Творчасць Казіміра Малевіча на плошчы Якуба Коласа ў Мінску
6 чэрвеня а 18.00 на плошчы Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё творчага праекту «Мастак і горад. Казімір Малевіч». Гэтай падзеі была прысвечаная прэсавая канферэнцыя, што адбылася 30 траўня ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (МСВМ).

Удзельнікі прэсавай канферэнцыі
Што ўяўляе гэты праект, арганізаваны фондам «Ідэя» сумесна з гарадскімі ўладамі і МСВМ пры падтрымцы прадстаўніцтва кампаніі «Фольксваген» у Беларусі?
З 6 чэрвеня па 20 верасня на плошчы Якуба Коласа будуць бясплатна экспанавацца рэпрадукцыі 17 вядомых прац Малевича, што адлюстроўваюць розныя стылі творчасці мастака, у тым ліку «Аўтапартрэт» 1910 года, «Чорны супрэматычны квадрат» 1915 года і «Дзяўчына з грэбнем у валасах» 1932 года. Рэпрадукцыі будуць надрукаваныя на планшэтах памерам 1х1,5 метра з суправаджальным тэкстам па гісторыі карцін на рускай, беларускай і англійскай мовах. Слайды для рэпрадукцый прадставілі Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква) і Дзяржаўны рускі музей (Санкт-Пецярбург).

Плакат выставы
Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядведзеў, праект стаў традыцыйным, паколькі ў мінулым годзе ён быў запачаткаваны, прысвечаны творчасці Марка Шагала і праводзіўся з нагоды 125-годдзя з дня яго нараджэння. Мядведзеў адзначыў, што ў сёлетні праект не ўкладзены бюджэтныя сродкі, і паведаміў, што такога кшталту акцыя «Джазавыя вечары ў ратушы» з удзелам сусветных зорак адкрыецца ў сталіцы 8 чэрвеня.

Фрагмент экспазіцыі
Дырэктар па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці фонду «Ідэя», аўтар праекту Віктар Радзькоў выказаў надзею, што выстава будзе карыстацца вялікай папулярнасцю, паколькі мінулагоднюю экспазіцыю рэпрадукцый твораў Шагала наведалі каля 1 мільёна гледачоў. «Такой колькасцю наведвальнікаў могуць пахваліцца толькі сусветна вядомыя музеі», — сказаў Радзькоў.
Намеснік дырэктара па маркетынгу і развіцці кампаніі «Атлант-М Фарцойгхандэль» Аляксандр Дземідовіч адзначыў, што выстава фінансуецца ў межах Года добрых спраў, арганізаванага «Фольквагэнам» у Беларусі, прысвечана творчасці сусветна вядомага мастака, які мае дачыненне да Беларусі. Трэба адзначыць, што з 1919 па 1922 гады Малевіч жыў і працаваў у Віцебску, дзе кіраваў майстэрняй у Народнай мастацкай вучэльні, якую ўзначальваў Шагал, стварыў сваю школу «УНОВИС» і завяршыў распрацоўку тэрыі супрэматызму.
Дырэктар МСВМ Наталля Шаранговіч паведаміла, што ў межах праекта адбудзецца дзіцячы пленэр ў Верхнім горадзе і выстава сучасных беларускіх мастакоў «Малевіч. Свет формы» ў музеі. У экспазіцыю ўвайшлі творы больш за 60 мастакоў, якія будуць экспанавацца з 30 траўня па 15 чэрвеня.

Анатоль Кузняцоў, «Шлях»

Алесь Слепаў, «Абурэнне»

Алесь Слепаў, «Рыбкі ў слоіку»

Сяргей Ждановіч, «Радуніца»
.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сяргей Ждановіч, «SIGN» (у памяць пра тэракт ў Мінскім метро)