Сучасныя перадзвіжнікі ў Пружанах

Якія б подыхі моды ні з’яўляліся, прыгожае нязменнае і зразумелае кожнаму, калі яно ідзе ад сэрца таленавітага чалавека. Менавіта такіх людзей аб’яднала “Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе з Санкт-Пецярбурга, што прыехала на Брэстчыну ў горад Пружаны са сваёй вялікай выставай, якая працуе з 11 сакавіка ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык. (На здымку: Старшыня таварыства Валер Выбаржанін)



c6447300d99fdbf4f3f7966295b8b5be.jpg

Якія б подыхі моды ні з’яўляліся, прыгожае нязменнае і зразумелае кожнаму, калі яно ідзе ад сэрца таленавітага чалавека. Менавіта такіх людзей аб’яднала “Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. ХХІ стагоддзе з Санкт-Пецярбурга, што прыехала на Брэстчыну ў горад Пружаны са сваёй вялікай выставай, якая працуе з 11 сакавіка ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык.

(На здымку: Старшыня таварыства Валер Выбаржанін)


Узнікла таварыства ў 2005 годзе ў Санкт-Пецярбургу з мэтай адрадзіць лепшыя традыцыі рускага мастацтва, вядомыя па творах Крамскога, Пярова, Шышкіна, Мясаедава, Рэпіна і іншых перадзвіжнікаў XIX стагоддзя. (Падрабязная інфармацыя пра аб’яднанне на сайце www.art-vystavka.spb.ru.)
“У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, — распавёў старшыня таварыства спадар Выбаржанін, — перадзвіжнікі цяперашняга часу нароўні з рэалістычным (у вузкім сэнсе) падыходам да мастацтва прапануюць і іншыя, правераныя часам мастацкія канцэпцыі. Стылёвая разнастайнасць, адрозненне ў творчым падыходзе да прадмета і аб’екта мастацтва сучасных перадзвіжнікаў не з’яўляюцца самамэтай. Шукаць чалавека ў гэтым свеце — вось сакрэтны лозунг таварыства. Кожная з прац адрасавана Чалавеку і ў кожнай з іх адчуваецца павага да яго. Дзейнасць перадзвіжнікаў не абмяжоўваецца экспазіцыяй. Майстар-класы для юных мастакоў, удзел у навуковых канферэнцыях, стварэнне новых метадаў даследаванняў алейнага жывапісу, праца з бібліятэкамі, папаўненне фондаў музеяў працамі ўдзельнікаў, дапамога адоранай моладзі і падтрымка старых мастакоў, шэфства над галерэяй Е.Е. Маісеенка ў Беларусі (г. Буда-Кашалёва), арганізацыя фэстаў мастацтваў і стварэнне негатэкі выяўленчага мастацтва.
Выстава майстроў з Расіі, Нямеччыны, Польшчы і Беларусі, арганізаваная ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык, выходзіць за рамкі проста экспазіцыі. Гэта досвед новай вялікай мастацкай ідэі стварыць даўно чаканы культурнай грамадскасцю рух. Ідэю падалі тыя, хто яшчэ памятае старое мастацтва і стаміўся ад і прафанацыі мастацтва, ад наватарства дзеля наватарства. Задачу злучыць творчы досвед і пошукі мастакоў і скульптараў з патрабаваннямі часу і спрабуе вырашыць таварыства.


