У Мінску адкрыецца выстава аўтарскіх лялек аб габрэйскім духу Беларусі
22 чэрвеня а 17-ай гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі »Persona grata« аўтарскай лялькі Валерыі Гайшун.
Валерыя Гайшун нарадзілася ў Ленінградзе. А потым, праз некаторы час, пераехала разам з сям’ёй на радзіму маці — Бабруйск. Лялечная яўрэйская гісторыя ў жыцці мастачкі пачалася не так даўно.
Майстар вырабляе лялькі з воўны ў тэхніцы сухога валяння. Усе персанажы — яўрэі з мінулых часоў, з СССР, людзі, якіх Валерыя памятае з свайго дзяцінства, калі яшчэ жыла ў Бабруйску. Гэта ім прысвячаецца, і ў тым ліку — яе дзядулі, якога яна любіла, таму ў яе лялек ёсць імёны і свая гісторыя. Праз свае лялькі яна імкнецца перадаць яўрэскія традыцыі і дух народа. Кожная лялька мае свой вобраз і характар. Сярод іх — эпатажная прыгажуня Эстэр Фейгел, адухоўлены эмігрант Фіма, шчаслівыя маладыя Навум і Фіра, задуменны крытык Аркадзь Язэпавіч. Апошняя лялька, дарэчы, муж Валерыі. Усе, хто натхнялі Валерыю, знайшлі свае рысы ў гэтых ваўняных чалавечках.
Валерыя Гайшун пры стварэнні сваіх лялечных сюжэтаў выкарыстоўвае ўнікальныя міні-дэталі, якія часам даводзіцца набываць у антыквараў або заказваць у майстроў.
Лялькі — гэта асаблівы від мастацтва. Яны вяртаюць людзей ў дзяцінства, у той час, калі чалавек яшчэ не сапсаваны соцыўмам і ўмее жыць, не зморшчыўшы лоб.
Выстаўкі Валерыі Гайшун праходзілі ў розных гарадах і краінах. Многія лялькі покінулі аўтара, паехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль, Расію, Францыю і нават Філіпіны, накіраваліся да новых уладальнікаў – сваіх прататыпаў. Так здарылася і з лялькай Фейгі-Іты Шагал, маці Марка Шагала, якую Валерыя Гайшун падаравала музею Марка Шагала ў Віцебску. І менавіта гэта лялька была прызнана арт-аб’ектам 2013 года.
У жыхароў і гасцей горада Мінска зноў з’явіцца магчымасць убачыць унікальныя яўрэйскія лялькі цудоўнага майстра Валерыі Гайшун.
Выстаўка працягнецца да канца ліпеня.
krynica.info