Штучны інтэлект, буржуазія і барацьба за рэальнасць

Стартаваў восьмы сезон Міжнароднага фестывалю velcom Smartfilm, які праходзіць сёлета пад лозунгам «Заснавана на рэальных падзеях». На прэс-канферэнцыі, прысвечанай гэтай нагодзе, спрачаліся пра канфлікт чалавека і машыны, высвятлялі класавыя пазіцыі і пыталіся, а што такое рэальнасць.

Архіўнае фота

Архіўнае фота

15 лістапада ў мінскім кінатэатры velcom адбылася прэсавая канферэнцыя, прысвечаная адкрыццю новага сезона Міжнароднага фестывалю velcom Smartfilm. На гэты фестываль, які пройдзе сёлета ўжо восьмы раз, прымаюцца працы з усяго свету, знятыя на мабільны тэлефон і не даўжэйшыя за 10 мінут. А фестывальныя працы ацэньваюць як гледачы, так і прафесійнае журы.
Удзельнікі журы паспрачаліся, што важней: дасканаласць машыннага інтэлекту ці чалавечая вынаходлівасць, прызналіся ва ўласных класавых пазіцыях і растлумачылі журналістам, ці цэнзуруюцца працы на фестывалі.Піяр-дырэктарка з мінскага офісу кампаніі Huawei Ірына Карзюк распавядала пра апошнія мабільныя тэлефоны са штучным інтэлектам (кампанія прапануе ўдзельнікам фэсту асобны прыз). Але дыфірамбы штучнаму інтэлекту выклікалі насцярожанасць крытыкаў.
Рэдактарка Ганна Яфрэменка заўважыла, што смартфон — гэта толькі прылада, а прыладай кіруе чалавек. Прадзюсер Леанід Каліценя перасцярог творцаў ад кінаграфаманіі, калі чалавек зважае пра тэхніку, але забывае пра думкі. Нарэшце, дырэктар кінафэсту «Лістапад» Ігар Сукманаў падсумаваў, што штучны інтэлект мусіць быць на службе чалавечага інтэлекта. Творцы — гэта і апавядальнікі, і стылісты — і важна, каб у фільме былі эмоцыі і думкі, што кранаюць нас.
Кінажурналіст Тарас Тарналіцкі, які ўвайшоў у прафесійнае журы, а летась быў у журы народным, прызнаўся ў сувязі з такім пераходам: «Я ўжо цяпер болей буржуа». Ігар Сукманаў з ім не згадзіўся: маўляў, гэта народны конкурс буржуазны, а ў нас — конкурс хутчэй арыстакратычны.
Пытанне з залі, а як быць з цэнзурай Міністэрства культуры, вярнула буржуазію і арыстакратыю на беларускую зямлю.
Прадстаўніца кампаніі velcom Алена Бычкова растлумачыла, што на конкурс прымаюцца фільмы, якія проста адпавядаюць правілам, вядомым і выстаўленым у інтэрнэце. А Леанід Каліценя дадаў, што летась у конкурсе былі вострыя стужкі без усялякай цэнзуры.
Далей пачалася дыскусія на тэму: што разумець пад «рэальнымі падзеямі». Гэта тое, што адбываецца толькі тут і цяпер? А калі падзея засталася ў памяці, то ейная інсцэнізацыя — таксама «заснаваная на рэальнасці»? А асабістыя гісторыі? Меладрамы? Гэта таксама рэальнасць?
Але, як высветлілася, мыльныя оперы і меладрамы фестывалю мабільнага кіно не пагражаюць: ягоныя ўдзельнікі звычайна аддаюць перавагу драмам і нават фільмам жахаў.
«Важна, каб ніводная жывёла падчас здымак не пацярпела», — удакладніў Ігар Сукманаў.  Колішняя французская новая хваля, кажа Сукманаў, таксама была пра рэальнасць. Людзі выходзілі на вуліцы здымаць кіно пра тое, што ёсць: як выглядаюць людзі, што яны гавораць, пра што яны думаюць. Свет разнастайны і аграмадны — рэальных падзей, як і жанраў, што асэнсоўваюць гэтыя падзеі — шмат. Важна толькі, каб праз кінатворы мы болей даведваліся пра само жыццё, і ў гэтым — свабода.
Восьмы сезон Міжнароднага фестывалю velcom Smartfilm пачынаецца. Заяўкі на фестываль будуць прымацца з 20 лістапада да 29 снежня. Многія фестывальныя працы для гледачоў будуць даступныя ў сеціве.