Словы пра Васіля Быкава
Адразу пасля пахавання Васіля Быкава ўзнялася хваля ўхваленняў. Як яго толькі не ўзносілі, з кім толькі не параўноўвалі, чаго толькі не напланавалі для ўшанавання ягонай памяці... Не пераказаць, не пераглядзець і не перачытаць. Запомнілася, што адзін крытык параўнаў Васіля Быкава з Уільямам Шэкспірам. Пэўна, той крытык не ведаў, што Быкаў не любіў тэатр. Ён быў далёкі ад тэатральнага асяродку.
Велічны дуб
На сустрэчы з чытачамі, якая праходзіла ў мінскім Доме літаратараў, Васіль Быкаў атрымаў стандартнае пытанне: «Хто з сучасных пісьменнікаў вам блізкі?».
Зазвычай у адказе пісьменнік пералічвае сяброў і раўналеткаў, з якімі разам прыходзіў у літаратуру і поруч ідзе па жыцці. Быкаў зрабіў інакш, сказаўшы, што на ягоны розум сапраўдны пісьменнік падобны не на дрэва ў густым лесе, а на велічны дуб, які самотна стаіць пасярод голага поля.
Калегі палічылі параўнанне Васіля Быкава абразлівым. Доўгі час у пісьменніцкіх колах абмяркоўвалася ягоная ганарыстасць і пыхлівасць. Каб Васіль Уладзіміравіч са сцэны казаў нешта іншае пра блізкіх і далёкіх для яго пісьменнікаў, я не чуў. Таму чытаючы шматлікія аповеды самых розных людей пра іх нібыта вялікае сяброўства з Быкавам, я не надта бяру іх на веру.
«Лета»
У мінскай рэстарацыі «Лета» маладыя беларускія пісьменнікі адзначалі выхад першай кнігі Быкава «Жураўліны крык». Большасць тостаў і большасць добрых слоў сказалі не аўтару, а ягонаму рэдактару — Уладзіміру Дамашэвічу, бо менавіта ён абараняў кнігу ад нападаў недобразычлівых рэцэнзентаў. Дамашэвіч угаварыў баязлівае выдавецкае начальства выпусціць твор маладога правінцыяла. Тая гулянка ў рэстарацыі была запамінальнай, пра яе потым шмат хто распавядаў.
Пісьменнікі казалі, што Дамашэвіч ніколі не нагадваў Быкаву пра свае заслугі і ніколі нічога не папрасіў у Васіля, калі той зрабіўся ўплывовым чалавекам. Казалі пра тое яшчэ і таму, што сам Васіль Быкаў не згадваў баявітага Дамашэвіча, які дапамог яму выйграць змаганне за першую кнігу.
Зразумела, я ведаю гэтую гісторыю з расповедаў свайго бацькі, а таксама Міхася Стральцова і Рыгора Барадуліна. Але іх расповеды былі такімі вобразнымі, што мне цудоўна ўяўляецца, як маладыя беларускія пісьменнікі балявалі ў рэстарацыі і хвалілі Уладзіміра Дамашэвіча, які з маладосці насіў мянушку Дзед.
Чарнавікі
Пасля заканчэння твора Быкаў знішчаў чарнавікі. Увесь назапашаны матэрыял, усе варыянты, усё, што не ўвайшло ў апошні чыставы экзэмпляр рукапісу, Быкаў выкідаў на сметнік. Пасля выхаду твора ў свет ён ніколі не перачытваў уласныя апавяданні, аповесці і раманы. Лічыў, што гэткае перачытванне будзе замінаць працы над новай рэччу. Кожная аповесць і кожны раман Васіля Быкава былі цалкам завершанымі і цалкам асобнымі кнігамі — прынамсі, ён бачыў іх менавіта такімі.
Падобны падыход да літаратурнай працы быў актуальны ў эпоху вялікага кіно, калі паводле паспяховай кнігі адразу рабіўся кінасцэнарый і фільм. У часы серыялаў ён выглядае крыху архаічна, бо не прадуктыўны.
«Пахаджане»
Прыпавесці Васіля Быкава сабраліся ў кнігу «Пахаджане», вокладку для якой рабіў я. З выхадам кнігі выйшла затрымка, бо я не мог знайсці вядомых пісьменнікаў, якія пагадзіліся б напісаць пару сказаў для вокладкі пра новую прозу Васіля Быкава. Мэтры казалі, што раней Быкаў быў вялікім пісьменнікам, а ягоныя прыпавесці — параза, правал, дэградацыя.
