У Празе прэзентавалі мемуары Ларысы Геніюш па-чэшску
Выданне стала вынікам працы беларуска-чэшскай каманды і сімвалічным вяртаннем Геніюшаў у любімы горад. Сустрэча сабрала таксама нашчадкаў беларускай эміграцыі, піша «Радыё Свабода».
Ідэя перакладу ўзнікла ў 2018 годзе, калі беларусы Чэхіі прыпаміналі 70 гадоў ад выдачы Геніюшаў у СССР. Пры тым што амаль палова мемуараў «Споведзь» прысвечаныя чэхаславацкаму перыяду жыцця, прачытаць пра гэта па-чэшску было немагчыма.
За працу ўзялася чэшская перакладчыца Святлана Вранава, для якой выданне стала ўжо пятай кнігай, перакладзенай з беларускай. Перакладчыца прызналася на сустрэчы, што аўтарка адкрыла для сябе малавядомыя старонкі гісторыі ўласнай дзяржавы або дала магчымасць паглядзець на яе вачыма «чужынкі». Як кажа Вранава, спачатку сэрца поўнілася гонарам за родных чэхаў (як прымалі тут «славянскіх мігрантаў»), а потым сорамам (як ад іх пазбаўляліся).
Доктарка гісторыі, выкладчыца Карлавага ўніверсітэту Даніэла Коленаўска, якая была навуковай кансультанткай кнігі, удакладняе, што ў 1945 годзе разам з савецкай арміяй сюды прыйшоў СМЕРШ з гатовымі спісамі тых, каго трэба «вярнуць на радзіму». Хаця Ларыса і Ян Геніюшы ніколі не былі савецкімі грамадзянамі, савецкія ўлады патрабавалі і іх выдачы. Пры спробе арышту паэткі ў 1945 годзе яе «адбілі» ад чырвонаармейцаў мясцовыя жыхары. У 1948-м, калі да ўлады ў Чэхаславаччыне прыйшлі камуністы, савецкі загад быў выкананы. Паводле Коленаўскай, у ГУЛАГ былі адпраўленыя сотні эмігрантаў (многія з іх ужо былі чэхаславацкімі грамадзянамі), а вярнуцца назад удалося адзінкам.
Беларускі інжынер Сяргей Кнырэвіч пры пераездзе з Мінску ў чэшскі Оламаўц захапіў з сабой і першае выданне «Споведзі». Ён кажа, што менавіта гэтая кніга, дзе згаданыя дзясяткі імёнаў выбітных, але забытых беларусаў, падштурхнула яго да пошукаў. Шукаў у архівах, абыходзіў могілкі па ўсёй Чэхіі, знаходзіў кантакты чэшскіх нашчадкаў. Дзякуючы працы інжынера Кнырэвіча можна было ўдакладніць многія звесткі паказніка імёнаў чэшскага выдання. А на прэзентацыю прыйшлі праўнучкі консула БНР Міколы Вяршыніна і адначасова ўнучкі інжынера Аляксандра Калошы.
Рамана Сітава і Міхаэла Свобадава, праўнучкі Міколы Вяршыніна і ўнучкі Аляксандра Калошы разглядаюць дыплом Украінскага ўніверсітэту.
З Градцэ Кралава прыехаў на пражскую сустрэчу 91-гадовы чэх Здэнек Неханіцкі, каб з удзячнасцю расказаць пра свайго «другога бацьку» беларуса Аляксандра Жыховіча. (Інжынер Жыховіч ажаніўся з яго маці пасля таго, як чэшскі бацька пакінуў сям’ю).
Здэнек Неханіцкі расказвае пра свайго другога беларускага бацьку.
Энергічны, на свой век маладжавы чэх, былы вайсковы лётчык, прывёз з сабой дакументы з сямейнага архіву, у тым ліку дыплом Аляксандра Жыховіча. Дакумент сведчыць пра ўнікальную з' яву ў Чэхаславаччыне — Украінскі ўніверсітэт, выпускнікі якога дасягнулі добрых пазіцый у эканоміцы і прамысловасці Чэхаславаччыны. Вучыліся тут і многія беларусы.
Дыплом Украінскага ўніверсітэту Аляксандра Жыховіча. Фота Сяргея Кнырэвіча.
Так, выпускнік Аляксандр Жыховіч працаваў дырэктарам заводаў у гарадах Голіцэ і Острава, пазней дырэктарам архіва.
Васіль Русак (стаіць) і Аляксандр Жыховіч (сядзіць). Фота прыблізна 1935-1940гг.
Сведкам на вяселлі Жыховіча быў ягоны сябра Васіль Русак, колішні ўдзельнік Слуцкага паўстання. Русак, вывезены з Чэхаславаччыны ў 1945-м, з ГУЛАГу не вярнуўся.
Прэзентацыя мемуараў Ларысы Геніюш у Празе. Перакладчыца Святлана Вранава, рэдактарка Алена Ціхановіч, выдавец Іржы Браўнэр і інжынер Сяргей Кнырэвіч.
Чэшскае выданне атрымала назву «Пані дактарова 0-287, або з Чэхаславаччыны ў ГУЛАГ» (Paní doktorová 0-287, aneb z Československa do gulagu). Выйшла яно ў спецыяльнай серыі Картузіянскага выдавецтва з Брна. Выдавец Іржы Браўнэр гаварыў і пра сімвалічную сямёрку: для яго, бацькі сямі дзяцей, кніга Геніюш стала сёмай у гулагаўскай серыі.
Як адзначае рэдактарка і ўкладальніца кнігі Алена Ціхановіч, выданне чэшскага перакладу дало магчымасць сімвалічнага выкуплення гістарычнай несправядлівасці. Як прыклад яна прывяла малы чэшскі гарадок Прахаціце — менавіта яго народны камітэт у 1948 годзе на загад камуністычных уладаў выдаў рашэнне пра выдварэнне Геніюшаў з тэрыторыі Чэхаславаччыны. Гарадская рада, што кіруе цяперашнімі Прахаціцамі, прыняла рашэнне паслаць пэўную суму на ганарар перакладчыцы. І гэта быў не адзіны фундатар выдання ў Чэхіі.
svaboda.org