Творчы вечар Таццяны Грыневіч-Матафонавай у Слуцку (фота)
Творчая сустрэча з спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай адбылася ў Слуцку па ініцыятыве Слуцкага таварыства беларускай мовы 17 траўня.
Слуцк стаў апошнім горадам у цяперашнім музычным падарожжы артысткі. Да гэтага спявачка ўжо выступіла ў Кобрыне, Брэсце, Баранавічах, Любліне, Варшаве, Слоніме, Падароску і Салігорску.
— Мне падабаецца прыклад мастака Язэпа Драздовіча, як ён вандраваў па Беларусі, каб даведацца пра жыццё народа і наблізіць сваё мастацтва, — распавядае Таццяна. — Аб’ездзіла ў гэтым навучальным годзе ўсе вобласці Беларусі, вялікія і маленькія гарадкі. З мэтай сустрэцца з людзьмі, даведацца ад іх як яны жывуць, данесці да іх вынікі сваёй працы. Адбылося шмат сустрэч у школах, бібліятэках і дамах культуры. Цяперашняя вандроўка атрымалася самай вялікай. Людзі ўспрымаюць чулліва мае песні, у многіх на вачах слёзы.
У Брэсце прыйшла дзяўчына з вялізным букетам бэзу. Яна чула мой выступ раней у Амерыцы. Патлумачыла, што пасля канцэрта ў Амерыцы яна па-іншаму стала ўспрымаць Беларусь і беларускасць і вярнулася на радзіму.
Па словах спявачкі, сустрэчы з беларусамі натхняюць і даюць далейшы імпульс для працы.
Голас Таццяны нібыта зачараваў случчан, і яны ахвотна дзеляцца сваімі ўражаннямі пасля канцэрта.
— Музычная сустрэча з Грыневіч-Матафонавай — гэта лепшае, што ў мяне адбылося ў жыцці ў гэтым годзе, — прызнаецца пенсіянер Анатоль Болазь. — Слухаў бы і слухаў яе без канца. Падабаецца як прыгожая жанчына і асоба — Бог даў ёй талент і не абдзяліў хараством душу і твар.
Некаторыя з случакоў чулі спявачку ўпершыню і самі здзіўляюцца, што раней яе імя было ім невядома. Мікалай Зыкаў — адзін з такіх ўдзельнікаў канцэрта:
— Спевы Таццяны — гэта як спевы салаўя пра наш чароўны край. Яе песні — гэта аддушына для беларусаў, якія любяць родную песню і мову. Дзяуй Богу за тое, што яна ёсць у Беларусі.
Некаторыя параўноўвалі Таццяну Грыневіч-Матафонаву з «срэбраным голасам Расіі» Алегам Пагудзіным, яны ўпэўнены, што беларуская спявачка таксама збірала б вялізныя дзяржаўныя залы, калі б не абазначала так яўна нацыянальную свядомасць.
Фота аўтаркі