Я меў цалкам супрацьлеглае меркаванне. Для мяне «Пахаджане» — найлепшая кніга Васіля Уладзіміравіча, бо яна напісана для беларусаў, для Беларусі, для нас. У ёй няма плакатнай савецкасці, няма кіношнага схематызму і няма імперскай мілітарыстычнасці.
Вокладку я зрабіў, кніга выйшла і дайшла да чытача. Цікавая метамарфоза адбылася пасля смерці Быкава. Пісьменнікі, якія адмовіліся тады пісаць добрыя словы пра Васіля Уладзіміравіча, гучней за ўсіх пачалі казаць пра сваё сяброўства з вялікім чалавекам.
Хадакі
Песіміст Васіль Быкаў, гледзячы і апісваючы сучасных беларусаў, назваў іх пахаджанамі. Каб Васіль Уладзіміравіч дажыў да нашых дзён і паглядзеў шэсць сезонаў серыальнай эпапеі «Гульні тронаў», дык мог бы і пераназваць сваіх пахаджан у хадакоў. Дарэчы, у кіно яны не проста хадакі, а белыя хадакі, амаль што беларускія хадакі.
Быкаў не дажыў і не пабачыў белых хадакоў, а мы дажылі, той-сёй з нас іх пабачыў і паспеў палюбіць. Цяпер на сакраментальнае пытанне беларускага прарока Янкі Купалы «А хто там ідзе?» можна дадаць у адказ: «Хадакі! Белыя хадакі! Беларускія хадакі! Беларусы...».
Лысіна
Людзі лысеюць, мужчыны — больш, жанчыны — менш. У жанчын шмат спосабаў прыхаваць парадзелыя валасы. Яны і хусткі з капялюшыкамі ў памяшканнях навучыліся не здымаць, яны і парыкі розных фасонаў носяць, яны нават чалму зрабілі моднай па ўсім свеце. У мужчын змаганне з лысінай мае меней сродкаў.
Бываюць перыяды, калі голеная галава робіцца моднай. Тады можна не хвалявацца, што ўсе заўважаць, як ты аблысеў у маладым веку. Бываюць іншыя часы, калі мужчыны носяць доўгія валасы. Тады — бяда.
Можна схаваць лысіну пад кепкай. Так рабіў празаік Іван Пташнікаў. Прачытаўшы ў мяне сказ пра чалавека з кепкай на лысай галаве, ён спытаў: «Адкуль ты ведаеш, што ў чалавека пад кепкай лысіна?» — «Бачу! Яно ж адразу відаць...», — кажу. «Як ты можаш бачыць? Кепка непразрыстая...» — «Кепка інакш сядзіць. А яшчэ мяне вучылі маляваць усе рэчы так, нібыта яны і сапраўды празрыстыя. Каб так маляваць, трэба ўважліва глядзець на кожную рэч...» — «Непераканаўча! Не можаш ты бачыць лысіну пад непразрыстай кепкай!».
Пташнікаў не стаў удакладняць, што ягоную лысіну пад шапкаю прыкрывае яшчэ спецыяльна адрошчаны касмыль валасоў. Тую прычоску, калі лысіна закрываецца касмылём, у народзе называюць заграбонам.Шмат хто з беларускіх пісьменнікаў хадзіў з такім заграбонам. Найбольш недарэчным ён глядзеўся на галаве Васіля Быкава. Недарэчным, бо Васіль Быкаў вучыўся на скульптара, наведваў мастацкую вучэльню. А мастакі не саромеліся сваіх лысін, ганарыліся высокім ілбом, малявалі ўласныя лысыя галовы з любоўю, з увагай і з павагай.
Каб я быў крыху старэйшы, дык абавязкова параіў бы Васілю Уладзіміравічу ўзяць нажніцы і абстрыгчы заграбонны касмыль, як абстрыг яго Пабла Пікаса. Зрэшты, Якуб Колас свой касмыль не абстрыг.
Чаравікі
Дайшло да таго, што ў Васіля Быкава не было грошай на новыя чаравікі. Высветлілася гэта выпадкова, калі пісьменніка запрасілі выступіць у Беларускім ліцэі. Ён прыйшоў на выступ у стаптаных і парваных чаравіках.
