Сябры на фотаздымках

Жыў на Гродзеншчыне цікавы чалавек — педагог, краязнавец і музеязнавец Міхась Петрыкевіч (1913–1999). На жаль, у Беларусі сёння такіх людзей не ўшаноўваць, не ганарацца імі. А такім, як Міхась Петрыкевіч, трэба ставіць помнікі, адкрываць мемарыяльныя шыльды, выдаваць пра іх кнігі.



f19c44d068fecac1d6d13a80df4f8e96.jpeg

Жыў на Гродзеншчыне цікавы чалавек — педагог, краязнавец і музеязнавец Міхась Петрыкевіч (1913–1999). На жаль, у Беларусі сёння такіх людзей не ўшаноўваць, не ганарацца імі. А такім, як Міхась Петрыкевіч, трэба ставіць помнікі, адкрываць мемарыяльныя шыльды, выдаваць пра іх кнігі.
Міхась Петрыкевіч нарадзіўся на Навагрудчыне. Пасля пачатковай школы і двухгадовай школы паступіў у Навагрудскую беларускую гімназію. У 1940–1941 гадах вучыўся на літаратурным факультэце Беластоцкага педінстытута. З пачаткам вайны вярнуўся дамоў. Потым яго забралі на фронт. А пасля вайны давучваўся ў Мінскім педінстытуце.
Усё жыццё Міхась Петрыкевіч працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Карэліцкай сярэдняй школе, у Валеўскай сярэдняй школе на Навагрудчыне. У Валеўскай школе ён стварыў народны краязнаўчы музей. А калі пераехаў у Дзятлава, арганізаваў у 1967 годзе Дзятлаўскі раённы краязнаўчы музей, які існуе да сённяшніх дзён. З 1967 года Міхась Петрыкевіч друкаваў у рэспубліканскіх газетах і часопісах артыкулы на розныя краязнаўчыя тэмы. Вельмі шчыра сябраваў з беларускімі пісьменнікамі, асабліва з Уладзімірам Калеснікам, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Фёдарам Янкоўскім, Янкам Скрыганам і многімі іншымі.
Нядаўна ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі з’явілася Кніга славы. Кніга «Памяць» тут ёсць ужо даўно, а гэта — Кніга славы. Салідная такая, добра аформленая. На аднаго славутага чалавека раёна адведзена адна старонка. Нічога не маю супраць: усе людзі, пра якіх там напісана і змешчаны фота, варты павагі. Крыўдна другое: там не знайшлося месца для Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, які быў заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь і шмат зрабіў для гісторыі Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны.

Міхась Петрыкевіч у сярэдзіне старога дуба (не захаваўся). З другога боку фотаздымка
напісана: «Дарагі Міхале! Будзь такі малады і вясёлы, як на гэтым фотаздымку. Што варты
твае пяцьдзесят гадоў у параўнанні з тысячай гэтага свіцязянскага волата? Праўда, тысяча
— не чалавечы век, але гледзячы на такіх статных старцаў, sto lat можна пражыць не
старэючы. Гэтага табе ад усёй душы жадаем мы з Соняй. Ул. Калеснік»

 


Разам з сынам Міхася Петрыкевіча Валерыем запланавалі сабраць лепшыя краязнаўчыя публікацыі краязнаўца Гродзеншчыны, а таксама артыкулы пра яго і фотаздымкі, і выдаць асобнай кніжкай. Чытачам «НЧ» прапаную вельмі рэдкія фотаздымкі з фотаархіва Міхася Петрыкевіча. Усе фотаздымкі друкуюцца ўпершыню. І апошняе. Калі пісаў гэтыя радкі, прыгадаліся словы Янкі Брыля з ягоных запісаў «Ляцела зязюля…»: «Раптам у памяці весела засмяяўся Міхась Петрыкевіч, і падумалася, як гэта кожны з сяброў свой смех — яго энергію, успышкі радасці жыцця — панёс у беззваротнае кудысьці».

На замкавай гары ў Навагрудку Фёдар Янкоўскі, Янка Скрыган і Міхась Петрыкевіч,
1960 год