Стары Віцебск на палотнах Юдаля Пэна

Цяжка ўявіць сабе настолькі працавітага мастака, з майстэрні якога пасля смерці ў музей яго горада было б перададзена каля 800 твораў. І гэта далёка не ўсё са зробленага працавітымі рукамі майстра, летапісца Віцебска канца ХІХ і першай траціны ХХ стагоддзя, вялікага яўрэйскага жывапісца і настаўніка Юдаля Пэна (1854–1937). (На выяве: Юдаль Пэн)



21be9a4bd4f81549a9d1d241981cec3c.jpeg

Цяжка ўявіць сабе настолькі працавітага мастака, з майстэрні якога пасля смерці ў музей яго горада было б перададзена каля 800 твораў. І гэта далёка не ўсё са зробленага працавітымі рукамі майстра, летапісца Віцебска канца ХІХ і першай траціны ХХ стагоддзя, вялікага яўрэйскага жывапісца і настаўніка Юдаля Пэна (1854–1937).

(На выяве: Юдаль Пэн)


33 працы, што прыехалі ў Мінск з Віцебска на выставу ў Нацыянальны музей гісторыі і культуры, — толькі невялікая частка творчага набытку патрыярха віцебскай школы, якому сёлета споўнілася 155 год. І таксама частка праекту «Культура не ведае правінцыі». Ды хіба Віцебск — правінцыя?
Так сталася з яўрэйскім мастацтвам Беларусі: большасць яго стваральнікаў набывалі вядомасць па-за яе межамі, там, дзе ў вольным свеце на мастацкім рынку знаходзілі свайго спажыўца творы самага рознага кшталту. Ад поўных кахання і палёту пачуцця жывапісных паэм Марка Шагала да мізантрапічных фантазій Хаіма Суціна.
Прычым, калі славу ў далёкіх землях набывалі «выхадцы» з Беларусі, то Пэн, наадварот, сюды прыехаў. І праславіўся тут найперш сваёй няспыннай, шматгадовай, тытанічнай працай. Народжаны ў Нова-Аляксандраўску Ковенскай губерні, навучаны ў школе П. Чысцякова ў Акадэміі мастацтваў Пецярбурга, ён трапіў у Віцебск у 1891 годзе па запрашэнні губернатара В. Левашова.
Ужо праз год у Віцебску працавала Школа малявання і жывапісу, першая ў Беларусі яўрэйская мастацкая вучэльня, сведчанне нацыянальнага рэнесансу, які перажывалі ў гэты час розныя народы Расіі. Пералічыўшы толькі частку вучняў Пэна, атрымаем амаль энцыклапедычны збор мастакоўскіх імён: Марк Шагал, Лазар Лісіцкі, Саламон Юдовін, Заір Азгур, Восіп Цадкін, Аскар Мешчанінаў, Яфім Мінін. Спіс няпоўны. Але паставім кропку, каб звярнуцца да работ самога Пэна.

Марк Шагал. Мастак Юдаль Пэн. 1915 г

Вельмі моцная, спелая акадэмічная традыцыя — гэта тое, што ён прывёз у Віцебск з расійскай паўночнай сталіцы ў 1890-я гады. Тое, чаму захаваў вернасць праз усё жыццё, эвалюцыянуючы да больш фактурнага, каларытнага жыццёвымі дэталямі мастацтва. На «традыцыю» з гадамі ўсё больш моцны адбітак накладаў узнёслы і прыгожы беларускі горад, з яго сівой даўніной, вытанчанымі архітэктурнымі ансамблямі і простым і абаяльным яўрэйскім жыццём «аднапавярховага» правінцыйнага цэнтра мяжы аселасці.
Арганізатары выставы ўдала ўключылі ў экспазіцыю паштоўку, атрыманую Пэнам у 1937 годзе, годзе смерці, ад яго вучня Шагала. «Я б пэўна цяпер не пазнаў яго, — піша пра ўлюблёны Віцебск Марк Шагал. — Мая Пакроўская вуліца змянілася. І як пажываюць мае домікі, у якіх я дзяцінства правёў, і якія мы разам з Вамі калісьці пісалі…»
А Пэн, як і на мяжы стагоддзяў, яшчэ доўга працягваў ствараць летапіс горада — невялікія палотны, эцюды, з выявамі вуліц вакол Віцьбы, млына на рацэ, куткоў родных мясцін.
Прыватны аспект жыцця зафіксаваны яго творчасцю і праз два яго іншыя ўлюбёныя жанры, узоры якіх прадстаўлены на выставе: партрэты і вобразы побытавага характару, ад аднафігурных да групавых. Дробныя рамеснікі — шкляр, тынкоўшчык, гадзіннікар, стары з кошыкам — сацыяльны зрэз жыцця Віцебска на зломе эпох ад расійскай да савецкай імперыі. З часоў першай сусветнай вайны і рэвалюцыі — вобразы шматлікіх бежанцаў, жанчыны, дзеці — найлепшая ілюстрацыя да падручніка гісторыі. Гісторыі цяжкай. Але перададзенай з тыповай пэнаўскай мяккасцю спачування.


З твораў мастака, якія ў Мінску прадставілі дырэктар Віцебскага краязнаўчага музея Глеб Савіцкі і рэстаўратар Юрый Кегелеў, у горадзе, якому Пэн аддаў творчае жыццё і дзе пасля яго смерці дзейнічала галерэя яго імя, сёння захавалася 167 яго палотнаў, 17 графічных аркушаў, дакументы, фотаздымкі.
Досыць вялікае багацце, якое перажыло дзве навалы. Другую сусветную вайну, калі перад прыходам немцаў у горад палотны, зняўшы з рамаў, паспелі даслаць у скрынях на Усход. І дзесяцігоддзі забыцця за савецкім часам, калі жывапіс так і марнаваўся ў вернутых у Віцебск скрынях. І ўжо новы беларускі час вярнуў іх да жыцця, таксама як паступова, не без цяжкасцяў і супярэчнасцяў, аднаўляецца сёння зруйнаваны Саветамі стары Віцебск.
Так ці іначай, выстава Пэна — яскравая прыкмета здольнасці да адраджэння і неўміручасці сапраўднай культуры. Да 31 студзеня 2010 года ў гэтым могуць пераканацца яе мінскія наведвальнікі.