Што такое траецкі Куст і нашто яго водзяць (фота, відэа)

Сёння ў Беларусі святкуюць апошні дзень Троіцы, калі захоўваюцца забароны на працу і святочны настрой.

cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_1095_logo.jpg

Некаторыя святы, што сучасным гарадскім чалавекам успрымаюцца як аднадзённыя, традыцыйна праходзілі тры дні: Вялікдзень, Троіца. У той жа час некаторых святаў, што здаюцца агульнабеларускімі, у некаторых мясцовасцях не ведалі да распаўсюджвання тэлебачання: Масленіца, Радуніца. Таму заўсёды цікава даведацца, што святкавалі менавіта ў пэўнай мясцовасці.

Палессе па адной з версій лічыцца прарадзімай славян, абрады і звычаі, што тут захаваліся, — надзвычай старажытныя. Праваслаўная Троіца прайшла 4 чэрвеня, у гэты дзень і ў наступны ў некаторых беларускіх вёсках водзяць Куст (ці “Кусту”, ці “Густу”), у ролі якой выступае ўпрыгожаная зелянінай дзяўчына ці жанчына, ці нават пара маладых людзей.

cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_0932_logo.jpg
cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_1067_logo.jpg



Па розных версіях, персанаж Куст сімвалізуе плоднасць зямлі і людзей, жыццёвую сілу раслін, памерлых продкаў, што, увасабляючыся ў траецкай зеляніне, спрыяюць дабрабыту жывых ды ўрадлівасці.

cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_1222_logo.jpg

Навукоўцы выказвалі думкі, што абыход вёскі з Кустам мог быць не прывязаны да Троіцы, а праводзіцца па меры неабходнасці выклікання дажджу ў сухое надвор’е.




У вёсцы Церабень Пінскага раёна для Куста загадзя нарыхтоўваюць кляновае лісце. Ім жа ўпрыгожваюць хату, плот, браму, падворак. Некаторыя нясуць траецкую зеляніну на могілкі, але гэта не масавая з’ява.



Для Куста плятуць вялікі вянок, апранаюць дзяўчыну з песнямі. Для адной з удзельніц упрыгожваюць зелянінай (апошнім часам і стужкамі) кіёк.

Падчас абыходу вёскі яго проста бяруць з сабой, а пасля пакідалі на 3 дні на покуці, злёгку білі ім жывёлу, каб добра пладзілася. Пасля свята траецкую зеляніну спальвалі.

cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_1089_logo.jpg
cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_1018_logo.jpg
cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_1082_logo.jpg



Ідуць па вуліцах, завітваючы да аднавяскоўцаў на падворкі. Куст кланяецца 3 разы, гурт спявачак абменьваецца з гаспадарамі вітаннямі, выконвае куставую песню. Гаспадыні старэйшага ўзросту часам падпяваюць. Затым спявачкі зычаць гаспадарам шчасця, здароўя і прыбытку ў гаспадарцы, а тыя адорваюць Куста пачастункамі ці грашыма. Некаторыя выносяць на падворак накрыты стол. Пасля частавання, бывае, гаспадары далучаюцца да гурта спявачак.




Абыход вёскі скончыўся канцэртам ля крамы (клуб у Церабні зачынілі і гурт, які вадзіў Куста, рэпетуе па хатах удзельніц). Потым сабраныя пачастункі ўдзельніцы выкарысталі для агульнага застолля ў двары арганізатаркі спеўнага гурта, настаўніцы на пенсіі, Еўдакіі Антонаўны Пташыц.

 

cierabien_2017_06_04_a.liaszkiewicz_img_0968_logo.jpg

Фота і відэа Алены Ляшкевіч