Станіслаў Манюшка — паляк, літвін…
5 мая 2009 года музычны свет адзначыў 190-ю гадавіну з дня нараджэння выдатнага кампазітара, пачынальніка польскай нацыянальнай класічнай музыкі Станіслава Манюшкі
(1819–1872).
У гэты дзень у Мінску ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры творы кампазітара гучалі ў выкананні трыо «Вытокі», а ў Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай
акадэміі навук адчынілася экспазіцыя «Музычны свет Станіслава Манюшкі» — прадстаўлены 58 прыжыццёвых і пасмяротных выданняў яго твораў, зборнік вершаў Уладзіслава Сыракомлі
«Бяседы і рытмы», асобныя творы якога прысвечаны Манюшцы. А таксама выданні музыказнаўцаў В. Рудзінскага, С. Невядомскага, З. Яхімецкага, біяграфічны нарыс пра С. Манюшку Б.
Вільчынскага, а разам з імі — кнігі з аўтографамі сучасных беларускіх даследчыкаў творчасці Манюшкі — В. Скарабагатава, А. Мальдзіса, У. Мархеля і Б. Смольскага.
5 мая 2009 года музычны свет адзначыў 190-ю гадавіну з дня нараджэння выдатнага кампазітара, пачынальніка польскай нацыянальнай класічнай музыкі Станіслава Манюшкі
(1819–1872).
У гэты дзень у Мінску ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры творы кампазітара гучалі ў выкананні трыо «Вытокі», а ў Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай
акадэміі навук адчынілася экспазіцыя «Музычны свет Станіслава Манюшкі» — прадстаўлены 58 прыжыццёвых і пасмяротных выданняў яго твораў, зборнік вершаў Уладзіслава Сыракомлі
«Бяседы і рытмы», асобныя творы якога прысвечаны Манюшцы. А таксама выданні музыказнаўцаў В. Рудзінскага, С. Невядомскага, З. Яхімецкага, біяграфічны нарыс пра С. Манюшку Б.
Вільчынскага, а разам з імі — кнігі з аўтографамі сучасных беларускіх даследчыкаў творчасці Манюшкі — В. Скарабагатава, А. Мальдзіса, У. Мархеля і Б. Смольскага.
Вяршынямі творчасці Манюшкі сталі оперы: «Галька» (1858) — пастаўленая спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, і «Страшны двор» (1865), пра якія прысутны
на імпрэзе ў бібліятэцы НАН пасол Польшчы Хенрык Літвін слушна казаў як пра творы, якія пакладзены ў аснову фармавання самасвядомасці сучаснай польскай нацыі. Але ж вытокі натхнення Манюшкі
— у разнастайнай і шматаблічнай культуры народаў Рэчы Паспалітай, польскага і беларускага, літоўскага і ўкраінскага. Звязаны з Беларуссю кроўна і па духу, ён і яго спадчына заканамерна
прыцягваюць увагу беларусаў і з’яўляюцца прадметамі нашага гонару.
Народны беларускі мелас, сялянская песенная паэзія ў пераказе Яна Чачота, выбітныя вершы Адама Міцкевіча, тэксты Уладзіслава Сыракомлі — тая ўрадлівая культурная глеба, што лягла ў аснову
творчых здзяйсненняў кампазітара. Тых, якія змянілі аблічча высокай музычнай культуры як польскіх, так і беларускіх земляў. Яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя ў салонах і залах шыкоўных магнацкіх палацаў,
пад дахамі шляхецкіх сядзібаў гучалі пераважна творы італьянскіх, французскіх, нямецкіх музыкаў. За некалькі дзесяцігоддзяў на прафесійнай і хатняй сцэнах сваё годнае месца занялі мелодыі роднага
краю. І дакладна падзяліць іх на польскія і беларускія — няўдзячная задача. Невыпадкова Рыгор Шырма, гаворачы пра напісаную ўжо ў Варшаве оперу Манюшкі «Фліс»
(«Плытагоны», 1858) адзначыў «такое багацце песенных і танцавальных народных інтанацый, што часам ствараецца ўражанне, што ты дзесьці пад Слуцкам ці каля Мінску
прысутнічаеш на народным свяце».