Увагу наведвальнікаў выставы прыцягваюць працы Юрыя Белазерскага. У прыватнасці, шмат спрэчак выклікала карціна “Гарызонт далёкі круглы. Яна напісана вольна і шырока, як дакументальнае кіно, пазбаўлена пастановачнасці. Разнастайны па колеры бязмежны зялёны дыван, лёгкая імгла смугі, што ахутвае далеч, аб’ядноўвае ўсе колеры ў адзінай задуменнай маляўнічай гаме. Агульны халодны блакітна-зялёны тон стварае высокую ступень экзістэнцыйнай адкрытасці, такі памежны стан выклікае збянтэжанасць.
Карціна ж Зміцера Васільева “Дахаты перадае сумную долю самотных вясковых жанчын. Выява сялянкі наўмысна задушана, яна нібы ўрасла ў зямлю і насілу рухаецца ўгару за каровай-карміцелькай. Карціна мае гарызантальны фармат, але прастора развіваецца ўвышыню, перадаючы бясконцасць адзіноты і безвыходнасць старасці. Такія ж асацыяцыі выклікае праца Мікалая Лукашука “Дарога ў сельмаг. Думаю, шматлікія гледачы ў гэты момант узгадваюць сваіх старых бацькоў.
З вялікай сімпатыяй успрымаецца “Нацюрморт з кабачком Любові Вячаслававай. Грузны кабачок стварае эфект бомбы, якая не разарвалася, быццам звалілася на стол і перавярнула кошык з гароднінай. Момант ненаўмыснасці, імкненне зрабіць кампазіцыю як бы выпадковай выклікаюць у гледача ўсмешку.

Працы перадзвіжнікаў утульна ўпісаліся ў інтэр’ер музея


Уражанне абуджэння прыроды перадаў Уладзімір Брат карцінай “Гусакі. Растае брудны снег, адталыя воды сцякаюць у сажалку, і чарада тоўстых, ацалелых на Каляды гусакоў цягнецца да вады. Чалавек у гэтай карціне застаўся за кадрам, і ўсё ж яго прысутнасць адчуваецца.
Прыцягвае ўвагу дэкаратыўная шчодрая маляўнічасць і шырыня мазка на карціне Наталлі Вішняковай “Танец. Фарбы літаральна вылітыя на палатно, пры гэтым каляровыя плямы нагрувашчаны зусім не хаатычна. Святло льецца на карціну, пракрадаецца скрозь яе, і чырвоны колер пераліваецца ва ўсім багацці і разнастайнасці адценняў. Мастак стварыў вельмі ясную спіральную кампазіцыю, спакойнае чаргаванне планаў перадае адчуванне сапраўднага танцавальнага вітка, і пачуццям становіцца цесна ў традыцыйных рамках.
Адмысловай увагі заслугоўваюць нешматлікія скульптурныя кампазіцыі. Тэракотавая статуэтка “Фінскі рыбак Уланава Вячаслава прыцягвае сваёй знарочыстай адсутнасцю глазуры. Трохі цяжкавагавая постаць, грубыя, масіўныя, як калоны, ногі, мускулістыя, перабольшана цяжкія шурпатыя рукі перадаюць адчуванне цяжару рыбацкага побыту.
Твор Барыса Дзергачова “Месца пад сонцам — быццам лозунг, своеасаблівы маніфест. Сланечнікі, кветкі сонца, яшчэ да нараджэння маюць сваё месца пад ім, але мае сваё месца і абарванае пудзіла.
Мастакі, прадстаўленыя на выставе, па-свойму адмысловыя і ўнікальныя. Дзівіць багаты жанравы рэпертуар і пашыраны круг тэм і сюжэтаў: нароўні з побытавай карцінай вылучаюцца партрэты і пейзажы, гістарычны жывапіс і батальныя сцэны. Эмоцыі, выкліканыя кожнай працай, бясконцыя. Гэта трэба ўбачыць, адчуць, дакрануцца вокам.
Запрашаем усіх аматараў прыгожага, незалежна ад узросту і мастацкіх пераваг, наведаць выставу, яна — сапраўдны падарунак. Творчасць сучасных перадзвіжнікаў нікога не пакіне абыякавым.
P.S.: Выстава будзе працаваць да 3 красавіка. Кошт квіткоў: для школьнікаў — 3500 рублёў, для дарослых — 5000 рублёў.

Алёна Зялевіч, ст. навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык