У Быхаве імкліва разбураецца замак — адзіны ва ўсходняй Беларусі
У Быхаве (Магілёўская вобласць) імкліва разбураецца замак. На кансервацыю не хапае грошай — выдзеленых сродкаў сёлета хапіла на аднаўленне дзвюх вежаў і на ўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
Падчас падрыхтоўкі Быхава да Дня беларускай пісьменнасці, які праходзіў тут у верасні, пра мясцовы замак шмат пісалася і гаварылася. Цяпер усё змоўкла.
Зараз фасад Быхаўскага замка схаваны за банарнай сеткай. Ёй абцягнулі сцены помніка напярэдадні свята пісьменнасці. Дзве вежы на пляцоўцы перад замкам выглядаюць адноўленымі. У левым крыле замка
звалена бярвенне.
Тыльны бок будынка глядзіць на Дняпро. Ля сцен смецце, самі ж яны даўно без рамонту, не тынкаваныя, вокны першага паверху закладзеныя сілікатнымі блокамі.
Стан помніка засмучае не толькі прыезджых, але і саміх быхаўцаў. Некаторыя з тых, з кім удалося пагутарыць, спадзяюцца, што помнік архітэктуры ўсё ж уратуюць, іншыя сумняваюцца.
Быхаўскі краязнаўца Сяргей Антонаў стан помніка архітэктуры ацэньвае як крытычны. Тое, што паспелі тут зрабіць напярэдадні Дня пісьменнасці, ён называе паказухай.
"Рабіць трэба было, вядома ж, не трохдзённую паказуху з яго і не завешваць нетрывалай банарнай сеткай, а закансерваваць да лепшых часоў. Гадоў на дзесяць наперад Быхаву не варта чакаць
ніякіх фінансавых ін'екцый. Лёс замка гаротны", — лічыць Антонаў.
Паводле слоў суразмоўцы, будынак замка пачаў хутка разбурацца пасля пажару ў 2004 годзе. Тады быў пашкоджаны дах. З таго часу помнік архітэктуры, заяўляе Антонаў, без гаспадара.
У райвыканкаме сцвярджаюць, што працы на тэрыторыі замка працягваюцца. Вядзецца аднаўленне дзвюх вежаў і ўжо ўпарадкавалі прылеглую да замка пляцоўку.
"Працы могуць быць завершаныя ў сувязі з тым, што заканчваецца фінансаванне. Але ж у нас ёсць і дадатковыя рэзервы — дабрачынны рахунак, адкуль будзем браць грошы. У нас жа замак
быў толькі пад кансервацыю. Па праграме да 2018 года плануецца завяршыць працы", — зазначае супрацоўніца райвыканкама.
Днямі Быхаў наведвалі апазіцыйныя палітыкі, у тым ліку намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
"Быхаўскі замак я бачыў, калі былі яшчэ цэлымі і сцены, і дах. За няпоўныя дзесяць год ён апынуўся ў заняпадзе. Беларускай грамадскасці, гісторыкам трэба патрабаваць ад рэспубліканскіх і
мясцовых уладаў, каб яны гэты замак аднавілі да таго стану, якім ён быў на момант эксплуатацыі", — заяўляе Кастусёў.
Рэканструкцыя помніка культуры ўключана ў дзяржаўную праграму "Замкі Беларусі" на 2012–2018 гады. Сёлета на аднаўленне дзвюх вежаў, упарадкаванне
прылеглай тэрыторыі і частковую кансервацыю фрагментаў помніка было выдзелена 7 млрд. рублёў.
Старшыня прэзідыума Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што пра паўнавартаснае аднаўленне Быхаўскага замка гаварыць
пакуль рана. На яго думку, на тэрыторыі помніка не праведзены як след навуковыя даследаванні, каб выявіць усе часавыя напластаванні.
Быхаўскі замак узвялі як абарончае збудаванне ў першай палове XVII стагоддзя. Належаў ён гетману Вялікага Княства Літоўскага Яну Хадкевічу, потым Сапегам. Да 2004 года ў мурах замка размяшчаліся
розныя вытворчасці. Быхаўскі замак — адзінае ацалелае замкавае збудаванне ва ўсходняй Беларусі.
Аўдыя Алеся Асіпцова, БелаПАН