І гэта заканамерна. Кампазітар нарадзіўся ў фальварку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерні (сённяшні Чэрвеньскі раён) у шляхецкай сям’і, дзе бацька, Чэслаў Манюшка, сваяк мінскага
жывапісца Валенція Ваньковіча, быў добрым графікам, а маці, Альжбета з Маджарскіх, выдатна грала на фартэпіяна. Так пачыналася музычна-мастацкая адукацыя будучага кампазітара: выхаванне маці,
літургіі ў храмах, хатні тэатр у маёнтку роднага дзядзькі Юзэфа, нарэшце, народныя спевы, якія не мог не зафіксаваць слых таленавітага маладзёна. А далей былі заняткі разам з іншай музычнай
славутасцю Беларусі, Фларыянам Міладоўскім, у Мінскай гімназіі ў класе музыканта і педагога Дамініка Стафановіча (да 1835 года), затым вучоба ў Вільні і, нарэшце, у рэктара Берлінскай пеўчай акадэміі
К. Ф. Рунгенхагена. Там Манюшка шліфаваў сваё майстэрства дырыжора і кампазітара да 1840 года.
Першыя пастаноўкі Манюшкі — аднаактныя вадэвілі, «аперэткі» — нескладаныя, але прыязна ўспрынятыя публікай, якой падабаліся выкарыстаныя ў іх фальклорна-абрадавыя
матывы вяселляў, дажынак, здзейсніліся ў Беларусі. У 1834 годзе ў Мінску пастаўлены «Канторскія служачыя». У 1841-м — у Гродне і ў 1843-м — у Мінску пастаўлены
аднаактны жарт «Латэрэя» на лібрэта Корвін-Мілеўскага. А напрыканцы верасня 1841 года, сіламі аматараў, як і папярэднія п’есы, у Мінску выконвалася камічная опера
«Рэкруцкі набор». Пастаўленая з нагоды прыезду ў Мінск новага генерал-губернатара Мірковіча, п’еса сталася першым эпізодам супрацоўніцтва кампазітара з маладым і яшчэ
нязнаным пачынальнікам новай беларускай літаратуры Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.
Па сутнасці, творчая садружнасць з ім Манюшкі распачала гісторыю беларускай оперы, бо разам яны падрыхтавалі чатыры аперэты. І надрукаваная ў 1846 годзе ў Вільні «Ідылія»
(«Сялянка»), якая ўбачыла сцэну 9 лютага 1852-га ў Мінску, а затым у Бабруйску, Слуцку, Нясвіжы — першы твор, у якім дзеючыя асобы-сяляне загаварылі па-беларуску побач з
польскамоўнымі панамі.
Ажаніўшыся ў 1840 годзе з Аляксандрай Мюлер, Манюшка па 1858 год жыў у доме Мюлераў на Нямецкай вуліцы ў Вільні (зараз Вокечу, 26). Зарабляў граннем на аргане (дарэчы, перавезеным з Полацку) у
касцёле св. Яна, а таксама арганізоўваў канцэрты, выкладаў, пісаў новую музыку. Пасля быў пераезд у Варшаву і трыумф «Галькі», фабула якой — гісторыя ашуканага кахання
горскай дзяўчыны да паніча, на сцэне варшаўскай оперы ў 1858 годзе, і — народная музыка, народная мова — нараджэнне польскай нацыянальнай оперы. Затым — вяршыня
«Страшнага двара» (1865), оперы хутчэй лёгкай і лірычнай па змесце, гісторыі кахання двух братоў, Стэфана і Збігнева, што спачатку пакляліся адмовіцца ад цікавасці да жанчын дзеля
служэння айчыне, да дзвюх дзяўчат-сёстраў. Але глыбокая арыя Стэфана, у якой ён аплакваў смерць маці, успрымалася сімвалічна ў кантэксце паразы нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года ў былой
Рэчы Паспалітай, дазваляла захопленай публіцы прачытваць прыхаваны змест п’есы.
Зрабіўшыся заснавальнікам польскай оперы, ці адышоў Манюшка з беларускага далягляду? Пэўна, не.
