У пошуках рэнамэ, альбо Яшчэ адзін ліст да Зянона. Частка 1

Напрыканцы ліпеня Славамір Адамовіч выправіўся ў адзіночны роварны трып, які паэт прысвяціў гераічнай абароне нашых Гонару і Годнасці ў Курапатах.

subotniki_2018_187___logo.jpg

Паважаны Зянон Станіслававіч! Памятаючы, што CЛОВА (ВЕРА) БЕЗ СПРАВАЎ МЁРТВАЕ (Евангелле ад Якуба 2:14-26), і ў сувязі з Курапацкай вартай, арганізаванай нашымі грамадзянамі пад варотамі ганебнай забягалаўкі «Поедем поедим», напрыканцы ліпеня правёў я адзіночны роварны трып маршрутам «Смаргонь–Астравец–Малі–Газа–БелАЭС–Сморгаўцы–Жодзішкі–Суботнікі–Юрацішкі», які прысвяціў гераічнай абароне нашых Гонару і Годнасці на Курапацкім Перыметры. 
Вандроўкай дасягнуў дзвюх мэтаў: выпадкова-планава спаткаўся з дачкой на радзіме яе дзядоў па кудзелі ў вёсцы Соргаўцы і наведаў Вашу радзіму — мястэчка Суботнікі. Але ўсё па парадку.

subotniki_2018_024_logo.jpg


Мужычок супраць БЧБ, альбо Як пачынаецца беларускі велатрып

Вандроўка мая пачалася апаўдні 27-га ліпеня з чыгунвакзалу мястэчка Мар'іна Горка. На мне была чорная майка Саюзу беларускіх пісьменнікаў з надпісам «Пішыце, чытайце, думайце!» і літарамі беларускага кірылічнага алфавіту, а на веласіпедным рулі — наш бела-чырвона-белы сцяжок, які і стаў прычынай паказальнага для Беларусі часоў унутранай акупацыі канфлікту паміж грамадзянамі. Калі падышла электрычка, адзін з пасажыраў са словамі: «Куда ты лезеш со своей каракатицей?» паспрабаваў не пусціць мяне ў вагон. Доўга стаяць, перакрыўшы дзверы, ён не мог, я падняў свой велік з грузам, паставіў яго ў зручным месцы, а сам, стрымліваючы гнеў, прайшоў за дзёрзкім мужычком, сеў каля яго твар у твар і напаўголаса прашыпеў, што калі ён з гэтага мястэчка, з Горкі, то я яго запомню, і мы, хутчэй за ўсё, яшчэ перасячэмся... Пасля кароткай вербальнай пікіроўкі я вярнуўся на свабоднае месца бліжэй да ровару і рэшту дарогі да Мінску разважаў над тым, што адбылося.

А варта заўважыць, што гэта была ці не першая такога роду сутычка за ўсе гады майго жыцця ў беларускім кантэксце, калі незнаёмы грамадзянін, негатыўна зрэагаваўшы на колеры сцяжка, паказаў сваю гатоўнасць да агрэсіўных паводзінаў. Не, вядома, у мяне хапала розных сутычак, але гэта былі і ёсць канфлікты з рэпрэзентамі антыбеларускай улады. У другой палове 90-х меў месца запланаваны напад на мяне ў пад’ездзе дому, дзе размяшчалася рэдакцыя Дубаўцовай «НН», але той выпадак быў звязаны, хутчэй, з маёй прафесійнай дзейнасцю як журналіста, бо я тады пісаў выкрывальніцкія артыкулы пра дзейнасць антыбеларускіх груповак, у тым ліку і пра РНЕ. Гэтым разам ішлося пра чыстай вады грамадзянскую сутычку.

