, пра якіх распавядалі іншыя сябры гуртка, — не чужыя для Случчыны. Паэт Янка Скрыган, які таксама прайшоў праз рэпрэсіі,  на Случчыне нарадзіўся, некаторы час жыў і вучыўся ў Слуцку. Менавіта тут пачаў пісаць першыя вершы.

pamjai_creprasavanyh_004_logo.jpg


Празаік, паэт, філосаф і крытык Адам Антонавіч Бабарэка, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх згуртаванняў «Маладняк» і «Узвышша», загінуў у 1938 годзе. 

Ён вучыўся ў слуцкай школе, а пасля заканчэння мінскай духоўнай семінарыі некаторы час настаўнічаў на Случчыне.

У Слуцку ёсць вуліца «14 партызан» у памяць аб расстраляных чатырнаццаці  удзельніках падпольнай антыпольскай групоўкі падчас польскай акупацыі. Адам Бабарэка як актыўны ўдзельнік антыпольскай барацьбы, толькі выпадкова пазбег расстрэлу ў 1920 годзе. Але на памяць аб слуцкай турме польскія стражнікі выразалі яму на спіне дзве вялізныя пяціканцовыя зоркі, — распавёў пра Бабарэку Мікалай Зыкаў.

Такім чынам, Слуцк, які ўпарта захоўвае ў нашыя часы знешнюю савецкасць, выглядае няўдзячным горадам у адносінах да Адама Бабарэкі.

Будзем спадзявацца, што калісьці настане час, калі галоўная вуліца горада замест назвы «Леніна» будзе насіць імя Адама Бабарэкі, а на ўказальніках іншых вуліц горада замест прозвішчаў расійскіх літаратараў заслужана з’явяцца імёны  беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.