Сланечнік паварочваецца за сонцам! Завітайце на выставу ў метасусвеце

Назву выставе падараваў сланечнік — кветка, што паварочваецца ўслед сонцу, бы назапашвае яго энергію як натуральная батарэйка

nasta_vasjuczenka__harczej_za_palyn.jpg

Ці чулі вы пра анлайн-выставу SUNFLOWER (“Сланечнік”) ад Экадома, якая прайшла ў незвычайным фармаце — у мета-сусвеце? На фоне вайны ва Украіне яна спалучыла ў сабе экалагічны і антываенны пасылы. Зацікавіліся, што за яно? Расказваем і паказваем.

Папулярнасць метапрасторы для правядзення выстаў узрасла апошнім часам у звязку з наступствамі пандэміі. Аднак у беларускім кантэксце важнасць віртуальнай прасторы яшчэ і наўпрост звязана з пытаннямі бяспекі і раскінутасцю беларусаў па свеце.


Наведвальнікі SUNFLOWER маюць магчымасць стварыць уласнага аватара і пашпацыраваць па трох залах выставы, што сімвалізуюць узаемасувязь негатыўных бакоў атамнай мінуўшчыны ды мінусаў ядравай энергетыкі, роздумы мастакоў і мастачак аб энергіі і сіле ў цяперашнім, а таксама шлях да бяз’ядравай будучыні з альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі, на карысць якой працуюць экаактывісты.

З усімі творамі можна паўзаемадзейнічаць і нават пакінуць свой унёсак у экспазіцыю. Экадом пагутарыў з куратаркай Ксеніяй Тырсікавай пра працэс стварэння выставы, яе актуальнасць і адукатарскую ролю.

— Назву выставе падараваў сланечнік — кветка, што паварочваецца ўслед сонцу, бы назапашвае яго энергію як натуральная батарэйка, а яшчэ з’яўляецца лёгкапазнавальнай адсылкай да Украіны. Як прыйшла ідэя абраць менавіта такі просты і эфектны сімвал для выставы? 

— Гэта складаны працэс, які амаль немагчыма растлумачыць: ён дзесьці на сутыку свядомасці і падсвядомасці. Нешта трошкі праслізнула ўва сне, а потым вельмі нават выразна прадублявалася ў рэальнасці. Знакі, сімвалы, кнігі, артыкулы, размовы — усё наводзіць на думку. Але ў выніку атрымалася даволі відавочна, як мне падаецца (усміхаецца). І гэта забаўна: шлях доўгі, а вобраз атрымаўся просты.

liza_dubinczina__after_czto_stanet_s_vetrjakami_kohda_miru_oni_perestanut.jpg

— У выставе бяруць удзел два дзясяткі беларускіх мастакоў і мастачак з творамі ў розных медыя: ад жывапісу і фатаграфіі да відэа і 3D — аб’ёмныя ветракі для выставы таксама зрабіў мастак. Усе два дзясяткі аўтараў — з Беларусі, хоць вы і не абмяжоўвалі ўдзельнікаў па нацыянальнай прыкмеце. Распавядзі, калі ласка, пра працэс адбору твораў на выставу і іх пераносу ў метасусвет.

— Мы з Экадомам абвясцілі open call, і творы пацяклі ракой. Нічога складанага: мне дасылалі іх на пошту, я каталагізавала ўсё і запаўняла творамі ў прасторы, сістэматызуючы іх паводле тэм і фарматаў.

— Ці можна сказаць, што выставы ў метасусвеце з’яўляюцца адзіным спосабам для крытычнага куратарскага выказвання ў Беларусі на бягучы момант?

— Напэўна, усё-такі не: можна яшчэ фільм зняць, напрыклад, і паказаць яго дзе заўгодна. Усё ж ёсць шляхі прывесці чалавека ў вопыт незалежна ад яго месцазнаходжання. Але гэты фармат, напэўна, уцягвае найбольш — дзякуй за яго сучасным тэхналогіям. У ідэале, пры дапамозе VR-акуляраў (дарэчы нашу выставу ў іх таксама можна паглядзець) магчыма ў адной прасторы сустрэцца на такой імпрэзе са сваімі сябрамі з Тбілісі, Вільнюса, Нью-Ёрка і Мінска. І разам атрымаць вопыт.

valerija_lemeszevskaja__elektriczeskaja_lilija_na_kladbische_ryb.jpg


Як наведвальнікі выставы могуць прыняць у ёй удзел?

— Можна прайсці па спасылцы і ўсё як мае прачытаць і прасякнуцца — раз. Два: можна «пасадзіць» свой сланечнік. Для гэтага трэба актываваць ужо існы і прадубляваць яго. Можна пакінуць стыкер з адказам на пытанне «а якая энергія самая важная для цябе?». Для гэтага на панэлі знізу экрана ствары стыкер і напішы на ім свой адказ. Мы такім чынам збіраем фідбэк, выяўляем пачуцці гледачоў.

— З якімі асаблівасцямі правядзення куратарскай экскурсіі, падтрымкі парадку на выставе ў анлайн-прасторы ты сутыкнулася?

— Гэта забаўна: паколькі прастора адкрыта да рэдагавання, каб усе маглі працаваць са сланечнікамі і пакідаць адказы ў выглядзе стыкераў, то, як вынік, часам гледачы могуць уцягнуць які аб’ект экспазіцыі ў іншы бок, бо выпадкова заціснулі не тую кнопку або не зарыентаваліся да канца. Нядаўна нехта дадаў ката (смяецца). Я прыбіраю толькі асноўны непарадак, звязаны з паўнавартасным прадстаўленнем твораў. Кот няхай блукае, сланечнікі ўжо таксама паўсюль (усміхаецца).

lera_lazuk__bez_nazvy.jpg

Асноўная складанасць у такіх анлайн-прасторах не дадатковыя аб’екты, а нестабільны інтэрнэт. А яшчэ, часам людзі выпадкова заходзяць з некалькіх браўзераў, напрыклад. Таксама даволі смешна атрымліваецца: яны проста памнажаюць такім чынам свае аватары і па залі можа блукаць некалькі клонаў аднаго чалавека.

Наведвальнікі выставы ўжо паспелі стварыць пасярод залы сланечнікавае поле, а таксама падзяліцца, што галоўнай крыніцай энергіі для іх з’яўляюцца людзі, надзея, дзікая прырода ды прыўкраснасць агромністага сусвету. Дадаць стыкеры са сваімі варыянтамі, а таксама парэфлексаваць над небяспекай ядравай энергіі і яе бяспечнымі альтэрнатывамі можна па спасылцы. Таксама арганізатары запісалі відэатур па выставе: там вы можаце пабачыць, як выглядае метапрастора, паслухаць асноўные тэзісы куратарскага тэкста і пабачыць некалькі прац мастакоў.