Паступова я супакойваўся, і чым слабейшымі рабіліся эмоцыі, тым мацней працавала шэрае рэчыва мозгу. Я своечасова ўспомніў, што ўзяў з сабою ТОЙ САМЫ нож, які праходзіў па крымінальнай справе нумар 182 паводле артыкула 213-га ч.3, які цяпер адменены. Гэты факт ускладняў сітуацыю: лагічна было меркаваць, што мужычок па прыездзе ў сталіцу можа паскардзіцца на мяне і мой сцяжок міліцэйскаму патрулю на вакзале. І тады мне не пазбегнуць затрымання і вобшуку. Так што расслабляцца мне не выпадала, і да самага прыбыцця электрычкі ў сталіцу я сядзеў і перабіраў у галаве сюжэты да апавядання пра жорсткае забойства свайго крыўдзіцеля ў вагоне электрацягніка. А паколькі мужычок быў з гарадка, дзе месцяцца в/ч 3214 спецназу МУС і 5-я асобная брыгада спецпрызначэння, то гэтую акалічнасць варта было мець на ўвазе перш за ўсё, хоць душа і прагнула сатысфакцыі.

subotniki_2018_137__logo.jpg


Тым часам чыгуначны транспарт набліжаўся да сталіцы, пасажыры ў вагоне змяняліся, і дзесьці пасля Рудзенску ў вагон зайшлі малады бацька з сынам-падлеткам і селі недалёка ад мяне. Па некаторым часе падлетак заўважыў на сярэднім пальцы маёй правай рукі пячатку ў форме кельцкага крыжа і, відаць, даў справаздачу бацьку, на што той паглядзеў у мой бок і гучна вылаяўся: «Б…дь, и не боится же».

Аднак на вакзале ў Мінску ніхто больш да мяне і маёй падарожнай атрыбуцыі прэтэнзіяў не выказваў, я спакойна сеў у электрычку, якая ішла да Солаў, і паступова сапраўды стаў супакойвацца, разглядаючы графіці на бетонных платах…

У Смаргоні я выйшаў, сеў на ровар і пакруціў педалі ў наш ліцьвіна-беларускі заходні рэгіён.


Сімвалы мадэрнай Беларусі: германскі дот, беларускія назвы і беларускія могілкі

subotniki_2018_005_logo.jpg



Першым жа гістарычным аб’ектам, які трапіўся на маім шляху ў Астравец, быў прысадзісты дот, верагодна часоў Першай сусветнай, бо вядома, што ў той час якраз праз Смаргонь пралягаў нямецка-расійскі фронт. Праз усю дарогу да Астраўца думалася пра гэтую бетонную спаруду, якая і праз сто гадоў па завяршэнні Вялікай Вайны нясе ў сабе глыбінны сімвалізм супраціву нават цаною немінучай смерці.

Праехаў паварот на Асінаўшчызну, звярнуў увагу на тую проста ганебную акаліч­насць, што перакручаныя падчас польскай акупацыі назвы беларускіх вёсак, мястэчак і гарадоў, як у выпадку з Менскам-Мінскам, так і не былі вернутыя да свайго «прыроднага» стану ў падсавецкі перыяд. І толькі на трэцім дзясятку гадоў фармальна незалежнай Беларусі справа вяртання да свайго пачала рухацца ў патрэбным кірунку: пад Маладзечнам нарэшце перастала існаваць «Татаршчызна» і з’явілася Татаршчына — аўтэнтычная беларуская назва. У Докшыцкім раёне назва чыгуначнай станцыі «Крулевщизна» наблізілася да беларускага гучання і стала «Крулеўшчынай». Спадзяюся па невялікім часе яна нарэшце цалкам вернецца да беларускага варыянту і стане Каралёўшчынай. Тая ж зваротная метамарфоза чакае і назву станцыі «Парафьянов», якую старажылы называюць няйнакш як Пархвенава.

subotniki_2018_008_logo.jpg
subotniki_2018_009_logo.jpg


Дарогай да Астраўца напаткаў такія знаёмыя назвы, як Лубянка і Васюкі. Узняўся настрой, калі рабіў сэлфі на фоне дарожнага знаку «р.Сікунька».

subotniki_2018_015_logo.jpg
subotniki_2018_013_logo.jpg


Заязджаў на невялікія і разам з тым даўнія могілкі, дзе абавязкова знаходзіліся надмагіллі з надпісамі па-нашаму, па-беларуску. Праўда, за ўвесь час вандроўкі так і не сустрэў я адмысловых надпісаў па-ліцьвінску, таму не ведаю, што тут могуць патлумачыць сучасныя «ліцьвіны», якія ўзяліся проціставіць сябе мадэрновай Беларусі.

