Слуцкія сябры ТБМ пашукалі ў Старых Дарогах беларускасці

У пошуках гісторыі Случчыны, якую не знойдзеш у дзяржаўным краязнаўчым музеі, шасцёра сябраў Слуцкага ТБМ 15 чэрвеня наведалі прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах.

pomnik_1_002_logo.jpg

Менавіта тут у мастацкіх вобразах сабраныя партрэты беларускіх князёў, святых, асветнікаў, змагароў за незалежную Беларусь, пісьменнікаў. 
— Я ўпершыню наведваю гэты музей, — дзеліцца сваімі ўражаннямі сябра ТБМ Тамара Блінова. — Я ведала, што тут шмат розных твораў выяўленчага мастацтва, але не чакала такой разнастайнай і багатай экспазіцыі. 

pomnik_1_001_logo.jpg

Яшчэ пры ўваходзе ў музей пранікаешся духам незвычайнай гісторыі Бацькаўшчыны, бо на тэрыторыі сядзібы ўстаноўлены помнікі змагарам за родную мову і краіну. Усё жыццё Тамара Іванаўна працавала бібліятэкарам, неабыякава адносілася да творчасці Васіля Быкава. Была здзіўлена, што ў Старадарожскім музеі жыццю і творчасці Быкава прысвечана каля 400 экспазіцыйных адзінак.
— Я ведала, што пісьменнік умеў дабра маляваць, але ўпершыню пабачыла яго малюнкі, нацюрморт, асабістыя рэчы, маляўнічую мясцовасць, дзе нарадзіўся,— гаворыць былая бібліятэкарка. Тамара Іванаўна лічыць, што Старадарожскі нацыянальна-мастацкі музей павінен стаць месцам, дзе праводзіліся б абавязковыя ўрокі гісторыі і літаратуры па планах Міністэрства адукацыі для дзяцей з родных куткоў нашай краіны. Бо тут пануе сапраўдная беларуская гісторыя – непрыгладжаная, у многім трагічная – такая, якой яна была. Цікавая і багатая на каларытныя персанажы, сярод якіх паэткі Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш,Альгерд Абуховіч і слуцкія паўстанцы.
Менавіта ў Старадарожскім музеі можна пабачыць мужны і рашучы твар змагара за беларушчыну Юркі Лістапада, фотаздымкі ўдзельнікаў слуцкай культурна-асветніцкай арганізацыі «Папараць-кветка» – будучыхудзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну.

Пасля наведання музея случчане ажыццявілі невялічкую вандроўку па раённым цэнтры ў пошуках беларускасці і паразмаўлялі з жыхарамі горада. Старадарожцы паскардзіліся на дарагавізну жыцця, недахоп працы і невысокі заробак. Размова, як звычайна, вялася на трасянцы з перавагай расійскіх сказаў і слоў. Па словах адной суразмоўцы, у будучым можа знікнуць і «трасянка», бо вясковыя беларускія школы зачыняюцца, а гарадскія дзеці мовы не ведаюць і размаўляюць на расійскай мове.

Крыху парадавала чыгуначная станцыя з вялікімі беларускамоўнымі надпісамі на інфармацыйных стэндах. Але сам інфармацыйны матэрыял усё роўна падаецца на рускай мове маленькімі літарамі. Парадавалі іновыя ўказальнікі з назвамі цэнтральных вуліц горада — выкананы па-беларуску. Такіх указальнікаў у Слуцку пакуль што няма.