Таямніцы былога Трайчанскага манастыра
Слуцкае таварыства беларускай мовы арганізавала яшчэ адну пешую гісторыка-краязнаўчую вандроўку. На гэты раз увага случакоў была сканцэнтравана на гісторыі Трайчанскага манастыра.
Пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі рэшткаў
манастыра Святой Тройцы знаходзіўся 1-ы вайсковы гарадок — гэткую назву зараз
мае ўвесь тутэйшы мікрараён.
Манастырскія пабудовы выкарыстоўваліся пад казармы, але ў 1960-я гады былі канчаткова разбураны.
Экскурсія пачалася з будынка медыцынскага коледжа, у якім да рэвалюцыі ў розныя часы месціліся праваслаўная духоўная семінарыя і духоўнае вучылішча.
У Слуцку рыхтаваліся кадры для духоўных устаноў рэгіёна, але некаторым выпускнікам вучылішча быў наканаваны іншы шлях. Да прыкладу, шырока вядомы ў нацыянальна-свядомых колах беларускага грамадства этнограф і кампазітар Уладзімір Тэраўскі таксама скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча ў 1889 годзе, а пасля Мінскую духоўную семінарыю. У снежні 1917 года на 1–м Усебеларускім З’ездзе хор пад яго кіраўніцтвам выканаў тры беларускія песні: гімн Беларусі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «А хто там ідзе» і «Кроў нашу льюць даўно ўжо каты». Усе тры песні былі прыняты авацыямі. Кар’ера як кіраўніка «хора Тэраўскага» скончылася ў 1930-я гады, калі ён быў абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме. Расстраляны ў 1938-м годзе, але дакладнае месца гібелі невядома. Магчыма, у Курапатах.
Ураджэнец Случчыны, ён па праву лічыцца пачынальнікам сучаснай беларускай прафесійнай музыкі, аўтарам першай беларускай нацыянальнай оперы. Цікава, што на стэндзе ў калідоры Слуцкага медыцынскага коледжа распавядаецца гісторыя жыцця і творчасці Тэраўскага, але не ўпамінаецца пра яго гібель ад рук чэкістаў у 1938-м годзе.
Вось такая своеасабліва выбраная памяць. А хацелася б, каб случчане ведалі, што іх знакаміты зямляк апошнія 8 гадоў жыцця пасля абвінавачвання ў нацыянал-дэмакратызме ледзве выжываў. Яго хор быў ліквідаваны, а яго сям’і да расстрэлу прыйшлося жыць на заробак псаломшчыка пры Петрапаўлаўскім саборы ў Мінску.
Пасля знаёмства з гісторыяй будынка духоўнага вучылішча (медыцынскага коледжа) і яго знакамітымі выпускнікамі ўдзельнікі вандроўкі прайшліся па тэрыторыі былога Трайчанскага манастыра.
Па словах экскурсавода Ігара Ціткоўскага, у свой час манастыр быў найбуйнейшым праваслаўным цэнтрам Рэчы Паспалітай. І яго галоўнай святыняй лічыўся Троіцкі сабор. Як і іншыя манастырскія забудовы, першапачаткова ён быў пабудаваны з дрэва. Дзякуючы клопатам княгіні Анастасіі Слуцкай, у гонар абароны горада ад татараў у 1505 годзе ўзнік мураваны храм. На старой драўлянай званіцы на пачатку ХІХ стагоддзя вісела аж восем званоў.
— Пасля рэвалюцыі і ўсталявання савецкай улады манастыр зачынілі, яго жылы корпус ператварыўся ў казарму, сабор жа дзейнічаў да 1930 года, — распавёў экскурсавод. — Падчас вызвалення Савецкай арміяй горада ад акупантаў на храмавай званіцы знаходзіліся нямецкія назіральнікі-наводчыкі. Савецкія гарматы білі па іх так шчыльна, што пасля вызвалення горада храм застаўся без верха.
Зараз на месцы храма зарослая пустэльня.