Свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса прайшло на яго радзіме ў Рэчыцкім раёне
24 кастрычніка ў Рэчыцкім раёне прайшло традыцыйнае свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса. Літаратары і музыкі з Мінску, Гомелю, Рэчыцы і Светлагорску ўсклалі кветкі да помніка геніяльнаму паэту на могілках у вёсцы Гарошкаў.
Фота www.svaboda.org
Свята паэзіі, якое ўсе гады праходзіла каля роднай хаты Анатоля Сыса, у двары, упершыню адбылося пад дахам — у памяшканні сельскага Дому культуры суседняй вёскі Заспа. На свята прыехалі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Усевалад Сцебурака, Сяргей Сыс, Алесь Наварыч, Андрэй Федарэнка, Ларыса Раманава, Генадзь Лапацін, Аляксандр Памідораў, Наста Кудасава Андрусь Мельнікаў і іншыя творцы.
Літаратары і барды дзяліліся ўспамінамі пра Анатоля Сыса, чыталі яго вершы, спявалі песні.
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч нагадаў, што паэт быў не толькі таленавітым, геніяльным, але вельмі актыўна ўдзельнічаў у беларускім адраджэнні 80-х гадоў, быў адным з
арганізатараў першых "Дзядоў", паэтычных чытанняў ля помніка Янку Купалу, стаяў ля вытокаў стварэння "Тутэйшых".
Барыс Пятровіч звярнуўся да землякоў паэта — жыхароў вёсак Гарошкаў і Заспа. "Вы бачыце нас — мы звычайныя, нармальныя людзі, але ж нешта нас кліча кожны год, нешта нас
вядзе сюды, у Гарошкаў, незалежна ад надвор'я, ці быў тут дождж, ці снег -- і тым не менш мы прыязджалі і праводзілі гэтыя паэтычныя святы. Значыць, нечым ён важны для нас, значыць, нам
хацелася нечым выказаць яму павагу і сваю любоў да яго як асобы і творцы. Вы памятаеце Анатоля розным. Ва ўсіх геніяльных паэтаў быў няпросты лёс. Я хацеў бы, каб вы успрымалі Анатоля ў першую чаргу
як паэта, як творцу, як вялікага паэта, прынамсі, рэчыцкая зямля такіх геніяў яшчэ не нараджала", -- падкрэсліў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Ён выказаў надзею, што свята паэзіі будзе пашырацца з году ў год, з'явіцца з цягам часу тут і помнік, і музей Анатоля Сыса.
Усевалад Сцебурака адзначыў, што сустракаюцца на радзіме паэта аматары яго творчасці не хаваючы яго, а уваскрашаючы яго творчасць. "Таму жалобны тон і тое, што ён сышоў ад нас, можна пакінуць
па-за дужкамі, давайце ўзгадваць лепшае — яго творчасць, тое, што ён пакінуў у нашых душах, тое, што засталося пасля яго на зямлі", — заклікаў паэт.
Яго калега Міхась Скобла выказаўся, што помнік паэту на яго магіле зроблены з трывалага ў параўнанні з чалавечым жыццём матэрыялу — каменю. І калі праз тысячы гадоў на гэтым месцы будзе ці
пустыня, ці Герадотава мора (якое было раней на Палессі) — "і тады знойдуцца людзі, нашыя з вамі нашчадкі, якія адграбуць гэты пясочак, пажнуць ці пакосяць чараты, і Анатоль Сыс
будзе сустракаць усіх нас".
Прафесар Іван Штэйнер, загадчык кафедры беларускай літаратуры ўпэўнены, што міфалагізацыя жыццёвага шляху Сыса як вялікага паэта будзе працягвацца. На думку прафесара, ГДУ працягвае працу па
захаванню памяці аб паэце. Яго творчасць вывучаюць студэнты, пішуцца курсавыя і дыпломныя працы. "Выключная асоба заўсёды абрастае міфамі, і міфатворчасць будзе дапамагаць зразумець яго
творчасць, будзе спрыяць гэтаму разуменню", - лічыць загадчык кафедры беларускай літаратуры.
Андрэй Федарэнка распавёў, што ён яшчэ пры жыцці Анатоля, уражаны яго асобай, напісаў два творы, яму прысвечаныя: раман (дзе паэт — прататып аднаго з галоўных герояў) і верш.
Алесь Наварыч падзяліўся ўспамінамі пра сяброўства з Сысом і абяцаў, што збярэ ўсе гісторыі з ўдзелам паэта і выдаць кнігу.
Алена Германовіч, БелаПАН