У Магілёве адноўлены ансамбль старадаўняй царквы хочуць «упрыгожыць» цыбулінамі

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры выявіла парушэнні пры аднаўленні ансамбля Пакроўскай царквы ў Магілёве з рэстаўрацыяй і музеефікацыяй званіцы.

Купалы, прывезеныя для мантажу

Купалы, прывезеныя для мантажу

Па атрыманай Таварыствам інфармацыі, пры аднаўленні ансамбля Пакроўскай царквы ў Магілёве з рэстаўрацыяй і музеефікацыяй званіцы ў межах тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Культурны пласт старажытнай тэрыторыі Мікольскай царквы, у міжрэччы правага берага рэк Днепр і Дзебра, у межах вуліц Вялікая Грамадзянская, Малая Грамадзянская, Сурты, урочышча Падміколле (Мікольскі пасад)», працы па кансервацыі і музеефікацыі падмуркаў званіцы, адзінага аўтэнтычнага элементу ансамбля, праводзяцца не ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй, узгодненай з Міністэрствам культуры.

71487463_2659924234018221_5600707456440205312_n.jpg



«...на аб'ект для перспектыўнага мантажу над франтонамі завезены купалы, пакрыццё якіх выканана ў выглядзе лускі, што не адпавядае ўзгодненым праектным рашэнням, паверы купалоў значна перавышаюць запраектаваныя і ўзгодненыя Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а форма купалоў не адпавядае матэрыялам комплексных навуковых вышуканняў», — гаворыцца ў звароце Таварыства, які апублікаваў у сваім Фэйсбуку старшыня арганізацыі Антон Астаповіч
У звароце адзначаецца, што прадстаўнікі Таварыства кансультавалі праекціроўшчыкаў з ААТ «Магілёўграмадзянпраект» і прадастаўлялі ім гістарычныя матэрыялы, аднак прапановы ігнараваліся, нягледзячы на тое, што менавіта спецыялісты грамадскага аб'яднання распрацавалі навуковае абгрунтаванне і архітэктурную канцэпцыю аднаўлення аб'екта.


Такі выгляд мела святыня да зносу
Таварыства просіць, каб Міністэрства культуры і ААТ «Магілёўграмадзянпраект» прыпынілі працы на аб'екце, паколькі яны могуць прывесці да неабгрунтаваных зменаў у помніку архітэктуры і страт аўтэнтычных канструкцый падмуркаў званіцы.

Зварот Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў
Пакроўскую царкву ў Магілёве ўзвялі ў традыцыях магілёўскай школы дойлідства (так званага магілёўскага барока) пры канцы сямнаццатага стагоддзя, а разбурылі за савецкім часам — паміж 1952 і 1956 гадамі. На месцы, дзе стаяла святыня, правялі археалагічныя раскопкі. Падмурку царквы не выявілі, затое адшукалі рэшкі фундаменту званіцы.  
Фота з Фэйсбука Антона Астаповіча