У Мінску адкрылася выстава да 130-годдзя з дня нараджэння жонкі Янкі Купалы
4 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстава «Stankiewičanka», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы і першага дырэктара прысвечанага яму музея ў Мінску, ініцыятара музеефікацыі Вязынкі, Ляўкоў, ушанавання памяці паэта на Беларусі і ў замежжы.
Уладка, цёця Уладзя, Уладзіслава Францаўна, Купаліха вядомая
перш за ўсё як жонка вялікага паэта Беларусі. Менавіта яна стварала ўтульную і
надзвычай гасцінную атмасферу ў Купалавым доме. Два прыжыццёвыя партрэты
Уладзіславы Луцэвіч аўтарства мастака Пётры Сергіевіча стануць мастацкім
акцэнтам выставы.
У юнацтве дачка ляснічага Франца Станкевіча з Вішнева і
францужанкі Эміліі Манэ падпісвалася на візітоўках Уладка Станкевічанка і была
яркай постаццю ў беларускім культурным жыцці першай паловы XX ст., удзельніцай
Віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка. Таленавіты педагог — «дзіцячая садоўніца» — яна арганізоўвала дзіцячыя прытулкі і беларускія школкі
ў Вільні, у эвакуацыі ў Маскве, а ў 1920-я — узорныя дашкольныя ўстановы у
Мінску.
Пасля гібелі Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна была
прызначана адказным сакратаром камісіі па ўвекавечанні памяці паэта. Яна
занялася пошукам рэчаў і дакументаў Янкі Купалы у архівах, бібліятэках і
прыватных калекцыях. «Шмат сіл і энергіі траціла Уладзіслава Луцэвіч, каб
сабраць усё, што ёсць на руках у людзей: кніжкі, пісьмы, фатаграфіі, — адным
словам, усё пра Купалу, для яго музея», — пісала пра Уладзіславу яе лепшая
сяброўка, паэтка Канстанцыя Буйло. Экспазіцыя стварана на падставе калекцый
фотаздымкаў і дакументаў з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Сярод гістарычных дакументаў — асабовыя справы Уладзіславы Луцэвіч і першых
супрацоўнікаў музея: педагога і літаратуразнаўцы Алесі Александровіч і паэта
Валянціна Таўлая, якія зберагаюцца ў архіве Інстытута гісторыі Нацыянальнай
акадэміі навук і экспануюцца ўпершыню.
Руплівая дзейнасць Уладзіславы Луцэвіч па збіранні і
захаванні спадчыны Янкі Купалы, у мемарыялізацыі — унікальны досвед у развіцці
музейнай справы, важны для культуры Беларусі. У год 130-гадовага юбілею музей
зноў звяртаецца да асобы Уладзіславы Францаўны — з удзячнасцю за яе вялікую
працу.
Выстава працуе па 25 студзеня 2022 года.