Імкненне адштурхоўвацца ў творчасці ад нацыянальных асноў Манюшка праграмна дэклараваў у раннія гады, распачынаючы, сучаснай мовай, праект са шматзначнай назвай «Хатні спеўнік».
Годам раней — да першага выпуску «Спеўніка», выдадзенага напрыканцы 1843-га, — Манюшка дэклараваў стаўленне і ацэнку музыкі, да якіх пачала імкнуцца
«цывілізаваная Еўропа» на хвалі нацыянальнага адраджэння ХІХ стагоддзя: музыкі, як «не толькі як мовы, што перадае пэўную думку і пачуццё... але яшчэ як выявы пэўнай
ментальнасці, нацыянальнага характару народаў».
Апрача амаль дваццаці опер і аперэт, трох балетаў, некалькіх кантат і мес ды іншых інструментальных і вакальных твораў, Манюшка стварыў амаль 400 песень. Цыкл «Песняў прынёманскіх
вёсак», што ўвайшоў у «Хатнія спеўнікі», — узор яго супрацоўніцтва са старэйшым сучаснікам, сябрам віленскага студэнцкага таварыства філаматаў, Янам Чачотам, які,
захоплены народным фальклорам, сабраў і выдаў у Вільні 6 зборнікаў народных «Сялянскіх песень» (1837–1846) у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале. Некаторыя тэксты для
стварэння музыкі Манюшка браў з друку, некаторыя па асабістай просьбе кампазітару даслаў у 1844 годзе сам Ян Чачот. Так, па словах выдатнага спевака і даследчыка Віктара Скарабагатава, Манюшка
пераводзіў песні з фальклорнага стану ў акадэмічны. Каб потым рытміка і мелодыка народнай творчасці ўвасаблялася ў набытак высокіх музычных жанраў.
Дом у Вільні, дзе жыў Станіслаў Манюшка
Таму, гледзячы з Беларусі, справядліва казаць, што Манюшка — кампазітар і польскі, і беларускі. Тым болей, што пакінуўшы радзіму, ён з ёю ніколі не спыняў сувязі. Прыязджаў адведаць бацьку і
сваякоў, па-ранейшаму сябраваў з Дуніным-Марцінкевічам. Спрыяў выданню музычных твораў Ф. Міладоўскага, адукацыі мінскай скрыпачкі Б. Крыгер, сам навучаў мінскую піяністку І. Горват. У час з аднаго
візітаў у Мінск у кастрычніку 1856 года на ўрачыстай вечарыне Дунін-Марцінкевіч вітаў музыку вершамі:
«А трэці дудар меж намі ўзрос, ён нам братка,
Яму Мінская зямелька родненькая матка!...»
Слынны даследчык беларускай культуры прафесар Адам Мальдзіс калісьці заўважыў, што Манюшка, выразіўшы нацыянальны дух польскага народа, заняў у яго культуры тое ж месца, што Сметана — у
чэшскай, Глінка — у рускай. Але нарадзіўшыся ў Беларусі і чэрпаючы натхненне з народнай творчасці гэтай зямлі, зрабіў неацэнны ўнёсак і ў культуру Беларусі. На адкрыцці выставы ў бібліятэцы
НАН Беларусі ён жа казаў пра неабходнасць аднаўлення сядзібы кампазітара ў Убелі, выгляд якой захаваўся на малюнку Напалеона Орды. А таксама рэстаўрацыі дзядзькавага палаца ў Смілавічах, дзе калісьці
стаяў легендарны гадзіннік з музыкай. Быццам бы яго меладычны перазвон, пачуты ў дзяцінстве, кампазітар узнавіў у паланезе трэцяга акту «Страшнага двара».
10 чэрвеня сярод падзей, прысвечаных святкаванню 190-годдзя славутага земляка, запрашаем наведаць канцэрт у камернай зале мінскай філармоніі — прэзентацыю кампакт-дыска «Новае неба
Станіслава Манюшкі», запісанага ансамблем «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава. Сярод адроджаных малавядомых старонак творчасці Манюшкі — аперэта
«Латэрэя», якая, паводле паведамлення кампазітара сваякам, спадабалася мінчанам у пастаноўцы вандроўнай трупы немца Шмідткопфа яшчэ ў далёкім 1843 годзе. Манюшка
вяртаецца…