У Мінску адкрыўся шосты фестываль Artes Liberales (фота)
У сталічнай галерэі сучаснага масцтва «Ў» 8 красавіка прайшла прэзентацыя выставы Сяргея Шабохіна «Эпоха рэвалюцыі». З яе распачаўся шосты адукацыйна-мастацкі фестываль Artes Liberales.
На бліжэйшыя тры тыдні павільён галерэі стане адкрытым універсітэтам вольных мастацтваў і навук, дзе пройдуць звыш сарака падзей. Наведвальнікаў чакаюць публічныя лекцыі даследчыкаў і экспертаў з Беларусі і іншых краін Еўропы, дыскусіі на актуальныя тэмы, майстар-класы, прэзентацыі, перформансы, канцэрты эксперыментальнай музыкі і тэматычныя кінапаказы з абмеркаваннямі.
У 2017 спаўняецца сто год Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая радыкальна змянілал рух гісторыі і карту свету. Аднак арганізатарам хацелася пашырыць поле даследванняў і разгледзець Ідэю Рэвалюцыі ў розных сацыяльных кантэкстах і тэарэтычных дыскурсах. Як прыхільнікі, так і апаненты сацыялістычнага праекта перабудовы свету прызнаюць, што гэтая рэвалюцыя стварыла сапраўды тэктанічны зрух, які паўплываў на лёсы мільёнаў людзей і яшчэ доўга будзе вызначаць логіку палітычных падзей, эканамічных працэсаў і культурных трансфармацый. На выставе зрабілі пераасэнсаванне «савецкага».
У межах праекта куратары жадаюць абмеркаваць, як змянілася само ўяўленне пра «рэвалюцыі», якую ролю ў гэтым граюць актуальныя ці нядаўнія падзеі, новыя тэорыі і практыкі. Як прыходзіць усведамленне таго, што «надышла новая эпоха» і што «сусвет ніколі не будзе ранейшым»? Як адбываюцца і зацвярджаюцца нябачныя рэвалюцыі ў асобных абшарах сацыяльнага жыцця і ў навуковым пазнанні? І якім чынам у сучасных палітычных перформансах, медыйных рэпрэзентацыях, а таксама ў мастаціх практыках актуалізуецца і перафармулюецца ідэя Рэвалюцыі. На гэтыя пытанні вы можаце атрымаць адказ менавіта на мерапрыемствах у межах Artes Liberales.
Ужо ў нядзелю, 9 красавіка, адбудзецца лекцыя Андрэя Чарнякевіча «Беларуская нацыянальная рэвалюцыя: да пытання ўзаемаадносінаў БНР і бальшавікоў», а таксама выступ Ганны Карпенка і Антаніны Сераковай па тэме «Найноўшыя тэхналогіі ў полі сучаснага мастацтва». Поўную праграму ўсяго фестываля глядзіце на сайце.