Школьны музей рыхтуецца да 100-годдзя Валянціна Таўлая
8 лютага 2014 года літаратурная Беларусь будзе адзначаць 100-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая (1914–1947).
Дзяцінства і юначыя гады паэта прайшлі на Слонімшчыне ў вёсцы Рудаўка. Ён вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі і ў Віленскай беларускай гімназіі.
Памяць пра паэта жыве і сёння. Імя Валянціна Таўлая прысвоена цэнтральнай гарадской бібліятэцы г. Баранавічы. Яго імя носяць вуліцы ў Баранавічах, Лідзе, Маладзечне, Слоніме, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімскага раёна. У Слонімскім агульнаадукацыйным ліцэі адкрыты пакой, прысвечаны літаратурнай Слонімшчыне, у тым ліку і Валянціну Таўлаю. Народны літаратурна-краязнаўчы музей імя В. Таўлая дзейнічае і ў СШ № 4 г. Баранавічы. Дарэчы вельмі цудоўны музей, адзін з лепшых школьных музееў. 8 лютага 1992 года музей гасцінна расчыніў дзверы і цалкам даверыў свае набыткі цікаўным вачам першых наведвальнікаў.
Аднак, як лічыць сённяшні кіраўнік музея, настаўніца гісторыі Ніна Мікалаеўна Шавель (на здымку), гісторыя музея пачалася значна раней: у 1968 годзе, калі ў школу прыйшла працаваць маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Пятроўна Яхант. З самага пачатку педагагічнай працы яна захапілася краязнаўчай дзейнасцю. Трэба адзначыць, што ў той час большасць вучняў былі дзецьмі ваенных, і беларуская мова для іх не была абавязковай для вывучэння. Аднак Алене Пятроўне ўдалося іх зацікавіць: яна шмат падарожнічала са сваімі выхаванцамі, але на экскурсіі запрашаліся толькі тыя, хто вывучаў беларускую мову. Гэтыя падарожжы па гістарычных мясцінах горада і наогул Беларусі падштурхнулі да пачатку даследчай дзейнасці па вывучэнні мінулага роднага краю.
У 2000 годзе музею было прысвоена званне “народны”, а імя стваральніцы цяпер можна знайсці ў энцыклапедыі “Хто ёсць хто ў Беларусі”. На жаль, стан здароўя не дазволіў Алене Пятроўне займацца любімай справай, і з 2003 года кіраўніком стала Ніна Мікалаеўна Шавель, чалавек адказны, творчы, зацікаўлены. Таму работа ў музеі працягваецца: праводзяцца экскурсіі, адбываюцца новыя сустрэчы, вечарыны, нараджаюцца новыя формы дзейнасці вучняў. Музей аддае свае пакоі для правядзення фрагментаў урокаў, выхаваўчых мерапрыемстваў. Не спынена работа і па назапашванні экспанатаў, адкрыцці новых экспазіцый.
У лютым 2014 года музей імя Валянціна Таўлая ў СШ № 4 г. Баранавічы адзначыць 100-годдзе Валянціна Таўлая.
Фота аўтара