Амерыканскія белыя матылькі vs беларускія камунальнікі. Хто пераможа?

У Гомелі змагаюцца з небяспечнымі вусенямі, якія ахутваюць дрэвы павуціннем. Лічынкі распаўсюджваюцца надзвычай імкліва, таму марудзіць нельга, кажуць камунальнікі.

babochka_2.jpg

З’явіліся і першыя ахвяры змагання: былі спілаваныя дзве слівы і алыча, да таго ж рабочыя зрабілі санітарнае абразанне трох дрэваў з прыкметамі пачатковага заражэння, паведамляе belkagomel.by. Як доўга працягнецца гэтая барацьба і хто ўрэшце пераможа — амерыканскія белыя матылькі ці беларускія камунальнікі, пакуль невядома.

Небяспека амерыканскіх белых матылькоў у тым, што яны проста ўсяедныя, яны ядуць 250 відаў кустоў, дрэў і травяністых раслін.

Часцей за ўсё матылькі атакуюць яблыню, сліву, алычу, шаўкоўніцу. Пасля такіх нападаў дрэвы хварэюць, губляюць устойлівасць да фактараў знешняга асяроддзя, павольна растуць і могуць наогул загінуць.

Множацца амерыканскія белыя матылі імкліва — за год з’яўляецца некалькі пакаленняў.

babochka.jpg

Кіраўнік тэхнічнага аддзела дзяржпрадпрыемства "Савецкае" Ігар Галенка распавёў:

Каб матылёк не даў нашчадкаў, сапсаваныя галіны трэба акуратна спілаваць і спаліць. Але паколькі тут у кокане аказаліся дрэвы цалкам, давялося іх выдаляць пад корань.

babochka_5.jpg

Адмыслоўцы кажуць, што будуць змагацца з матылямі самым эфектыўным метадам: спілоўваць дрэвы, вывозіць на палігон і там утылізоўваць-паліць.

Пры выяўленні новых гнёздаў — шчыльных клубкоў павуціння на дрэвах і валасатых вусеняў паблізу — гамяльчан просяць неадкладна паведамляць у бліжэйшыя домакіраўніцтвы ці службу 115. Лічынкі распаўсюджваюцца гэтак імкліва, што марудзіць нельга.