Выкладчыца Ганна Кісліцына, пабачыўшы парваны абутак на сусветна вядомым пісьменніку, пачала кампанію па дапамозе Васілю Быкаву. Яна патэлефанавала ў Маскву перакладчыцы Тамары Залатухінай, тая праз свае сувязі зрабіла Быкаву запрашэнне за мяжу. У выніку той кампаніі фінскі ПЭН-клуб прывеціў беларускага пісьменніка і прызначыў яму стыпендыю.
Пасля Фінляндыі Васіль Быкаў жыў у Чэхіі і Нямеччыне. У Беларусь ён вярнуўся смяротна хворым, каб пабыць на Радзіме ў самыя апошнія дні.
Скураны пінжак
Адразу пасля пахавання Васіля Быкава ўзнялася хваля ўхваленняў. Як яго толькі не ўзносілі, з кім толькі не параўноўвалі, чаго толькі не напланавалі для ўшанавання ягонай памяці... Не пераказаць, не пераглядзець і не перачытаць. Запомнілася, што адзін крытык параўнаў Васіля Быкава з Уільямам Шэкспірам. Пэўна, той крытык не ведаў, што Быкаў не любіў тэатр. Ён быў далёкі ад тэатральнага асяродку.
Васіль Быкаў належаў да пакалення вялікіх аматараў кіно. Таму і проза ў яго наскрозь кінематаграфічная, яна лёгка перакладаецца на мову кінасцэнарыяў. Экранізацыі аповесцяў «Сотнікаў» і «Альпійская балада», — можна сказаць, узоры савецкага кіно пра Другую сусветную вайну.
Васіль Быкаў і апранаўся як савецкі кінарэжысёр. Насіў чорны скураны пінжак. Такі пінжак лічыўся моднай і прэстыжнай рэччу напрыканцы 70-ых. Калі Быкаў з’яўляўся на сцэне ў бліскуча-чорным пінжаку, у абліччы пісьменніка было нешта вайсковае і нават камісарскае.
Зоркі
Бачу свайго былога аднакурсніка скульптара Батвінёнка ў дарагім касцюме і пытаюся: «Нашто ты надзеў касцюм? Вяселле ў каго ці яшчэ якая ўрачыстасць?» — «Проста прывыкаю да новага касцюма. Раней, як ты правільна заўважыў, я касцюмы не насіў. Цяпер падумаў... Запросяць мяне ў які высокі кабінет, а ў мяне няма ў чым туды ісці. Пайшоў і купіў даражэзны, скажу табе, касцюмчык. Цяпер во разношваю і выгульваю. І як толькі атрымаю запрашэнне, дык адразу — раз, і ў касцюм!» — «Ты ж мастак, можаш і ў швэдрыку на прыём пайсці...» — «Несалідна ў швэдрыку...».
Пагаварылі мы і пайшлі ў розныя бакі. Я пра дарагі касцюм Сашы Батвінёнка і забыўся быў, ажно пакуль не пабачыў ягоны праект помніка Васілю Быкаву. На праекце бронзавы Быкаў схіліўся над вялізнай чырвонай каменнай зоркай.
Быкаў усё сваё жыццё хадзіў з рознымі зоркамі і пад рознымі зоркамі. Хадзіў з зоркай на пілотцы, хадзіў з зоркамі на пагонах, хадзіў з залатой зоркай на грудзях. Адпаведна, і на помніку ён атрымаў чарговую зорку. Выглядала на тое, што Батвінёнак свой праект зацвердзіць, бо ў яго быў дарагі касцюм, каб схадзіць на прыём і вырашыць усе дробныя і вялікія праблемы.
Пакуль не склалася, але будзем спадзявацца, што праекту Батвінёнка зоркі паспрыяюць. Калі зоркі не паспрыяюць праекту Батвінённка, дык няхай яны спрыяюць яшчэ лепшаму помніку, які заслужыў Васіль Уладзіміравіч.
Лозунгі
У пакаленні пісьменнікаў-мілітарыстаў, якое ў нас ачольваў Васіль Быкаў, несупынна гучаў лозунг: «Усё для фронта, усё для перамогі!»; у сучаснага пакалення літаратараў-эстраднікаў матывацыі зусім іншыя: «Усё дзеля сцэны, усё дзеля авацый!».