А на могілках у Солах кінулася ў вочы, што ці не палова новых надмагілляў таксама выкананыя па-польску, як і старыя «запольскіх» часоў. Адпаведна, другая палова — рускамоўныя. Зайшоў у Сольскі касцёл найсвяцейшай панны Марыі Ружанцовай ды пачуў службу па-польску, што адразу ж ускалыхнула ўва мне як у беларусе нядобрыя думкі адносна каталіцкай царквы і патлумачыла сітуацыю з надмагіллямі па-польску.

Як і падчас ранейшых маіх роварных вандровак, і гэтым разам мушу канстатаваць абуральны факт, што на беларускіх аўтамабільных дарогах катастрафічна не хапае дарожных знакаў, і гэта стварае дадатковыя нязручнасці, асабліва для турыстаў. Мала падпісаць паперку пра 30-дзённы бязвізавы рэжым гасцявання ў краіне — варта ствараць, і ўрэшце як найхутчэй стварыць, адпаведную інфраструктуру...

27-га ліпеня каля 9-й вечара я быў у Астраўцы. Зазірнуў у мясцовую гасцініцу, нібы ў Савецкі Саюз першай паловы 80-х, калі я па выходных толькі-толькі пачаў знаёміцца са сталіцай БССР, бо ў будні ўкалваў на станказаводзе. Гасцініца сустрэла амбразурай-вакенцам, за якім сядзела класічная савецкая адміністратарка і даводзіла да адзінокага наведніка, што свабодных нумароў няма. Я паглядзеў цэннік у вывешаным прэйскуранце (самы танны нумар — 18 руб.) і выйшаў на вуліцу.

Першы ж мінак, якога спыніў, каб нешта спытацца, растлумачыў, што ён «приезжий», і нічога тут не ведае, акрамя работы на АЭС і гасцініцы, якая заселеная такімі, як ён. Змяркалася, і мне прыйшлося аператыўна адшукаць гарадское вадасховішча, пад камарыны піск паставіць палатку на беразе і перакусіць. Сярод ночы пайшоў і да раніцы цурболіў дождж. У нагах крыху падмачыла, але я заставаўся на пазітыве. А 8-й раніцы наступнага дня я ўжо быў «на сядле». Адразу за горадам убачыў новыя астравецкія могілкі і таксама не мог абмінуць.

subotniki_2018_139_logo.jpg

Да гонару мясцовых камунальнікаў, клады арганізаваныя зручна, бо падзеленыя на шэрагі, паміж якімі можна хадзіць, не наступаючы на магілы, і лёгка шукаць патрэбнае пахаванне. Пры беглым аглядзе знайшоў штук пяць «сваіх», з надпісамі па-нашаму. Такія магілы ўспрымаю як месцы супакою без перабольшвання блізкіх мне людзей і адчуваю ўдзячнасць нашчадкам і сваякам памерлых. Практычна на кожнай магіле можна сустрэць надпіс, у якім знойдзецца хаця б адна літара, якая будзе сведчыць, што тут пахавана менавіта беларуская душа. Напрыклад, чытаем: «Веробей Гелена Юстиновна» і разумеем, што натуральнае прозвішча спачылай — няважна, дзявочае ці па мужы — было «ВерАбей».

subotniki_2018_129_logo.jpg

Альбо вось яшчэ, ужо з іншых могілак, дзве душы пад адным надмагіллем: «Лукашевич ЯадИя» 1912 года нараджэння і «Лукашэвич Ганна» 1910-га. Відаць, сёстры Ядзя і Ганна. Знаходзім яшчэ, здаецца, гэта помнікі ўжо з іншых могілак, у вёсцы Дайлідкі. Тут цалкам беларускамоўнае надмагілле па Алітойці Рыгору з пранікнёнымі словамі: «Ці раней, ці пазьней нас абдыме зямля, адпускаючы душы да неба».

Працяг ТУТ